КДБ зноў «узялося» за работнікаў чыгункі: новыя праверкі і звальненні. Хронікі рэпрэсій 11 красавіка
Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі адбіраюць службовыя і асабістыя мабільныя тэлефоны работнікаў Беларускай чыгункі. Як правіла, гэта тычыцца начальнікаў станцый і іх намеснікаў. Аднаго з начальнікаў станцыі НОД-1 ужо адхілілі ад пасады, а ў перспектыве і зусім звольняць — толькі за тое, што ў 2020 годзе ён пераслаў у мэсэнджары фатаграфію, якая тычыцца падзей таго года, паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

Такія праверкі тэлефонаў работнікаў БЧ супрацоўнікамі КДБ праводзяцца на ўсіх аддзяленнях, але на Мінскім НОД-1 яны набылі найбольшы размах. У гэтых «мерапрыемствах» актыўна прымаюць удзел, а ў некаторых выпадках і кіруюць імі так званыя намеснікі начальнікаў аддзяленняў чыгункі па бяспечным функцыянаванні прадпрыемстваў. Гэтыя пасады былі ўведзеныя фактычна на ўсіх прадпрыемствах, і на іх набіралі выключна выхадцаў з сілавых структур Беларусі — пераважна з КДБ.
Пры праверках тэлефонаў супрацоўнікі КДБ надаюць увагу падпіскам у сацыяльных сетках і асабістым перапіскам. З асаблівай прыхільнасцю правяраюцца мэсэнджары, зарэгістраваныя не на нумары беларускіх аператараў-правайдэраў. Старанна вывучаецца гісторыя пошуку ў Інтэрнэце. Дадаткова правяраюцца званкі з / на замежныя нумары, якія могуць стаць падставай для падазрэння ў супрацоўніцтве з «варожымі» Беларусі замежнымі дзяржавамі.
Калі ў ходзе такой праверкі ўсталёўваецца хоць найменшае дачыненне работніка да падзей 2020 года, супрацоўнікі КДБ ініцыююць правядзенне дадатковых мерапрыемстваў па ўсталяванні яго дачынення да экстрэмісцкай дзейнасці. З гэтай мэтай чыгуначнікаў прымушаюць праходзіць праверку на паліграфе.
Супрацоўнікі КДБ, выявіўшы прыкметы нелаяльнасці ў работнікаў БЧ да дзеючай улады, якія выяўляюцца, у асноўным, у выпадкова не выдаленых фотаздымках або перапісцы больш чым чатырохгадовай даўнасці, паказваюць кіраўнікам на неабходнасць звальнення такіх супрацоўнікаў, якая не падлягае аспрэчванню.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 27 прозвішчаў — цяпер у ім 5142 чалавек
11 красавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзяніна Латвіі Юрыйса Ганінса, лясніка Вітольда Шалкевіча, а таксама былых сілавікоў з Жодзіна Дзмітрыя Удовіна, Андрэя Дарошку, Вячаслава Ільіча, Ігара Кісляка і Віталя Папроцкага, якія ў жніўні 2020-га запісалі моцны зварот да сілавікоў.
У Рагачове, імаверна, завялі новую крымінальную справы супраць былой палітзняволенай
3 красавіка КДБ Беларусі дадаў у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» «інфармацыйны рэсурс чё ваще происходит» — гаворка пра старонку ў «Х». Паводле ведамства, дачыненне да яе мае 29-гадовая Юлія Касцючэнка. Апошнія допісы на гэтай старонцы ў «Х» датаваныя пачаткам году. На яе былі падпісаныя ўсяго 48 чалавек.
Як паведамляе «Гомельская Вясна», гэтыя звесткі цалкам супадаюць з данымі былой палітзняволенай Юліі Касцючэнкі з Рагачова.
У сваіх сацсетках Юлія пісала, што па нацыянальнасці яна ўкраінка.
Напачатку 2023-га году Юліі прызначылі 1 год калоніі за «абразу Лукашэнкі» — паводле следства, жанчына на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Інстаграм» размяшчала допісы і відэазапісы, якія «ўтрымлівалі абразу на адрас Лукашэнкі». Жанчына цалкам адбыла свой тэрмін і напрыканцы 2023-га году выйшла на волю.
Аўтаслесара з Мінска асудзілі па чатырох палітычных артыкулах
Андрэю Урублеўскаму 53 гады. Ён родам з Асіповічаў. Андрэй у апошнія гады жыў у Мінску і працаваў аўтаслесарам на адным са сталічных СТА. Любіць велатурызм і падарожжы, а таксама актыўны адпачынак.
Суд над Урублеўскім скончыўся 27 лютага Мінскім гарадскім судзе, піша «Наша Ніва». Яго абвінавачвалі па чатырох артыкулах — «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 369 КК), «удзел у экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК) і «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК).
Сутнасць абвінавачанняў і прысуд невядомыя, але яму пагражала да шасці гадоў калоніі. У сераду яго ўключылі ў спіс «тэрарыстаў».
У Брэсцкай вобласці пракуратура запатрабавала прызнаць «экстрэмісцкімі» 128 рэсурсаў з пачатку года
За першы квартал гэтага года органы пракуратуры Брэсцкай вобласці накіравалі ў суды 128 заяў аб прызнанні розных рэсурсаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», піша reform.news.
Пракуроры запатрабавалі прызнаць «экстрэмісцкімі» 50 тэлеграм-чатаў і каналаў, 14 старонак у Instagram, два сайты, 34 акаўнты ў «Аднакласніках», два акаўнты ў ТікТок, тры акаўнты ў «Укантакце», 18 акаўнтаў у Facebook, пяць каналаў у YouTube.
Зараз у Брэсцкую абласную экспертную камісію накіраваны яшчэ восем хадайніцтваў аб ацэнцы інфармацыйных рэсурсаў на наяўнасць прыкмет «экстрэмізму», паведамляе пракуратура Брэсцкай вобласці.