СМІ: у Беларусі можа знаходзіцца злачынец, якога шукае ўвесь свет

Журналісты групы расследванняў Bellingcat прыйшлі да высновы, што проста цяпер у Беларусі, здаецца, хаваецца 40-гадовы аўстрыец Ян Марсалек. Ён — адзін са злачынцаў, якіх найбольш шукаюць у свеце, былы член савета дырэктараў нямецкай кампаніі Wirecard, якая абрынулася пасля буйнога фінансавага скандалу. У Беларусь ён мог прыляцець на прыватным самалёце.

Ян Марсалек

Ян Марсалек

Кампанія Wirecard, якая займалася плацежным працэсінгам, лічылася самым вядомым нямецкім тэхналагічным стартапам. Аднак у 2019 годзе журналісты Financial Times выявілі разыходжанні ў фінансавых паперах сінгапурскага аддзялення Wirecard, у тым ліку дзіўныя здзелкі і падробленыя кантракты.
Пазней журналісты паведамілі пра «бурбалкі» у справаздачнасці аб продажах і прыбытку падраздзяленняў Wirecard ў Дубаі і Ірландыі. Расследаванне нямецкага фінансавага рэгулятара і праўда выявіла гіганцкую дзірку ў балансе кампаніі — не даставала каля двух мільярдаў еўра. Грошы, якія павінны былі захоўвацца на рахунках працэсінгу хаба Wirecard ва Усходняй Азіі, прапалі. Менавіта Ян Марсалек, галоўны аперацыйны дырэктар Wirecard, адказваў за дзейнасць кампаніі ў Азіі
18 чэрвеня 2020 года топ-мэнэджмэнт Wirecard, уключаючы Яна Марсалека, звольнілі. Марсалек апынуўся ў вышуку ў нямецкай федэральнай паліцыі. Ён не стаў чакаць арышту і адразу ж сказаў калегам, што збіраецца на Філіпіны, каб знайсці зніклыя мільярды і даказаць сваю невінаватасць. А потым проста знік. З тых часоў яго шукалі не толькі ўлады Германіі і Аўстрыі з-за яго фінансавых махінацый, але і спецслужбы іншых краін — з-за падазрэнняў у сувязях з расійскай выведкай.
Акрамя таго, стала вядома, што расійскія іміграцыйныя запісы і дадзеныя, якія захоўваюцца ў ФСБ Расіі, сведчаць пра тое, што расійская спэцслужба даўно цікавілася Марсалекам, які выкарыстаў некалькі розных пашпартоў, у тым ліку дыпламатычны пашпарт трэцяй краіны, для наведвання Расіі дзясяткі разоў у апошнія 15 гадоў. Марсалек таксама выхваляўся, што меў поўную формулу яду «Навічок», якім атруцілі Скрыпалей.
Ніхто не разумеў, дзе знаходзіцца аўстрыец. Але пасля ўцёкаў ён працягваў весці размовы з сябрамі і калегамі, у адной з якіх пакінуў падказку. У адказ на пытанне знаёмага, ці знаходзіцца Марсалек ў «палітычна стабільным асяроддзі», той адказаў: «Не хвалюйцеся, ва ўладзе тут адны і тыя ж людзі апошнія 25 гадоў». Журналісты-следчыя палічылі, што гаворка ішла пра Беларусь.
І праўда, пры праверцы базы дадзеных па скрыжаванні межаў, якая ў Расіі і Беларусі агульная, аказалася, што ў ёй ёсць запіс пра Яна Марсалека. Там пазначана, што ён заехаў у Беларусь у ноч на 19 чэрвеня 2020 года на прыватным самалёце. Ні нумар рэйса, ні краіна адпраўлення не названыя. Пры гэтым у базе дадзеных няма інфармацыі, што Марсалек пакідаў Беларусь.
«Мы праверылі некалькі камерцыйных баз дадзеных аэрапортаў прыбыцця і вылету, уключаючы FlighRadar, Flighstats і FlightAware, — піша журналіст Bellingcat. — У адной з баз дадзеных пералічаныя ўсе самалёты — камерцыйныя і прыватныя чартарныя, — якія прыбылі ў аэрапорт Мінска ў чэрвені. 18 чэрвеня 2020 года прызямліўся толькі адзін прыватны самалёт: у 19:10 па мясцовым часе. Гэты самалёт (яго ідэнтыфікацыя заблакаваная па просьбе аператара) прыбыў з Таліна. Праз дзве гадзіны пасля прызямлення ў Мінску самалёт вылецеў у Віцебск. Магчыма, Марсалек знаходзіцца там і на момант публікацыі гэтага артыкула».
kyky.org