Я “нарадзіўся” там: Наталля Колегава, бізнес-лэдзі (Вільня, Літва)
Часам на Радзіме для рэалізацыі чагосьці не хапае — і беларусы з’язджаюць. З’язджаюць па лепшае жыццё і самарэалізацыю. З’язджаюць, каб дамагчыся поспеху і прызнання ў свеце. Відавочна, такіх менш. Але ў першую чаргу яны ў іншых краінах фармуюць меркаванне пра нас як нацыю. Менавіта пра такіх беларусаў — сумесны праект часопіса “Большой” і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!“. Ведаем сваіх, шануем сваіх і ганарымся імі!
Пасля хімічнага факультэта БДУ працавала ў Педагагічным інстытуце, затым — у Акадэміі навук у Інстытуце эксперыментальнай батанікі. З 1990 года займаецца бізнесам, у 1991-м зарэгістравала ўласную беларускую кампанію. У 2000 годзе прадала бізнес у Беларусі і пераехала ў Вільню. На дадзены момант Наталля — адна з найбольш паспяховых бізнес-лэдзі, уладальніца і кіраўнік ЗАТ «Наталекс». Сфера дзейнасці — гасцінічны бізнес, архітэктурна-будаўнічы бізнес, дызайн-праекты, інвестыцыйныя праекты. Кампанія працуе ў тым ліку ў Празе, Барселоне, на Тэнерыфе.
Чаму? Наталля жыве ў Вільні, гаворыць па-руску, у яе беларускі пашпарт, бабуля — літоўка, а тата — украінец. Акрамя бізнесу займаецца генеалагічным даследаваннямі, добра ведае гісторыю свайго роду. Лепш за любога экскурсавода праводзіць экскурсію па Вільні. Цікаўная, захопленая і адкрытая.
Звярнуць увагу на фразу: «Дзе тая Беларусь, дзе Літва — так толкам і няясна: каму Альгердас, каму Альгерд, хто літвіны, а хто літоўцы… Я не ўспрымаю ўласніцкіх заяваў кшталту “Крым наш!” Можа, менавіта таму мне добра жывецца тут?..»
— Беларусь. Чаму?
— Я эмігрант па любові. Ніколі не думала, што эмігрую ў Літву і нечым тут займацца. У свой час я нават казала Аляксандру (цяперашняму мужу і сябру), што ніколі не з’еду з Беларусі, дзе сябры, продкі… Але жыццё вырашыла па-іншаму. У выніку праца, сям’я ў мяне тут, а вось блізкія сябры засталіся там. У нас ёсць лецішча-дом, дзе калісьці жылі бацькі. Месца проста выдатнае, з цудоўным відам на захады-ранкі. Гэты кавалачак для нас і ёсць Беларусь. Мой сын Даніла, дарэчы, да гэтага часу грамадзянін Беларусі, як, зрэшты, і я.
— Ён не хоча атрымаць грамадзянства ЕС?
— Ну, цяпер ужо хоча. У яго, у адрозненне ад мяне, застаецца права на беларускае грамадзянства, нават калі ён ад яго адмовіцца. Таму што ён нарадзіўся ў Мінску, а я — не. Тата быў ваенны, таму дзе мы толькі не жылі. У Мінску жыла мая бабуля, у нейкі момант гэта стала падставай вярнуцца.
— Раскажыце пра Вільню.
— Да пераезду лепшага горада, чым Мінск, я не ведала. Мінск майго дзяцінства быў горадам, у якім з табой віталіся, ты ўсміхаўся — і табе ўсміхаліся ў адказ. Тое ж адчуванне ў мяне з’явілася ў Вільні і доўжыцца да гэтага часу. Тут мне не ўяўляецца мажлівым кагосьці падмануць, «кінуць». Вядома, можна паспрабаваць, але потым табе ўсё пра цябе раскажуць. Тут важнае імя, каштоўная рэпутацыя. Тут жывуць будучыняй.
Прыватная ўласнасць тут недатыкальная. І гэта датычыць усяго: жылля, асабістага жыцця… Па запалкі тут не ходзяць не таму, што не жадаюць з табой мець зносіны, а таму што паважаюць тваю асабістую прастору. І таму пасля 7 вечара тут рэдка гучаць тэлефонныя званкі, а калі пасля 8 табе нехта патэлефанаваў, значыць, нешта здарылася.
