«Скарб, які нельга згубіць». Як кінасцэнарыстка Ганна Тарасава ладзіць беларускія размовы ў Таліне
«Хто ў Таліне — запрашаю на беларускамоўныя гутаркі! Кідаем усе справы і бяжым на сустрэчу кожную пятніцу, 17:30–18:45». Такая абвестка зьявілася ў сацыяльных сетках сёлетняй вясною.
Пад запрашэньнем стаяла імя Ганны Тарасавай. «Св*бода» папрасіла Ганну расказаць пра яе ініцыятыву, спосабы ўвасабленьня, першы досьвед арганізаваных сустрэч. Ну і крыху пра яе знакамітага бацьку, культавага пісьменьніка канца 1980-х — пачатку 2000-х Кастуся Тарасава.
«Без эстонскай мовы ў Эстоніі жыць складана»
— Шчыра кажучы, хацелася б адразу спытацца ў вас, чаму такая вельмі простая форма вашай ініцыятывы? Ня нейкія там супольныя адзначэньні беларускіх каляндарных датаў, не тэматычныя лекцыі ці дыскусіі, нават ня клюб па інтарэсах, а проста сустрэчы?
— Гэта атрымалася, можна сказаць, выпадкова. Мы проста трапілі ў гатовую структуру, якую іншыя ўжо стварылі да нас. Тут у Таліне ёсьць такая рэч, як «кавярні на эстонскай мове». У бібліятэках горада для ўсіх ахвочых некалькі разоў на месяц праходзяць сустрэчы-размовы на эстонскай мове. Дзяржава стараецца дапамагчы расейскамоўным і астатнім іншамоўным неяк інтэгравацца ў эстонскае грамадзтва. Непасрэдна ў Таліне расейскамоўных каля 40 адсоткаў, а мо і болей, я дакладна ня ведаю. І шмат хто зь іх альбо наагул не валодае эстонскай мовай, альбо валодае слаба. А без эстонскай мовы ў Эстонскай Рэспубліцы жыць складана. Паступіць у ВНУ ці атрымаць шмат якую працу бязь веданьня эстонскай мовы немагчыма альбо, прынамсі, вельмі цяжка.
І вось неяк у красавіку я надумала схадзіць на гэткую эстонскамоўную сустрэчу, паглядзець. Але на сайце ўбачыла, што менавіта ў бібліятэцы замежнай літаратуры робяць сустрэчы і на іншых мовах. А паколькі ў мяне нерастрачаная любоў да францускай мовы (калісьці пачынала вучыцца на перакладчыка), я эстонскую адклала і замест яе пайшла на францускую. Схадзіла некалькі разоў, а потым яшчэ і на дзьве ангельскія, проста ад цікаўнасьці. Акрамя францускай і ангельскай там ёсьць сустрэчы на польскай, швэдзкай, гішпанскай, на дыялекце выру паўднёва-ўсходняй часткі Эстоніі і, зь нядаўняга часу, на ўкраінскай. Гэтак пахадзіўшы, паглядзеўшы, я, натуральна, падумала: а што ж наша беларуская мова?.. Мы таксама хочам у гэтую інтэрнацыянальную кампанію.
Напісала ліст загадчыцы, і яна на наступны ж дзень адказала, што ў бібліятэцы будуць вельмі рады прыняць беларусаў у сябе. Вось так проста гэта і адбылося.
Думаю, што са мной ці безь мяне, раней ці пазьней гэткія беларускія сустрэчы мелі ўсе шанцы зьявіцца.
«Робім памылкі, не хапае словаў, але ніхто не зьвяртае на гэта
асаблівай увагі»
— Колькі чалавек адгукнуліся на ваша запрашэньне? Ці пазнаёміліся вы крыху зь імі? Хто гэтыя людзі? Калі прыехалі ў Талін?
— На гэты момант было ўжо сем сустрэч. Некаторыя разы народу было мала, у іншыя — болей. Найбольш зацікаўленых, якія прыходзілі найчасьцей, набралася сем чалавек.
Большасьць людзей зь Беларусі. Выехалі ў розныя часы. Хтосьці яшчэ ў канцы 1990-х, іншыя — год, два назад... Па прафэсіі — айцішнікі, псыхоляг, філёляг...
Былі людзі і не зь Беларусі. Прыходзіла дзяўчына зь Піцера, у якой ёсьць продкі-беларусы, і хлопец з Адэсы, які выехаў ад вайны і таксама мае беларускія карані. І яны абое гаварылі па-беларуску. Не свабодна, праўда, але ўсё ж атрымлівалася даволі нядрэнна. Іх павага і цікавасьць да сваіх беларускіх каранёў была вельмі прыемнай. Для многіх беларусаў гэта было б павучальна.
