Віталь Рымашэўскі. Нямецкі вопыт для рэфармавання беларускіх дзяржгігантаў
Сёння нярэдка можна пачуць развагі пра існаванне цяжкасцяў з плацяжамі ў буйных беларускіх прадпрыемстваў і пра пагрозу масавых звальненняў.
Праблемы, падобныя тым, з якімі сутыкнуліся нашы гіганты, не з'яўляюцца чымсьці выключным, такія сітуацыі здараюцца ў любой эканоміцы. Нават у такой магутнай, як нямецкая.
Калі ў Бохуме ў канцы 2014 года зачыніліся цэхі аднаго буйнога аўтаканцэрна, працы пазбавіліся каля 3300 супрацоўнікаў. Нават для горада з 360 000 жыхароў гэта было вельмі балюча. Да таго ж, калі ўлічыць, што ў гэтым жа горадзе ў 2008 годзе каля 2000 чалавек ужо пазбавіліся працы, калі вытворца мабільных тэлефонаў вырашыў зачыніць сваю фабрыку. Палітыкі спрабавалі тады зрабіць усё, што было ў іх сілах, каб прадухіліць такі сцэнар, аднак безвынікова. Тысячы беспрацоўных — нялёгкая ноша і для нямецкага горада, і далёка не ўсе страціўшыя працу адразу ж змаглі знайсці новае месца.
У той жа час закрыццё вытворчасцяў у Германіі, нягледзячы на мноства негатыўных наступстваў, рэдка прыводзіць да катастроф: з аднаго боку, ёсць моцная сацыяльная дзяржава. З іншага, існуе велізарная маса малых і сярэдніх прадпрыемстваў, рассеяных па ўсёй краіне, якія, уласна, і ўтвараюць хрыбет германскай эканомікі. Іх доля ў агульным ліку ўсіх прадпрыемстваў Германіі 99,95%. Гэта — пастаўшчыкі аўтамабільных дэталяў, вытворцы мэблі і электронікі, рамесныя прадпрыемствы і іншыя вытворчыя альбо абслугоўваючыя фірмы. Менавіта яны, а не такія кампаніі, як "Сіменс", "Фольксваген" або "Даймлер-Бенц", забяспечваюць занятасць двух трэціх наёмных работнікаў Германіі. Перавагі такой структуры, у аснове якой ляжыць сацыяльная рынкавая эканоміка, праяўляюцца ў многіх аспектах.
У першую чаргу малыя і сярэднія прадпрыемствы ў многіх сферах вельмі інавацыйныя, на іх прыпадае вялікая частка вынаходак ў Германіі. Гэта магчыма толькі дзякуючы таму, што на гэтых прадпрыемствах існуе цесная і асабістая сувязь паміж наёмным работнікам і працадаўцам: многія супрацоўнікі атрымліваюць прафесійную падрыхтоўку на малых і сярэдніх прадпрыемствах, маюць у іх долю, удзельнічаюць у прыбытках і кроўна зацікаўлены ў тым, каб іх працадаўца быў паспяховы. Уласная адказнасць, удзел у кіраванні прадпрыемствам і атаясненне сябе з прадпрыемствам — вось тыя прынцыпы, якія ляжаць у аснове германскай эканомікі — перш за ўсё ў аснове сямейных прадпрыемстваў з менш чым 250 супрацоўнікамі, якія ў Нямеччыне называюць "сярэднім класам". Мноства гэтых малых і сярэдніх прадпрыемстваў, якія працуюць па ўсёй краіне, аж да самых аддаленых вёсак, даюць эканоміцы Германіі адну бясспрэчную перавагу: дзякуючы раўнамернаму размеркаванню рабочай сілы ў выпадку банкруцтва асобных прадпрыемстваў не адбываецца аднамомантавага звальнення тысяч людзей.
Банкруцтва і закрыццё вытворчасцяў сапраўды гэтак жа ўласцівыя сусветнай эканоміцы, як і заснаванне новых прадпрыемстваў і адкрыццё новых заводаў. Таму нам у Беларусі варта падумаць не толькі над тым, як справіцца з наступствамі крызісу, але і як стварыць новыя шанцы для нашых грамадзян. Гэты падыход, на мой погляд, цалкам адсутнічае ў сённяшняй дыскусіі аб сітуацыі на буйных беларускіх прадпрыемствах. Няўжо сапраўды нехта яшчэ верыць, што Беларусь, нягледзячы на велізарныя праблемы, і далей зможа будаваць эканоміку, абапіраючыся толькі на буйныя прадпрыемствы?
