Смуткуем разам з вамі

З 10 красавіка Польшча ў жалобе. Па трагічна загінулых у авіяцыйнай катастрофе па дарозе на Катынь. Жалобе не толькі афіцыйна абвешчанай, але і асабістай, сэрцам успрынятай як свая ўласная бяда ці не кожным палякам.  



f52854cc99ae1c1966b0a21d0127975b_logo.jpg

На здымку: Мінск, каля польскай амбасады

Плошча перад Прэзідэнцкім палацам у Варшаве сталася плошчай тысяч знічак і мільёнаў кветак. Сум не на паказ. І слёзы не на публіку. Сцішыўся людскі гоман на вуліцах, не чуваць смеху.
Польшча ў жалобе. Але і ў звычайным працоўным рытме. Ніякіх зрываў, алагічных рашэнняў, нервовай мітусні ва ўсіх сферах палітычнага, эканамічнага і грамадскага жыцця, ва ўсіх галінах і на ўсіх узроўнях улады. Дзяржаўны механізм працуе ў зададзеным рэжыме. Функцыі загінулых узялі на сябе іх намеснікі. Ніякіх палітычных інтрыг і закулісных спроб скарыстацца сітуацыяй. Палітычныя апаненты стаяць побач. Гора і смутак — адны на ўсіх. Перад тварам смерці ўсе роўныя. Перад тварам смерці ў нармальным грамадстве палітыка бярэ паўзу.
Польшча ў жалобе. Здольнасць аб’яднацца, салідарызавацца ў складаныя моманты, у самоце і горы — прыкмета асабістай годнасці кожнага чалавека, аднак і прыкмета сталасці нацыі, адказнасці грамадства. Польшча пасля катастрофы дэманструе, што ў краіне створана і набыла здаровую устойлівасць дэмакратычная палітычная сістэма, сфармавалася палітычная эліта, у наяўнасці адпаведны ўзровень палітычнай культуры насельніцтва.
Польшча ў жалобе. Красавіцкім ранкам у небе над Катынню, здарылася, як сказана ў заяве польскага амбасадара ў Беларусі Хенрыка Літвіна, “адна з найвялікшых трагедый у гісторыі Польшчы. Тыя, хто ляцеў аддаць даніну памяці салдатам у Катыні, самі загінулі ў катынскім лесе.

Варшава, каля прэзідэнцкага палацу


Канешне, трагічная выпадковасць. Канешне, збег самых розных неспрыяльных абставін. Пра канкрэтныя прычыны скажа следства. Зразумела, што і авіякатастрофы, на вялікі жаль, здараюцца. Усё так. Але і не зусім так.
У гістарычным ланцужку падзей — ад Катыні да Катыні — гэта катастрофа выклікае асацыяцыю са стрэлам сталінскага таталітарнага мінулага ў дэмакратычную сучаснасць. Да трагічнага спісу расстраляных польскіх жаўнераў дадалася яшчэ амаль сотня імёнаў. І якіх — прэзідэнта з жонкай, дэпутатаў, генералаў, журналістаў, навукоўцаў…
У адным самалёце прадстаўнікоў польскай эліты сабрала памяць пра тую даўнюю трагедыю. Памяць, што ёсць абавязковай прышчэпкай ад злавесных наступстваў таталітарызму, ад яго атрутнага ўплыву, нават праз дзесяцігоддзі пасля ўласнай смерці, на свядомасць людзей, на паводзіны эліты, на змест усёй жыццядзейнасці краіны. Палякі гэта ведалі, і таму так упарта дамагаліся праўды аб Катыні і ўшаноўвалі памяць аб трагедыі 1940 года.
Палёт да Катынскага мемарыяла высокай дэлегацыі быў безумоўна палітычнай акцыяй, але акцыяй найвышэйшай маральнай пробы. Гібель дэлегацыі сталася трагічным знакам-напамінам злачыннай сутнасці таталітарных рэжымаў. І знакам-папярэджаннем пра небяспеку іх аднаўлення пад любымі колерамі.
Польшча ў жалобе. А разам з Польшчай смуткуе ўвесь цывілізаваны свет. Нечакана моцная і масавая хваля спачування, як на афіцыйным узроўні, так і, асабліва, ад насельніцтва, што пайшла з Расіі, абнадзейвае, што і яе палітычная эліта ўспрыме катынскую трагедыю як знак канчатковага развітання з таталітарным мінулым, адмовы ад імперскіх традыцый.
Жалоба ў знак салідарнасці была абвешчана ў Еўрасаюзе, Украіне, Сербіі, Расіі. Трохдзённую тугу абвясціла Літва. У дзень пахавання жалоба пройдзе ў Славакіі, Чэхіі, Латвіі, Эстоніі. Нават далёкая Бразілія адрэагавала трохдзённай жалобай.
З суседзяў толькі Беларусь не абвясціла жалобу на афіцыйным узроўні. Фільм Вайды “Катынь, што ішоў па канале “Расія, беларускі глядач не ўбачыў, на “РТР-Беларусь яго перакрылі шоу “Танцы з зоркамі.
Рэакцыя абсалютна ірацыянальная, нават з пункту погляду іміджу рэжыму і яго лідэра. Як на знешні свет — што на Захад, што на Усход, — так і ў самой Беларусі. Нават у вачах адданага электарату, у вачах саміх чыноўнікаў, з якіх некаторыя нават адважыліся пра гэта крытычна выказацца. Бо не па-людску, не па-суседску. Бо абуджае падазрэнні, што рэжым сапраўды затрымаўся на “лініі Сталіна.
Але, падаецца, няма сэнсу губляцца ў здагадках наконт матываў і прычынаў такой рэакцыі. Як і заклікаць А. Лукашэнку абвясціць жалобу. Навошта? Жалобу абвясціў народ. Людскі паток да польскай амбасады са знічамі і кветкамі, са словамі спачування сведчыць: Беларусь знаходзіцца сярод цывілізаваных еўрапейскіх дзяржаў, якія салідарныя з Польшчай. Па-за гэтае кола паставіў сябе толькі беларускі рэжым. Але, як вядома, уладары прыходзяць і сыходзяць, а народ, краіна застаюцца.