Да беларускіх актывістаў за мяжой звяртаюцца псеўдажурналісты — прапануюць грошы за размовы. Хронікі рэпрэсій 14 красавіка
Былая палітзняволеная Антаніна Канавалава паведаміла, што ў апошні час беларускія сілавікі, у тым ліку супрацоўнікі КДБ, «актыўна выкарыстоўваюць правакацыйныя метады для высвятлення інфармацыі ў актывістаў і проста нязгодных з рэжымам. Адзін з такіх метадаў — прапанова грошай за інтэрв'ю ці "шчырую размову"».

Антаніна Канавалава распавяла, як гэта працуе:
«1. Вам раптоўна піша "журналіст" ці "даследчык" — нават ад імя замежных СМІ або праваабарончых арганізацый. У маім выпадку ад праваабарончага цэнтру "Мемарыял".
2. Прапануюць аплачанае інтэрв'ю ці "дапамогу" ў абмен на інфармацыю. Стаўка за такое інтэрв'ю ад 250 да 1500 эўра.
Сума грошай будзе залежаць ад таго, якую інфармацыю вы дасце!
Што рабіць?
- Не згаджайцеся на інтэрв'ю, асабліва за грошы.
- Не раскрывайце імёны, кантакты, дэталі падзей.
- Правярайце асобу суразмоўцы — сапраўдныя журналісты не прапаноўваюць грошы.
Памятаеце: КДБ не плаціць за "праўду" — яны плацяць за пастку. Будзьце асцярожныя і не трапляйцеся на правакацыі.
Бяспека важней грошай!
Беражыце сябе і блізкіх!
Будзьце пільнымі пры камунікацыі з незнаёмымі кантактамі».
Міліцыянты дапыталі старэйшую дачку віцебскай актывісткі «рускага міра» Эльвіры Мірсалімавай
«Допыт» — так называе дзеянні сілавікоў сама Эльвіра Мірсалімава. Паводле яе словаў, ён тычыўся Крысціны Мірсалімавай — цёці 18-гадовай дзяўчыны і роднай сястры самой Эльвіры.
Крысціна Мірсалімава была вымушана эміграваць з Беларусі пад пагрозай крымінальнага пераследу: у адрозненне ад Эльвіры, яна не падтрымлівае ідэі «рускага міра» і мае прабеларускія погляды.
«(д)опросили прямо в поезде, дождавшись возле вагона», — напісала ў сваім Тэлеграм-канале Эльвіра Мірсалімава. Па яе словах, раней дапытвалі і яе сярэднюю дачку, і старэйшую — калі тая яшчэ была непоўнагадовай. Але маці ўдавалася адвяргаць спробы дапытаць дзяцей у яе адсутнасць.
Анлайн-сэрвіс раскладу судовых пасяджэнняў недаступны. У Вярхоўным судзе не ведаюць, калі ён адновіць працу
Анлайн-сэрвіс раскладу судоў больш за месяц недаступны з-за «рэгламентных работ». Калі яны скончацца — не ведае нават першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч. Пра гэта гаворыцца ў адказе, які атрымаў даследчы цэнтр «Бюро» і выданне «Медыязона».
У адказе, які атрымалі журналісты, першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч растлумачыў, што сэрвіс недаступны з-за бестэрміновых рэгламентных работ:
«Тэрмін заканчэння работ у дачыненні да "раскладу судовых пасяджэнняў» у цяперашні час не вызначаны».