Рост колькасці малых і сярэдніх прадпрыемстваў, вядома, не з'яўляецца лекамі ад усіх бед. Перш чым МСП і ў Беларусі стануць прыкладна такім жа значным эканамічным фактарам, як у Германіі, трэба прайсці доўгі шлях — назапашаныя на працягу больш за 20 гадоў структурныя праблемы нашай эканомікі не ліквідаваць за адзін дзень. Але калі не пайсці па гэтым шляху сёння, буйныя прадпрыемствы наўрад ці можна будзе рэструктураваць, і з часам яны будуць усё менш крызісаўстойлівыя. Тое, што і ў Беларусі ў прынцыпе "сярэдні клас" можа быць паспяховым, дэманструе, напрыклад, сфера ІТ. На малыя і сярэднія прадпрыемствы прыпадаюць 14% усіх вырабляемых у краіне тавараў і паслуг, і ў той жа час, паводле афіцыйных дадзеных, яны даюць 26% усяго экспарту. Гэта даказвае, што як раз у гэтых малых прадпрыемствах з менш чым 20 супрацоўнікамі засяроджаны вялікі патэнцыял.
Можа быць, стварэнне новых магчымасцяў усё-ткі перспектыўней, чым увядзенне штрафаў для людзей, якія не могуць знайсці працу? Выкарыстанне старых, савецкіх метадаў пошуку грошай — шляхам новых падаткаў і збораў з бізнесу і грамадзян краіны — прыносіць імгненную выгаду, але прыводзіць да нашмат большых страт у будучыні.
Уласна кажучы, перадумовы для дыверсіфікацыі беларускай эканомікі не так ужо і дрэнныя: знаходзячыся ў непасрэднай блізкасці ад ЕС і будучы членам у Еўразійскім эканамічным саюзе, Беларусь магла б праявіць крыху больш палітычнай мужнасці, выкарыстоўваючы сваю функцыю моста ў сваіх уласных інтарэсах. Да таго ж, паводле апошніх дадзеных Сусветнага банка, дзелавы клімат у Беларусі ацэньваецца прыблізна на ўзроўні Італіі або Люксембурга. Нават сучасная падатковая сістэма Беларусі не паўплывала негатыўна на ацэнку СБ. Так якая ж асноўная прычына стрымлівання эканамічных кантактаў? Еўрапейскі саюз і яго дзяржавы-члены ў прынцыпе былі б гатовы аказаць Беларусі значна большую падтрымку ў сферы эканамічнага кансалтынгу і садзейнічання развіццю эканомікі, як толькі беларускія ўлады выканаюць вядомыя мінімальныя палітычныя патрабаванні ЕС. І тут гаворка ідзе не толькі пра вызваленне палітвязняў. Прыцягненне стабільных інвестыцый і сур'ёзнае эканамічнае супрацоўніцтва з сучаснымі дэмакратычнымі краінамі магчыма толькі пры той умове, што ўлады Беларусі перастануць тарпедаваць прававую стабільнасць, неабходную для замежных інвестыцый, палітычна абумоўленымі мерамі ўздзеяння.
Але адной толькі эканамічнай дапамогі звонку недастаткова: важна выкананне сваіх уласных "хатніх заданняў", напрыклад, тэрміновае ўхіленне велізарных прабелаў ў беларускай сістэме адукацыі. Толькі першакласна падрыхтаваны персанал, які здольны на вынаходкі, валодае дзелавымі ведамі і разбіраецца ў пытаннях фінансавання, умее прадаваць прадукцыю на сусветных рынках і ўпэўнена валодае замежнымі мовамі, можа забяспечыць нашу Беларусь працоўнымі месцамі. Калі б для гэтага хапала толькі ведаў рускай, цяпер не прыйшлося б шукаць новыя рынкі ў Кітаі, Індыі, Пакістане ці Паўднёвай Амерыцы. Надзеі на стварэнне новых рынкаў намаганнямі дыпламатаў таксама наўрад ці будуць паспяховымі: вопыт падказвае, што новыя бізнэсы ўзнікаюць у выніку працы саміх прадпрыемстваў. І ў Беларусь яны прыйдуць таксама самі — як толькі ўспрыманне краіны будзе адказваць іх уяўленням, можна будзе скарыстацца вытворчымі перавагамі і будзе забяспечана прававая стабільнасць. Уласна кажучы, дамагчыся ўсяго гэтага магчыма — усё залежыць ад палітычнай волі і новых падыходаў.