У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фармаванні». Хронікі рэпрэсій 9 красавіка
Гэта праекты «Магілёўцы abroad», «чё ваще происходит», «Палітвязынка», «БюроМедиа» і «Хрысціянская візія». Усе яны былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» па рашэнні КДБ і МУС. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя «Новы Час» сабраў апошнюю інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі.

Паводле ведамстваў, дачыненне да «Магілёўцы abroad» маюць Надзея Салаўёва, Дзмітрый Салаўёў, Уладзімір Лапцэвіч, да «чё ваще происходит» — Юлія Касцючэнка, да «Палітвязынка» — Ганна Крацько, Яўгенія Сцепусь (Доўгая), Анастасія Захарэвіч, да «БюроМедиа» — Аляксандр Ярашэвіч, Вольга Альхіменка, Аляксей Карпека, Ксенія Вязнікоўцава, да «Хрысціянская візія» — Наталля Васілевіч, Наталля Гарковіч, Дзмітрый Карняенка.
Папаўненне ў «спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў»
8 красавіка Міністэрства інфармацыі дадала ў свой так званы «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» яшчэ шэраг пазіцыяў.
Сярод іх канал Vladimir Pogosyan | Official у Telegram, а таксама старонка ў Facebook «Беларускага моладзевага хабу», які працуе ў Варшаве.
За апошнія 5 месяцаў у базу вышуку Расіі патрапілі больш за 1 200 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі
У спіс беларусы трапляюць на запыт Беларусі — гэта значыць, што іх шукаюць у абедзвюх краінах. Цяпер у ёй больш за 4 700 беларусаў.
За 5 месяцаў у вышуковую базу РФ дадалі сама меней 58 чалавек, асуджаных па палітычных справах. У спіс таксама патрапіў журналіст Аляксандр Буракоў, паэтка і тэлевядучая Валерыя Кустава, экспертка Беларускага Хельсінкскага Камітэта Кацярына Дэйкала.
У спісе ёсць і два намеснікі старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў — Барыс Гарэцкі і Алег Агееў. Акрамя іх у вышуку вядучы праекта «Обычное утро» Канстанцін Місуно (Каверын) і былая вядучая праграмы Людміла Лабінская (Міласлаўская).
У абноўленым спісе ёсць сваякі як былых палітвязняў, так і беларускіх палітыкаў у эміграцыі. У базе ёсць дачка палітзняволенай Алены Гнаук — Аляксандра Семянюк.
Паглядзець базу цалкам можна на старонцы «Медыязоны».
У «спіс тэрарыстаў» дадалі 13 чалавек — сярод іх супрацоўнік дэлегацыі Еўрасаюза ў Беларусі
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы трынаццаці чалавек.
Сярод іх Хіла Мікалай, Маліноўская Карына, Качан Лілія, Шпакоўскі Аляксей, Казінцаў Павел, Дарагакупец Аляксандр, Елькіна Алена, Вевель Кірыл, Сімашковіч Ігар, Губар Вольга, Якімёнак Раман, Шпак Уладзімір, Урублеўскі Андрэй.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1268 чалавек, з іх 574 — беларусы.
У Беларусі прайшоў «хапун» у агенцтвах нерухомасці
Сталася вядома, што ў Беларусі прайшлі ператрусы ў агенцтвах нерухомасці і затрыманні кіраўнікоў некаторых з іх. Пра гэта даведалася выданне «Tochka.by» з трох розных крыніцаў.
Паводле інфармацыі адной з крыніцаў «Tochka.by», знаёмай з сітуацыяй, рэйды адбываліся ў аўторак, 8 красавіка, адначасова ў 10 агенцтвах нерухомасці. Як удакладняецца, былі затрыманні, у тым ліку кіраўнікоў.
Яшчэ адзін з гульцоў рынку, чыя кампанія не трапіла ў поле зроку сілавікоў, у прыватнай размове адзначыў, што яму вядома пра ператрусы як найменей у шасці агенцтвах. З чым яны звязаныя – пакуль можна толькі здагадвацца.
Трэцяя крыніца пацвердзіла вобшукі, дадаўшы, што яны праходзілі не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Пры гэтым крыніца падкрэсліла, што пад увагу сілавых структураў трапілі не буйныя кампаніі, а сярэднія ўдзельнікі рынку.
Журналісты выдання спрабавалі атрымаць інфармацыю ў сілавых ведамстваў. Пакуль ніхто афіцыйна не пацвярджае фактаў ператрусаў, затрыманняў і нічога не каментуе.
Экспертка па нерухомасці Наталля Літоўская са спасылкай на крыніцы распавяла ў сваім тэлеграм-канале пра тое, чаму сілавікі прыйшлі ў агенцтва нерухомасці:
— Вывучылі гадавыя справаздачы па фінансавых паказчыках і заробках у агенцтвах нерухомасці. І прыйшлі да тых, каго падазраюць ва ўхіленні ад падаткаў, атрыманні грошай «міма касы» і выплаце заробкаў у канвертах.
Будзьце ўважлівымі — адбылася рассылка пра фэйкавае апытанне па чатах беларускай дыяспары
У чатах беларусаў замежжа з'явіліся допісы пра тое, што праводзіцца нейкае апытанне, «важнае для даследчай работы». Арганізатары хочуць, каб анкету запоўнілі студэнты. Паведамленні з просьбай прайсці апытанне распаўсюджвае акаўнт, які мае ID 6288192255 і імя карыстальніка linga017.
Апытанне мімікрыруе пад апытанне, якое цяпер праводзіць Аб'яднаны пераходны кабінет, але ў ім зусім іншыя пытанні, піша (https://nashaniva.com/365468) «Наша Ніва».
Унутры апытання збіраюць e-mail, звесткі пра ўзрост, месца жыхарства і род заняткаў. Пры гэтым стваральнікі прыкрываюцца імем Маргарыты Ворыхавай — прадстаўніцы Святланы Ціханоўскай па справах моладзі.
Верагодна, за атакай стаяць спецслужбы Беларусі. Гэты ж акаўнт ужо быў заўважаны ў фэйкавай рассылцы два гады таму. Тады адміністратарам прапанавалі дадаць фэйкавага бота праекта «Стоп Прапаганда» ў свае суполкі. У якасці кантактнага ўказаны фэйкавы бот Кіберпартызанаў.