Сям'ю айцішнікаў адправілі з Барыспалю ў Мінск без пашпартоў і багажу. Вусна забаранілі ўезд на 5 гадоў

Сям'я айцішнікаў з Мінска трапіла ў лік беларусаў, якіх не пусцілі на тэрыторыю Украіны. Больш за тое, сямейнай пары вусна паведамілі: цяпер ім забаронены ўезд ва Украіну на 5 гадоў, але прычын не патлумачылі. Сваю гісторыю айцішніца распавяла dev.by.

Фота aviateka.su

Фота aviateka.su

— Я працую Senior QA у буйной ІТ-кампаніі, мой муж — Senior Automation QA. Мы нядаўна ажаніліся. Магчыма, гэта стала адным з "падазроных" фактараў, каб не пусціць нас ва Украіну.

Мы ляцелі 12 лютага. Планавалі застацца ва Украіне на працяглы час. У нас былі ўсе неабходныя дакументы для атрымання ВНЖ і легальнай працы. Я збіралася працаваць дыстанцыйна з перспектывай рэлакацыі ва ўкраінскі офіс сваёй кампаніі. Муж планаваў працаваць дыстанцыйна праз ІП.

Па прылёце ў аэрапорт у Барыспаль мы сутыкнуліся з кантролем грамадзян, якія ляцяць Беларусі і Расіі.

Нас выклікалі на гутарку і сталі задаваць пытанні наконт мэты прылёту. Прасілі пацвердзіць спецыяльнасць, наяўнасць працы, фінансавага забеспячэння на час знаходжання. Нават зрабілі фота з наяўнай валютай, якую мы везлі.

Падрабязна распытвалі пра сяброў-айцішнікаў, у якіх мы збіраліся спыніцца на першы час. Яны пераехалі ва Украіну 2 месяцы таму, паспелі ўладкавацца ва ўкраінскую кампанію і аформіць ІП. Сябрам нават патэлефанавалі, каб пацвердзіць іх асобу і факт сяброўства з намі.

У выніку пасля гадзіны чакання прынялі рашэнне: недастаткова дакументаў для пацверджання мэты паездкі.

Сказалі, што на наступны дзень адправяць зваротным рэйсам Кіеў-Стамбул-Мінск за кошт авіяперавозчыка. Пашпарты не вярнулі, сказалі, што аддадуць пры пасадцы на самалёт.

Начавалі мы ў агароджанай частцы залы чакання пад наглядам памежнікаў. З агароджанай зоны выпускалі толькі ў прыбіральню і найбліжэйшы шапік са снэкамі.

13 лютага нас адправілі ў Мінск за кошт авіякампаніі. Усюды нас суправаджаў канвой ці як мінімум супрацоўнік авіякампаніі. Пашпарты так і не вярнулі. Акрамя таго, у вуснай неафіцыйнай гутарцы наш суправаджальнік з боку Turkish Airlines паведаміў, што яму перадалі распараджэнне аб нашай дэпартацыі з Украіны з забаронай на ўезд на 5 гадоў. Хоць пры зносінах з украінскім бокам нічога падобнага нам не паведамлялі. Падставы для забароны ўезду, адпаведна, таксама не агучвалі.

Пашпарты нам вярнулі ўжо ў Мінску пры праходжанні пагранічнай службы. Але дакументы аказаліся цалкам чыстымі — ніякіх пазнак пра адмову ва ўездзе ва Украіну і тым больш штампаў пра забарону ўезду на 5 гадоў.

Пакуль пабудзем у Беларусі. Збіраемся звярнуцца ў пасольства Украіны і даведацца наш рэальны статус у краіне. Таксама неабходна зрабіць новы ПЦР, страхоўку і дачакацца багаж. Нягледзячы на запэўніванні Барыспалю, у Мінск яго не адправілі. А потым разглядаем магчымасць пераехаць у Грузію.