Вільня вельмі расслабленая і талерантная, вельмі дэмакратычная. «Пластмасавасць» тут, вядома, прысутнічае, але не масава… У адной чарзе з табой стаяць людзі, засядаюць у Сейме; мэр ездзіць па горадзе на ровары; моладзь з задавальненнем заводзіць не пародзістых сабак, а бярэ з вуліц дварнякоў. Дзяцей вучаць самавыяўляцца ў мастацтве і не душаць іх правіламі. Гэта горад для жыцця.
Літоўцы вельмі сябе паважаюць. Усё ад таго, што ў іх да гэтага часу моцная сувязь з зямлёй. У Літве нельга абразіць чалавека, назваўшы яго калгаснікам. Гэта нармальна — займацца сельскай гаспадаркай, жыць і дзяліцца з іншымі плёнам сваёй працы. Адпаведна, не сорамна прадаць, абслужыць, прыняць. Яны будуць стагнаць і галасіць, калі цяжка, але потым зацягнуць паясы — і працягнуць араць, жыць… На заробкі з’язджаюць, але большасць вяртаецца. Грошы дасылаюць, і, здаецца, крызіс, а дамы будуюцца, стрэхамі накрываюцца, людзі жывуць і акультурваюць прастору вакол.
Для многіх паездка ў Беларусь — гэта паездка ў Савецкі Саюз. 20-30-гадовыя тут не ведаюць, што такое «савок». Для іх гэта весела, дзесьці нават модна, цікава. Моладзь у Літве думае іншымі катэгорыямі. Вось кажуць: эміграцыя. А няма ніякай эміграцыі. Як у Саюзе людзі ехалі з ускраін у Маскву, так і тут, але толькі ў рамках Еўрапейскага саюза, маладыя з’язджаюць паглядзець свет, паспрабаваць свае сілы, пажыць па-за домам, стаць самастойнымі. Гэта нармальна. Але Літва для іх — любімы дом, куды вяртаюцца. Пры гэтым яны не адчуваюць сябе чужымі нідзе. Колер скуры, нацыянальнасць няважныя. Ім лёгка ўсюды, а свет — утульны. Імі значна складаней кіраваць, але, з іншага боку, яны вельмі законапаслухмяныя. Калі ёсць правіла, будуць старацца выконваць яго, у іх больш сацыяльнай адказнасці. У беларусаў па-іншаму. Яны не законапаслухмяныя, і калі ёсць магчымасць абысці закон — абыходзяць, шукаюць цікавыя схемы.
— Вы доўга займаліся генеалогіяй. Адкуль такая цікавасць?
— Заўсёды была. Тата ў мяне ўкраінец, ён захапляўся гісторыяй. Бабуліны аповеды пра змену часоў, а яшчэ важней — белыя плямы ва ўсіх гэтых гісторыях. Ну і вольны час: пасля актыўнага жыцця ў Мінску, бізнесу я пасля пераезду раптам рэзка зрабілася толькі жонкай і мамай.
Мая бабуля — партызанка, герой вайны, пра яе ў музеях расказваюць, ёсць кніжка і фільм. Нарадзілася яна ў дваранскай сям’і. Прадзед быў камісарам жандармерыі ў Вільні. У 1917 годзе сям’я пераехала ў царскую стаўку ў Магілёў. Так што ў бабулі адны апавяданні былі з мінулага жыцця, дзе прысутнічалі рамізнікі, чаравічкі, пашытыя на заказ, віленскія брукаванкі… і іншыя апавяданні — партызаны, яўкі, паролі, саветы. Калі немцы занялі Мінск, адным з першых указанняў было здаць усе радыёпрыёмнікі. За непаслушэнства — расстрэл. Бабуля не здала, была ў курсе ўсіх навін. Калі радыё слухалі, яе мама ішла пілаваць дровы. А побач жыў паліцэйскі. Пазней ён сказаў ёй, што ўсё разумеў, але яна была занадта прыгожай жанчынай і да таго ж літоўкай, каб здаць яе паліцыі.
— Як вы трапілі ў Віленскі архіў?
