Стан нявызначанасці ў жыцці: як перажыць цяжкія часы і жыць тут і цяпер

Спрабуем разабрацца з тым, што не дае нам рухацца наперад, а таксама для чаго нам патрэбныя абрысы будучыні.

_belarus_vjasna_pryroda_zyccjo_fota_novy_czas__9__logo.jpg


Большасці людзей цяжка цалкам ўсвядоміць каштоўнасць бягучага моманту. Думкі аб магчымай будучыні, варыянты развіцця падзей, рэфлексія аб мінулым — усё гэта забівае нашу галаву. І калі такая сітуацыя працяглая ў часе, яе называюць станам нявызначанасці.

Стан нявызначанасці ў жыцці — гэта той адрэзак часу, калі вы яшчэ не ўпэўненыя ў тым, наколькі добрым будзе вынік задуманай вамі справы. З аднаго боку, знаходжанне ў такім стане ўмацоўвае характар, надае жыццю сэнс, робіць нашае існаванне цэльным і цікавым. А з іншага можа лёгка разбурыць нас знутры.

Што можна зрабіць зараз, каб пазбавіцца ад шкадаванняў у будучыні?

Перастаць баяцца пачуць "не". Праз гэта мы часцяком адмаўляемся ад многіх сваіх пачынанняў, не выкарыстоўваем многія магчымасці, які дае нам жыццё. Мы трымаем свае ідэі ў сабе, адмаўляемся прасіць аб чым-небудзь іншых, і ўсё гэта па адной толькі прычыне: мы вельмі баімся пачуць адмову.

Зразумець, чаго вы сапраўды хочаце. Адным з галоўных чалавечых шкадаванняў з'яўляецца ўсведамленне, што ўвесь папярэдні час вы займаліся не тым, чым хацелі б, займаліся нечым непатрэбным і абсалютна незапатрабаваным. Таму вызначэнне каштоўнасцяў і пастаноўка мэтаў — гэта вельмі важна.

Адсутнасць мэтаў. Чалавек трапляе на канвеер дзяржавы, у якой скончвае школу і ідзе ва ўніверсітэт. Матыў адзін — трэба. Каму і для чаго — зразумела далёка не зусім. У выніку, не развіўшы ўсвядомленасць, чалавек рызыкуе ўсё жыццё займацца тым, што "трэба" камусьці іншаму, але не яму самому.

Нуль прыкладзеных намаганняў. Можна бясконца адкладаць важныя справы, аргументуючы гэта тым, што “пакуль мы яшчэ маладыя”, маем час на тое, каб гуляць, весяліцца ды атрымліваць асалоду ад жыцця. Аднак калі чалавек авалодае самадысцыплінай і пачне займацца сваёй справай з маладых гадоў, атрымліваць асалоду ад жыцця ён будзе заўсёды, а не толькі пару-тройку гадоў.

Вузкі кругагляд. Адсутнасць мэтаў і жыццёвых ідэй — прычына слабой дасведчанасці аб людзях і свеце. Чым больш інфармацыі вы засвоіце ў маладосці, тым больш ідэй і варыянтаў дзеянняў у вас будзе цягам жыцця. Мозг чалавека з узростам запамінае інфармацыю с кожным годам усё меней і меней, гэта навуковы факт.

Парады ад Браяна Трэйсі

Адзін са спосабаў зрабіць жыццё прасцей — не мучыць сябе грузам мінулага. Браян Трэйсі, вядомы эксперт у галіне поспеху і матывацыі і аўтар такіх вядомых кніг, як “Выйсці з зоны камфорту”, “Няма апраўданняў”, “Сіла ўпэўненасці”, прапануе адну цікавую тэхніку.

Задавайце сабе пытанне: "Як бы я паступіў, калі б ведаў тое, што ведаю зараз?". Гэта не разбуральныя фантазіі аб тым, чаго ўжо не змяніць, гэта ваш памагаты па аналізе памылак і досведу, які дапаможа вам у сучаснасці і будучыні.

Напрыклад, ці захацелі б вы ўладковацца на працу, калі б ведалі пра яе тое, што ведаеце зараз?  

У жыцці важны баланс: «Тое, што вы робіце, павінна быць у гармоніі з тым, што вы адчуваеце; ваша дзейнасць павінна адпавядаць вашым унутраным каштоўнасцям», — вучыць нас Трэйсі.

Адчуваеце трывогу? Маеце праблемы са сном? Можа быць, вы робіце нешта не так? Ці робіце тое, што ідзе насуперак вашай прыродзе?

Тры мадэлі самаразбуральных паводзін

Першая: Прыкідваемся, што ўсё добра, калі гэта не так

Мы маўчым пра свой боль, таму што баімся – стане яшчэ горай. Або таму, што перакананыя: нікому тое нецікава. Але насамрэч людзі часцей за ўсё гатовыя нас выслухаць і падтрымаць. Іншая справа, калі гэта адбываецца бясконца. Ніхто не хоча пастаянна выслухваць чужыя праблемы, бо бо мае свае.

Другая: Баімся прасіць у людзей тое, што нам трэба

Мы часта баімся паказаць сваю слабасць, калі папросім нам дапамагчы. У выніку злуемся, расчароўваемся, жывем на знос. Вучыцеся прасіць з унутранай упэўненасцю, што вам патрэбна гэтая дапамога, фармулюйце запыт ясна і спакойна. І вы здзівіцеся, наколькі лягчэй стане жыць.

Трэцяя: Спрабуем ва ўсім мець рацыю

Што з гэтым рабіць? Усвядоміць, што меркаванні бываюць рознымі і кожны з нас мае права на сваё. Няма ніякага сэнсу з пенай у рота даводзіць сваю візію, калі гэта не прынясе вам нейкага практычнага выніку.

Многія дарослыя людзі трацяць шмат часу на спрэчкі ў інтэрнэце, дзе высвятляюць, напрыклад, нейкія акалічнасці з мінулага. Хто беларусы — балты або славяне? Дзе каранаваўся Міндоўг? Ці быў Наваградак сталіцай ВКЛ? Чаму распалася Рэч Паспалітая? І так далей да бясконцасці.

Задумайцеся, а ці ёсць хаця б нейкая карысць ад такога баўлення часу? Займацца такім — траціць час у пустую. Можа лепей ствараць абрысы будучыні? Каб было прасцей фармуляваць мэты, прапісвайце іх па наступных напрамках — хаця б па пяць у кожным:

  • – Сям'я
  • – Самаразвіццё
  • – Фінансы
  • – Здароўе і знешнасць
  • – Адпачынак

Не лішнім будзе прыгадаць закон Парэта. Выбірайце ўсяго 20% задач – але такіх, якія пры мінімальных выдатках часу і грошай прынясуць вам 80% выніку.