Як лекаваць ротавірусную інфекцыю? Спытайце ў педыятра
Што ж рабіць, калі ў вашага дзіцяці ротавірусная інфекцыя? Пры якіх сімптомах патрэбна тэрміновая дапамога? Ці патрэбныя адмысловыя лекі? Адказвае доктар Мая Церакулава.
Што такое ротавірусы?
Ротавірусы — гэта цэлае сямейства вірусаў. Але, калі вы пазнаёміцеся хоць з адным з іх, ваш імунітэт будзе распазнаваць усе іншыя (так званы перакрыжаваны імунітэт). Ротавірус — вельмі распаўсюджаная інфекцыя. Практычна кожнае дзіця на зямлі перахварэла ёй да двух гадоў. Гэта самая распаўсюджаная прычына дыярэі (паноса) у свеце. Хварэюць аднолькава часта і ў Канадзе, і ў Індыі.
Перадаецца інфекцыя фекальна-аральным шляхам, гэта значыць праз нямытыя рукі. Вельмі доўга можа захоўвацца ў навакольным асяроддзі, звычайныя санітарныя меры не эфектыўныя супраць яе.
Хварэюць у асноўным дзеці. У дарослых ужо ёсць да яе імунітэт, і захварэўшы, яны пераносяць інфекцыю лягчэй. Дарослыя таксама могуць хварэць цяжка, калі імунітэт паніжаны або доза інфекцыі была занадта высокай. Вельмі важна старанна сачыць за гігіенай рук, даглядаць пільна за хворым дзіцём даросламу, каб самому не захварэць моцна. Чым менш вірусных часціц патрапіць у ваш арганізм, тым прасцей імунітэту будзе з імі справіцца.
Асноўныя сімптомы
Пачынаецца захворванне часта з катаральных сімптомаў — насмарк, боль у горле. Праз дзень падымаецца тэмпература, далучаецца дыярэя. Звычайна моцная дыярэя працягваецца тры дні, потым суціхае. Стул пры гэтым вадзяністы і часты.
На жаль, дыярэя — адна з асноўных прычын смяротнасці немаўлятаў у свеце. І справа тут ва ўскладненні — абязводжванні. У маленькіх дзяцей абязводжванне адбываецца вельмі хутка. Прыкметы абязводжвання: сухая скура і слізістыя, плач без слёз. Пры любых прыкметах абязводжвання ў дзяцей да двух гадоў неабходная тэрміновая медыцынская дапамога. Асноўны метад дапамогі ў стацыянарах — папаўненне вадкасці праз кропельніцы.
Але нашаму арганізму ўсё роўна якім спосабам атрымліваць вадкасць. Таму, каб не рызыкаваць жыццём дзіцяці, каб не ляжаць пад кропельніцамі ў стацыянары — дзіця павінна шмат піць. У кожных бацькоў у аптэчцы павінен быць раствор для пераральнай регідратацыі — рэгідрон, нормагідрон. Развядзіце пакецік ў літры вады і паіце дзіця. Нават калі не хоча — па чайнай лыжачцы, угаворамі і абяцаннямі — трэба.
Эфектыўнае лячэнне
Менавіта ад таго, наколькі эфектыўна вы прадухіліце абязводжванне будзе залежаць як доўга і як цяжка будзе хварэць дзіця. Усе астатнія лекавыя сродкі — супрацьвірусныя, сарбенты, ніфураксазід, антыбіётыкі — пры ротавіруснай інфекцыі не патрэбныя, ці нават шкодныя. Ну, хіба цынк ў таблетках можна трошачкі.
Але самае галоўнае і важнае лячэнне — паіць. Вадой і адмысловымі растворамі. Інакш ёсць рызыка трапіць у інфекцыйную бальніцу і нават у рэанімацыю з абязводжваннем. Абязводжванне ў дзяцей запускае каскад працэсаў, у спісе якіх пнеўманія — адно з самых распаўсюджаных ускладненняў.
Ёсць нюанс, характэрны менавіта для ротавіруснай інфекцыі: на яе фоне зніжаецца здольнасць арганізма пераварваць малочны бялок. Калі пры ротавіруснай інфекцыі піць малако — будзе горш. У кісламалочных прадуктах малочны бялок часткова расшчэплены, іх трохі можна. І грудное малако маці таксама можна, калі яно не выклікае пагаршэння стану. Хоць бываюць цяжкія выпадкі, калі ад мацярынскага малака адмаўляюцца на час захворвання. У такім выпадку яго замяняюць спецыяльнай безлактозной сумессю.
У астатнім харчаванне пры ротавіруснай інфекцыі такое ж, як пры любым кішачным расстройстве: абмежаванне гародніны, садавіны, вострых, тлустых, смажаных прадуктаў.
Прафілактыка
Для прафілактыкі ротавіруснай інфекцыі распрацавана вакцына. На жаль, яна не ўваходзіць у каляндар нацыянальных прышчэпак Беларусі, бясплатна яе ў кабінеце ўчастковага педыятра не зробяць. Вакцыну трэба заказваць загадзя. А ўлічваючы, што першую дозу трэба ўводзіць ва ўзросце двух месяцаў, заказваць яе трэба да нараджэння дзіцяці.
Увогуле ротавірусная інфекцыя — рэч непрыемная, патэнцыйна небяспечная і практычна непазбежная. Але калі ў вашай аптэчцы будзе регідратацыйны раствор, а ў вашым характары будзе рашучасць напаіць ім дзіцяці — цалкам пераадольная.