— Я ведала год і горад, дзе нарадзілася мая бабуля, з гэтага пачалося маё знаёмства з архівам. Час быў складаны: працы не было, грошай таксама. Таму замовіць генеалагічнае даследаванне я не магла, вырашыла разбірацца сама. Захапілася, пасябравала з работнікамі архіва, а праз год людзі звярталіся да мяне па параду — думалі, што я там працую. Тады ж прыйшла прапанова ад Уладзіміра Бокуна, які на тэлеканале ЛАД рабіў праграму «Лёс чалавека», зрабіць працу і для яго. Платна. З гэтага пачаўся зусім іншы этап у маім жыцці. Генеалагічныя даследаванні сталі журналісцкімі: мы ездзілі па вёсках, шукалі магілы, размаўлялі з мясцовымі жыхарамі. Тады была хваля, калі беларускія эмігранты з Ізраіля, Амерыкі, Еўропы шчыльна заняліся сваімі каранямі: заказы ішлі патокам.
Я не гісторык, але добрая ўніверсітэцкая адукацыя дапамагла. Даследаванні былі такой якасці, што неўзабаве з Амерыкі патэлефанаваў спадар Тарноўскі з прапановай супрацоўніцтва. А ён — самы вядомы генеалагіст у Амерыцы. Мы пачалі працаваць. Але жыццё вырашыла па-іншаму — з’явілася патрэба ў размяшчэнні людзей, якія прыязджаюць у краіну, і добрым якасным абслугоўванні сем’яў, якіх варыянт гасцініцы не задавальняе. З 2001 года пачалі працаваць з чужымі, а з 2004 — са сваімі кватэрамі. Муж успомніў сваю мастацкую адукацыю і заняўся дызайнам. Мы разумна пабудавалі бізнес, прайшлі праз крызісы, ніводнага крэдыту не завалілі, ніводнай «сітуацыі» не было.
Я не люблю брыльянты. Праўда. У іх штучна завышаная цана. Муж звычайна смяецца і кажа, што ў мяне іншае захапленне — я калекцыяную кватэры. Для мяне гэта больш зразумелая рэч і вельмі цікавы працэс. Цяпер вось ізноў атрымаўся новы праект, хоць ужо давалі сабе слова спыніцца і адпачыць — запусцілі серыю лофтаў у Вільні па цане хостэлаў.
— Вы казалі пра тое, што пераезд вас памяняў. Як?
— Калі я пераехала жыць у Літву, я раптам адчула сябе вельмі шумнай. Гэтакі слон у пасуднай краме. Праўда, у Мінску 90-х гадоў усе былі такія — трохі без галавы. Я да гэтага часу актыўная жанчына, але не як раней. Жыццё ў папярэднім шлюбе не давала мне магчымасці быць мяккай — я гадавала сына самастойна. Добра памятаю, чаму з навукі сышла ў бізнес — трэба было карміць дзіця. Яго бацька быў навукоўцам і чалавекам, які пры першых цяжкасцях сыходзіў жыць да мамы.
Беларускія мазгі прадпрымальныя. Вось і ў мяне былі нейкія схемы, справы… Мой муж Аляксандр неяк аднойчы сказаў: чаму ты спачатку думаеш пра тое, як абысці закон, і толькі потым — ці магчыма і як яго выканаць? Перабудова пачалася паступова — з таго, што я перастала хітрыць, падманваць па дробязях. Бо самае складанае — па дробязях. Мы ўсе баімся выглядаць непрыгожа, баімся пакарання і проста вымовы. У плане бізнесу перасталі плаціць хабар наогул усім, а паліцыянтам асабліва. Калі спыняюць за парушэнне правілаў дарожнага руху, прашу выпісваць штраф і дзякую. На іх здзіўленае пытанне «За што?» тлумачу: «Ну а раптам я б разбілася, з нейкай прычыны ж вы мяне спынілі». У 70-80% выпадкаў гэта заканчваецца простым «будзьце ўважлівейшай».
Літва мяне памяняла, безумоўна: я стала мякчэйшай, спакайнейшай. Для мяне цяпер важна не ўзяць камень і не кінуць у адказ. У Мінску я была такая ваяўніца, бізнес-вумэн. Стан дзіцяці да мяне вярнуўся менавіта тут, у Вільні. Я перастала баяцца быць няёмкай, дзяцініцца, перастала саромецца мяккасці. Пры гэтым я займаюся бізнесам, у мяне ў падначаленні людзі, якімі я кірую.
— Як і з якім пачуццём адказваеце на пытанне «Адкуль вы?»
