«Трэнд такі па выдаленні бел-чырвона-белага колеру там, дзе магчыма гэта зрабіць»
На гербе Гродзенскай епархіі БПЦ змяніўся намёк на сцяг намёкам на мантыю? Пра гэта распавяла тэолаг, сябра «Хрысціянскай візіі» Каардынацыйнай Рады Наталляй Васілевіч.
![80694625cb49c149c1feeca538e502ea_logo_1.jpg 80694625cb49c149c1feeca538e502ea_logo_1.jpg](/img/v1/images/80694625cb49c149c1feeca538e502ea_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Наталляй Васілевіч распавяла Радыё Рацыя, што думае наконт наконт змены колеру бел-чырвона-белай стужкі на фіялетавую ў гербе Гродзенскай епархіі.
— Мы ўсе пабачылі змены ў гербе Гарадзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Як вы ацэньваеце гэтыя змены?
— Па-першае, трэба ведаць, што гэтыя змены з’явіліся на акаўнтах сацыяльных сетак Гарадзенскай епархіі, трохі мадыфікаваны герб. Некаторыя людзі не заўважылі, што насамрэч там бел-чырвона-белая стужка прысутнічае, проста па цэнтры дадаўся фіялетавы колер, а бел-чырвона-белыя стужкі вельмі танюсенькія ідуць па ўскрайках. І гэта такая партызаншчына, то бок з адкрытай бел-чырвона-белай стужкі змянілася на такую партызанскую бел-чырвона-белую стужку, якую не кожны адразу і заўважыць.
— Яна стала проста менш заўважная, так?
— Так. І гэта адпавядае ў прынцыпе такой геральдычнай традыцыі, калі мантыя епіскапа фіялетавая, і на ёй знаходзяцца гэтыя стужкі. Проста дадаўся колер мантыі.
![Фота з асабістага архіва Наталлі Васілевіч Фота з асабістага архіва Наталлі Васілевіч](/img/v1/images/natallja_vasilevicz.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з асабістага архіва Наталлі Васілевіч
— А ці не з’яўляюцца вось гэтыя фіялетавыя стужкі, як у каталіцызме, я ведаю, прынята, такім сімвалам посту, смутку, таксама нейкім такім партызанскім намёкам?
— Не, я не думаю. Тут проста ў адпаведнасці: у Рускай Праваслаўнай Царкве патрыярх мае асноўны зялёны колер мантыі, Экзарх Менскі і беларускі, мітрапаліт мае блакітны колер з бел-чырвона-белай стужкай, а ўжо епархіяльныя архіепіскапы маюць фіялетавую мантыю з бел-чырвона-белай стужкай. Таму гэта проста ўказанне на статус епархіі. Фіялетавы колер як мантыя епіскапа. Калі б яно было проста бел-чырвона-белае без мантыі епіскапа, то, безумоўна, намёк на бел-чырвона-белы сцяг быў больш адкрыты. Цяпер змяніўся намёк на сцяг больш намёкам на мантыю Архіепіскапа Гарадзенскага.
![На гербе Гродзенскай епархіі БПЦ прыбралі бел-чырвона-белую стужку На гербе Гродзенскай епархіі БПЦ прыбралі бел-чырвона-белую стужку](/img/v1/images/6322b0a074d958aa430b338ee046c614.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
— Што ўвогуле гэта азначае? Адкуль мог быць спушчаны загад? Вось як напісаў святар Аляксандр Шрамко, якому ўжо забаронена служыць працяглы час, што „збылося тое, пра што раней проста сумна жартавалі”.
— Трэнд такі ёсць па выдаленні бел-чырвона-белага колеру там, дзе магчыма гэта зрабіць. Таму што з мантыі гэты колер прыбраць немагчыма, але ўжо пры мітрапаліту Паўлу ягоны асабісты герб быў зменены на бела-блакітную стужку. Таксама і мітрапаліт Веніямін.
Вось у мітрапаліта Філарэта была бел-чырвона-белая стужка. І гэта стандарт для архірэя Рускай Праваслаўнай Царквы мець гэтае спалучэнне колераў на сваім асабістым гербе, дзе напісаны літары, напрыклад, М. Ф — мітрапаліт Філарэт, ці П.К — патрыярх Кірыл, ці М.В — мітрапаліт Веніямін. Менавіта на гэтых асабістых гербах ужо пры мітрапаліту Паўлу былі ўнесеныя некаторыя змены. Невядома, чым яны кіраваліся.
Безумоўна, як мы бачым пазіцыю мітрапаліта Веніяміна, ён свядома выказваўся і ў адказе Паўлу Севярынцу на зварот пра бел-чырвона-белы сцяг і магчыма тое, што рэжым зробіць яго экстрэмісцкім, каб мітрапаліт Веніямін абараніў гэты сцяг. І мы бачым яго пазіцыю ў тым, што ён у прынцыпе адмаўляе спалучэнне бел-чырвона-белага колераў у нейкім такім сакральным статусе.