Суд не задаволіў скаргу гамяльчанкі, брат якой загінуў калі чысціў дах да прыезду Лукашэнкі

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля адмовіў у задавальненні скаргі мясцовай жыхаркі Таццяны Раманавай, брат якой загінуў пры аўральных працах да прыезду Аляксандра Лукашэнкі. Жанчына прапусціла месячны тэрмін звароту ў суд.

106_korovnik_1.jpg


Раманава абскардзіла ў судзе заключэнне абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Мінпрацы аб няшчасным выпадку са смяротным зыходам. Справа тычыцца брата заяўніцы Кірылы Раманава.
33-гадовы мужчына працаваў кіроўцам аўтамабіля ваенізаванага газавыратавальнага атрада Гомельскага хімзавода. 18 лістапада 2017 года супрацоўнікаў хімзаводу накіравалі наводзіць парадак на ферму ў вёсцы Бушаўка Буда-Кашалёўскага раёна. Там работнікі у тым ліку мылі дахі. Раманаў устаў на перакрыцце з полікарбаната — пластык трэснуў, і мужчына зваліўся з сяміметровай вышыні.
Чытайце таксама:

Былы выратавальнік МНС разбіўся, калі чысціў дах да прыезду Лукашэнкі


Паводле неафіцыйнай інфармацыі, тэрміновае навядзенне парадку было звязана з чаканым прыездам у раён Аляксандра Лукашэнкі.
Пасля праверак абласное ўпраўленне дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы зрабіла заключэнне, што ў трагедыі вінаватыя не толькі службовыя асобы, але і Кірыл Раманаў, які парушыў інструкцыю па ахове працы. З такой трактоўкай не пагадзілася яго сястра і звярнулася ў суд.
Інтарэсы Раманавай ў судзе прадстаўляў прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка. Ён паведаміў БелаПАН, што заключэнне абласнога ўпраўлення дэпартамента па працы, у якім была паказаная віна Кірыла Раманава, было прынята 16 лютага. Сястра загінулага не пагадзілася з гэтым і абскардзіла заключэнне ў вышэйшай інстанцыі — дэпартаменце інспекцыі працы. Атрымаўшы нездавальняючы адказ, яна звярнулася ў суд.
«Суддзя палічыла, што месячны тэрмін падачы скаргі ў суд вылічаецца з даты прыняцця рашэння абласным упраўленнем, гэта значыць з 16 лютага. Але Таццяна абскардзіла заключэнне ў вышэйшай інстанцыі. Чаму суддзя па сваёй ініцыятыве ўжыла гэтыя тэрміны, калі ніводны з бакоў не заяўляў пра гэта, — пытанне. Як і тое, што суддзя магла адразу адмовіць па прычыне пропуску тэрміну, але яна ўзбудзіла справу, правяла папярэдняе паседжанне, прызначыла іншых зацікаўленых асобаў, а сёння раптам нібы апамяталася», — пракаментаваў сітуацыю Судаленка.
Ён заявіў, што пасля азнаямлення з матывіровачнай часткай судовага рашэння Раманава мае намер падаць скаргу ў абласны суд. Жанчына ўпэўненая, што яе брат невінаваты ў трагедыі, якая здарылася.
«Гэтыя працы на даху фермы — небяспечныя, не адпавядалі службовым абавязкам Кірыла. Чаму яны выконваліся, з якой перыядычнасцю, чаму няма праекту, няма ніякай арганізацыі? Я лічу, што гэта нядбалае стаўленне да працы з боку службовых асобаў», — заявіла яна БелаПАН.
Працы на ферме вяліся ў спешным парадку, адзначыла Раманава. У дзень смерці брата трэба было тэрмінова завяршаць працы «любой цаной, памерці — але скончыць».
У Кірылы Раманава засталіся жонка і двое маленькіх дзяцей, а таксама непрацаздольныя бацькі-пенсіянеры, для якіх сын быў карміцелем і памочнікам.
naviny.by