Тэлефонныя махляры: пазбаўляюць беларусаў грошай — і прапануюць здзейсніць дыверсію

Ашуканцы спачатку пераконвалі даверлівых беларусаў пераводзіць ім грошы, а пазней, каб вярнуць тыя грошы, прапаноўвалі ім падпаліць машыну міліцыянтаў або ваенкамат. Гаротнікаў-падпальшчыкаў затрымалі беларускія сілавікі — небаракам пагражае адказнасць за дыверсіі, аж да найвышэйшай меры пакарання.

_szkola___adukacyja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__11__logo.jpg

У Следчым камітэце заявілі, што тэлефонныя ашуканцы з Украіны перайшлі да «тэрарыстычнай тактыкі» і пераконваюць грамадзян Беларусі здзяйсняць дыверсіі, піша «Люстэрка». У ведамстве расказалі пра некалькі такіх выпадкаў.​

Першы інцыдэнт адбыўся 21 чэрвеня на стаянцы ля будынка гарадскога аддзялення міліцыі ў Гродне. Тут 50-гадовая жыхарка абласнога цэнтра падпаліла службовы аўтамабіль.

Пазней стала вядома, што да ўчынення злачынства жанчыну падштурхнулі ашуканцы. Абвінавачаная расказала, што ілжэсупрацоўнік банка звязаўся з ёй па тэлефоне за паўгода да падпалу і пераканаў узяць удзел у «спецаперацыі» па выкрыцці нядобрасумленных супрацоўнікаў фінансавай установы. Яе пераканалі перавесці на рахунак махляроў больш за 200 тысяч рублёў, для гэтага яна прадала кватэру.

«Гэтага аферыстам аказалася недастаткова, і неўзабаве ёй пачалі паступаць званкі ад нібыта супрацоўнікаў розных праваахоўных органаў, якія патлумачылі жанчыне, што яна стала ахвярай падману, і паабяцалі дапамагчы вярнуць жылплошчу. Ілжэправаахоўнік пераканаў засмучаную жанчыну, што знаходзіцца ў Мінску, і для таго, каб ён прыехаў у Гродна разабрацца ў яе бядзе, неабходна здзейсніць радыкальныя дзеянні — падпаліць службовы аўтамабіль супрацоўнікаў міліцыі. Абавязковая ўмова — фота- і відэасправаздача ўчыненай дыверсіі.

000096_255130_1_podzhog_avtomobil_milicii_logo.jpg

Жанчына паслухмяна выканала ўсе ўказанні суразмоўцы, але паколькі аўтамабіль атрымаў нязначныя пашкоджанні, ён вымусіў яе вярнуцца на месца злачынства і спаліць аўтамабіль дашчэнту. Жанчыну затрымалі, калі яна пайшла на АЗС купляць бензін», — расказалі ў СК.

Падобная сітуацыя адбылася і ў Мінскай вобласці. Гэтым разам ашуканцы патэлефанавалі 42-гадоваму жыхару Вілейкі, які па іх просьбе ўзяў 4 крэдыты ў розных банках і перавёў ім усе грошы.

Пасля гэтага «ўкраінскія дыверсанты» прымусілі мужчыну падпаліць аддзяленне банка, пераканаўшы, што менавіта там знаходзяцца ашуканцы, якія выкралі яго грошы, адзначылі ў СК. Па тэлефоне жыхару Вілейкі далі інструкцыі па вырабе лёгкаўзгаральнай вадкасці і спосабах канспірацыі.

«Для ўчынення цяжкага злачынства фігурант адправіўся ў суседні раённы цэнтр, аднак схема ашуканцаў пайшла не па плане — мужчына адмовіўся выконваць іх указанні. Аферыстам давялося імправізаваць: рознымі пагрозамі яны прымусілі мужчыну падпаліць аўтамабіль, які стаяў побач з банкам, а таксама каменем разбіць яшчэ адзін транспартны сродак, пасля чаго перасталі выходзіць на сувязь», — праінфармавалі ў СК.

Дзеянні фігурантаў следчыя кваліфікавалі па ч.2 арт. 218 («Наўмыснае пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам»), мужчыну дадаткова выставілі абвінавачанне па ч.2 арт. 339 («Злоснае хуліганства»). У дачыненні да іх ужыта мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Па аналагічнай схеме ашуканцы спрабавалі прымусіць 43-гадовую жыхарку Баранавічаў падпаліць будынак ваенкамата. Следчыя высветлілі, што аферыстам удалося завалодаць грашыма жанчыны на агульную суму больш чым у 33 тысячы рублёў. Пад выглядам вяртання выкрадзенага яны ўгаворвалі пацярпелую купіць бензін і пайсці да раённага ваенкамата, але яна адмовілася.

У СК адзначылі, што ўсе званкі ішлі з тэрыторыі Украіны. А многія пацярпелыя адзначалі «ўкраінскі акцэнт суразмоўцы».

«У дзеяннях дыверсантаў украінскіх call-цэнтраў, якія курыруюцца Захадам, прасочваюцца прыкметы асабліва цяжкага злачынства, за якое крымінальным законам Рэспублікі Беларусь прадугледжана найвышэйшая мера пакарання. Усім неабходна разумець, што ўкраінскія зламыснікі, якія кіруюцца сваімі заходнімі куратарамі, імкнуцца такім чынам расхістаць маральныя і палітычныя асновы беларусаў», — падсумавалі ў Следчым камітэце.