— Я па-ранейшаму пра літоўцаў кажу «яны». Калі мяне пытаюць, адкуль я, кажу, што з Беларусі. У плане нацыянальнасці — не ведаю. Я размаўляю па-руску, у мяне беларускі пашпарт, бабуля — літоўка, а тата — украінец. Я — сапраўды ВКЛ. І нават калі ў мяне няма габрэйскай крыві, то ў майго сына яна ёсць. Такая свайго кшталту адсутнасць рамак дае адчуванне свабоды. Майму тату ў свой час вельмі падабалася Беларусь за гэта. Там камфортна, лёгка іншым нацыянальнасцям. Гэтая памяркоўнасць беларусаў, з якой мы смяемся. Памяркоўнасць толькі слова не вельмі, ёсць у ім напружанне. А вось еўрапейскі варыянт — талерантнасць — мае на ўвазе расслабленасць, яно больш падыходзіць.
Дзе тая Беларусь, дзе Літва — так толкам і няясна: каму Альгердас, каму Альгерд, хто літвіны, а хто літоўцы… Я не ўспрымаю ўласніцкіх заяваў кшталту “Крым наш!” Можа, менавіта таму мне добра жывецца тут?..
— Літва стала домам?
— З цяперашнім мужам мы сумленна паспрабавалі пажыць у Мінску. Аляксандр вытрымаў зіму. Практычна перастаў выходзіць з дому, а потым сказаў, што не зможа тут жыць. Што ў Літве, нават аказаўшыся без працы, без прафесіі, без усяго, ён зможа сесці за руль машыны і зарабіць грошай. У Мінску — не. Свабоды прадпрымальніцтва няма і ніколі не будзе. Ну і мы прынялі рашэнне, што я бяру дзіця, прадаю бізнес і пераязджаю да яго. З тых, з кім я тады працавала, у бізнесе не засталося нікога: хто сядзіць, хто пераехаў, хто абанкруціўся.
Дом мой — Літва. Але я ўсё роўна кажу «наша Беларусь». Там сябры, продкі на Кальварыйскіх могілках. Таму там дом.
— Ці адчуваеце вы сябе паспяховым чалавекам? І якія, па-вашаму, асноўныя крытэры паспяховасці?
— Так, безумоўна, адчуваю! Свет усходні, куды ўваходзяць Мінск і Масква, больш мераецца фінансавым крытэрам. А тут, у Еўропе, асноўны крытэр — рэалізацыя задуманых ідэй і праектаў, прафесійная запатрабаванасць і, адпаведна, фінансавая кампенсацыя за гэта, хоць яна і другасная. Я з 25 гадоў ні на кога не працую. Для мяне гэта адзіна прымальны спосаб існавання. Я не ўдзельнічаю ні ў якіх гонках, уключаючы гонку за паспяховасць. Але за 14 гадоў майго жыцця тут мы з мужам з нічога стварылі прыбытковы бізнес. Комплексаў, што чагосьці не паспела, не змагла ці не дабегла, у мяне таксама няма. Яшчэ важны крытэр — адносіны з людзьмі вакол, з мужам. У нас яны выдатныя, нягледзячы на тое, што мы і працуем, і жывем разам.
— Вы б маглі вярнуцца? Чаго, па-вашаму, не хапае Беларусі і беларусам, каб жыць добра?
— Важна ведаць, што праз 5, 10, 15 гадоў твая праца прынясе плён. У Беларусі сёння ўсё добра, а вось за будучыню вечная трывога. Няма адчування спакойнага заўтрашняга дня. Таму бізнес арыентаваны на хуткі і лёгкі прыбытак, а не на якасць, развіццё і тым больш на рэпутацыю. Хапай сёння — заўтра можа не быць.
Вельмі б хацелася, каб у людзей была любоў да краіны, але не з надрывам, не з болем. Каб аралі зямлю і стрыглі плот не таму, што зверху прыйшло ўказанне, а таму, што яны тут жывуць і гэта іх. Мы на
лецішчы ў Беларусі па звычцы сартуем смецце, нешта спальваем, нешта выкідваем у спецыяльныя кантэйнеры ў горадзе. Гэта проста — бо на машынах усе ездзяць. І ўсё роўна сметнік у дачным
кааператыве выглядае страшна. Але ж вы тут жывяце! Ды і Мінск чысты не таму, што там не смецяць, а таму што яго пастаянна прыбіраюць. Вось хацелася б, каб любоў была такой — без надрыву, без
болю, але з лёгкім клопатам: калі кожны ў сваім месцы імкнецца рабіць лепш, памятае, што гэта яго, што ён — гаспадар.
Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы ка