Што перашкодзіла аднавіць палац Агінскіх якасна?
Недахоп фінансавых сродкаў не дазволіў дзяржаве правесці якасную рэстаўрацыю палаца Агінскіх у Залессі і аднавіць яе аўтэнтычны выгляд.

Шклопакеты ў аранжэрэі, выкарыстанне сучасных матэрыялаў пры правядзенні ўнутраных прац у палацы, адсутнасць гадзінніка на галоўнай вежы і прыцягненне некваліфікаваных будаўнікоў замест спецыялістаў-рэстаўратараў сведчаць пра эканомію сродкаў пры правядзенні рэстаўрацыі, што па словах краязнаўцы Сяргея Верамейчыка з’яўляецца паказчыкам таго, як беларуская дзяржава ставіцца да захавання ўласнай спадыны:
— Можна было б урэшце спачатку зрабіць макет, паколькі гэта рабілася так, на маю думку, кулуарна, таму вось такія вынікі. Фасад сапсаваны, менавіта для мяне проста парушана прапорцыя, атрымалася, як адзін архітэктар сказаў: “Здаецца, што Агінскі пабудаваў спачатку вялікую цяплярню, а вакол яе пабудаваў палац.
Згодна з рашэннем ЮНЭСКА, 2015 год абвешчаны годам Міхала Клеафанса Агінскага, які жыў у Залессі на працягу 20 гадоў — з 1802 па 1822. 25 верасня бягучага года з дня нараджэння аўтара знакамітага паланеза "Развітанне з радзімай" спаўняецца 250 гадоў, у сувязі з гэтым у "Паўночных Афінах" запланавана правядзенне ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных памяці выбітнага патрыёта, дыпламата і кампазітара.