Аднойчы прыходзіла дзяўчына па імені Дыяна, якая нарадзілася і вырасла ў Таліне. І пры гэтым яна свабодна гаварыла па-беларуску. Навучылі яе бацькі і бабуля з Палесься. Дыяна прыводзіла прыклады палескай гаворкі. Было вельмі цікава. Пасьля гэтай сустрэчы я захацела даведацца болей пра Палесьсе і натрапіла на дакумэнтальныя стужкі Зінаіды Мажэйкі. Усім раю паглядзець. Асабліва мне спадабаліся «Крывыя вечары». Мы паглядзелі фрагмэнт гэтага фільма на наступнай гутарцы.
Што тычыцца людзей, якія прыходзяць і не прыходзяць… Думаю, што некаторыя б і зайшлі «на агеньчык», але саромеюцца свайго слабога размоўнага ўзроўню. Я хацела б такім людзям сказаць, што гэтага рабіць ня варта. Мы там усе такія. Робім памылкі, не стае словаў, але ніхто не зьвяртае на гэта асаблівай увагі. Папраўляем адно аднаго — і паехалі далей.
«Гумар — скарб, які нельга згубіць»
— Ці вызначалі вы загадзя тэмы гутарак? Ці рабілі нейкія хатнія нарыхтоўкі? Ці мо спадзяваліся, што сама сытуацыя ў кожным разе падкажа, як і пра што пойдуць тыя размовы?
— На першай гутарцы мы проста размаўлялі: пазнаёміліся, пагаварылі пра беларускую мову, пра адэскі гумар, ангельцаў і іншае. Было пяць чалавек, якраз былі дзяўчына зь Піцера і хлопец з Адэсы.
Але потым я пачала задаваць сустрэчам тэмы. Быў Чарнобыль, гумар, лісты палітвязьням, віктарына.
Пасьля гутаркі пра беларускі гумар сама сабою зьявілася ідэя сабраць і надрукаваць зборнік нашых анэкдотаў. Усё ж вельмі мала прысутныя ведалі беларускіх жартаў. Гэта скарб, які нельга згубіць.
— А ці можаце ўжо рабіць першыя высновы пра эфэкт вашых сустрэч? Ці будзеце іх працягваць пасьля летніх вакацыяў? Магчыма, нешта можаце пажадаць у гэтай сувязі беларускім суполкам іншых гарадоў і краінаў?
— Працягваць трэба. Для беларусаў было б вельмі добра мець клюб, дзе яны могуць ужывую пазнаёміцца, абмеркаваць навіны і між тым папрактыкаваць мову. І, што важна, практыкавацца, гаварыць, не саромеючыся памылак.
Іншым суполкам, калі зладзяць што-небудзь падобнае, раю на кожнай сустрэчы дадаваць хоць маленькую гульню на словы. Гэта і весела, і карысна. Апошнім разам у нас была віктарына ня толькі на словы, а і аб гісторыі, культуры Беларусі. Я зайздросьціла прысутным, бо хацелася самой гуляць, а ведала адказы на ўсе пытаньні (сама ж гэтую віктарыну і прыдумляла). Наступным разам прапаную кожнаму прынесьці свае пытаньні для гульні. Зробім віктарыну разам.
Я часта зьяжджаю, таму не выключаю, што пазьней гутаркамі
ўжо ня здолею займацца. Але зацікаўленыя людзі, думаю, знойдуцца. Тут, у
Таліне, ёсьць вельмі актыўныя беларусы ў створанай пасьля 2020 году
арганізацыі.
«Беларусы дораць беларускія кнігі эстонскім бібліятэкам»
— Дарэчы, кнігі якіх беларускіх пісьменьнікаў ёсьць у талінскай бібліятэцы замежнай літаратуры, у якой вы робіце свае сустрэчы? Ці ў арыгіналах, ці ў перакладах? І ці цікавяцца імі эстонскія чытачы?
— У бібліятэцы ёсьць прыгожае выданьне «Дзікага паляваньня караля Стаха» Ўладзімера Караткевіча на трох мовах, якое я брала пачытаць год таму. І на той момант ніякай іншай беларускай кнігі ў бібліятэцы для мяне не знайшлі. Але цяпер беларускіх кніг зьявілася шмат. Я сама брала «Мова 404», «Палескія рабінзоны», казкі. Самі беларусы прыносяць кнігі. І мясцовая арганізацыя беларусаў нядаўна падаравала бібліятэцы даволі вялікую колькасьць дзіцячых кніг. На расейскай мове, ведаю, што ёсьць Быкаў. І эстонскія чытачы яго дакладна чытаюць.
«Мая маці адбіла ад міліцыі Сяргея Вітушку»
— Вы сказалі, што выпадкова атрымалася тое, што беларускія гутаркі вы ладзіце ў бібліятэцы, але чамусьці думаецца, што сваю ролю тут неяк містычна адыграў факт вашага радаводу. Усё ж вы дачка аўтара «Памяці пра легенды» і «Пагоні на Грунвальд» Кастуся Тарасава, якімі зачытваліся беларусы канца 1980-х – пачатку 2000-х.
— Мне чамусьці ўспамінаецца крыху іншае. Не літаратура. Памятаю, як бацькі зь сябрамі, зараз ужо не скажу, з кім дакладна, прыйшлі дадому, вельмі ўсхваляваныя. Гэта быў, пэўна, нейкі зь першых у Менску мітынгаў. Можа, і першыя Курапаты. Не магу сказаць упэўнена. Але дакладна, што там быў хапун. І вось яны ўсе, мае дарослыя, дома абмяркоўвалі гэта, дзяліліся ўражаньнямі. І мама расказвала, як яна адбіла ад міліцыі Сяргея Вітушку. А мама, калі была разьюшаная, напэўна, магла ў самога чорта чалавека адбіць. Вось такімі яны былі. Ня толькі пісьменьнікамі, паэтамі, інтэлігентамі, людзьмі фантазіі. Яны ўсе, і бацька ў прыватнасьці, былі дзейнымі, сьмелымі, адданымі сваёй справе, людзьмі з палымянымі сэрцамі.
«Уплыў бацькі на ўсё маё жыцьцё велізарны»
— Таленавітыя дзеці таленавітых бацькоў — няпростая тэма. Звычайна дзеці ня хочуць быць у ценю бацькоў ці карыстацца, як крэдытнай карткай, іхным вядомым прозьвішчам. Ці адчувалі вы ўплыў свайго бацькі? Ці спрычыніўся ён да выбару вашай прафэсіі? Як склаўся ваш асабісты творчы лёс?
— Дзякуй за такое пытаньне! Але ж «творчы лёс», «таленавіты чалавек» — гэта ўсё для мяне занадта гучным здаецца.
Уплыў бацькі на ўсё маё жыцьцё велізарны, бо я яго вельмі любіла і паважала. Мы былі вялікімі сябрамі. Цяжка сказаць, ці паўплывала бацькава пісьменьніцтва на мае заняткі. Можа, і так. Гэта ўсё, безумоўна, таямніцы лёсу.
Мне зь дзяцінства падабалася кіно, асабліва прыцягвала яго «кухня». Яна мне падавалася суцэльным карнавалам, бясконцай італьянскай камэдыяй. Я скончыла кінаінстытут у Маскве, вучылася на сцэнарыста. Адзін мой сцэнар быў беларускай камэдыяй. Яна ўсім там у Маскве падабалася, бо для іх гэта экзотыка. Нейкія там ксяндзы, паны з люлькамі... Але калі даходзіла да справы, то казалі так: «Ведаеце што, давайце гэты кавалак выкінем, гэтага героя таксама лепш з усёй ягонай лініяй прыбраць. Ксяндза на папа памяняйце. І каб ня піў. І наагул лепей усё гэта перанесьці ў сучаснасьць, усю гісторыю. Вось тады будзе добра. І таньней. І пачнём тады шукаць грошы».
Гэта ўсё мне, маладой і ганарыстай, вядома, не падабалася. Сцэнар той беларускі надрукавалі ў часопісе «Киносценарии», і на гэтым я, можна сказаць, супакоілася. Самаўпэўнена вырашыла, што калі змагу, то сама здыму калі-небудзь свае гісторыі. А не, дык не. Перараблю сцэнары ў аповесьці.
Цяпер мы з мужам усё ж надумалі паспрабаваць зьняць кароткамэтражную камэдыйную, зноў жа беларускую гісторыю. Спадзяёмся, розныя нашыя якраз вельмі творчыя і таленавітыя сябры — акторы, мастакі і іншыя – нам дапамогуць. Муж — апэратар і, на маё шчасьце, таксама заўсёды падтрымлівае мяне ва ўсіх ідэях і плянах.