У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» сайт адукацыйнай платформы «Васьміног». Хронікі рэпрэсій 10 красавіка

Таксама «экстрэмісцкай» прызналі і Facebook-старонку платформы. Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Драгічынскага раёну 8 красавіка. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя «Новы Час» сабраў апошнюю інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі.

1_1097_1.png

Праграма «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» накіраваная на адукацыйныя праекты для беларускіх школьнікаў, стварэнне інавацыйнай навучальнай анлайн-платформы для транспамежнай беларускаарыентаванай адукацыі і працу некалькіх каманд даследчыкаў.

Таксама ў «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі:

  • Telegram-канал «Mengele conf»;
  • Старонка ў Instagram «tatiana.04.04_fotograf»;
  • Сацсеткі медыя «adu.placе»;
  • Старонка ва «Укантакце» «Bielaruski Nastup»;
  • Facebook-старонкі «BGmedia», «Belarus News Headlines»;
  • TikTok-старонкі «belarusupdatehub», «svaboda_news», «Сябр», «dorogavaad», «volnaya.belarus», «Lizaveta».

Праект «Палітвязынка» прыпыняе працу

Учора, 9 красавіка, праект «Палітвязынка» быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. А сёння на старонцы праекта ў Інстаграме з'явілася паведамленне, што «Палітвязынка» прыпыняе працу.

Старонка пакуль застаецца актыўнай – як архіў. 

Газета Rzeczpospolita: на кожнай Імшы кс. Акалатовіча прысутнічалі спецслужбы. Ён запрашаў іх пакаяцца

Паводле крыніц польскай газеты Rzeczpospolita, за кс. Генрыхам Акалатовічам сачылі задоўга да затрымання. 

«Улады ў Мінску былі незадаволеныя тым, што святар адкрыта гаварыў праўду і заставаўся непахісным. Паколькі ў яго не было ані каханкі, ані дзяцей з гаспадыняй, каб можна было выкарыстаць гэта для шантажу, улады вырашылі сфабрыкаваць супраць яго справу і абвінаваціць у шпіянажы», — кажа крыніца ўплывовай польскай газеты.

Rzeczpospolita сцвярджае, што за валожынскім святаром доўгі час сачылі. «На кожнай Імшы прысутнічалі супрацоўнікі спецслужбаў, якіх кс. Акалатовіч асабіста бачыў і пасля заклікаў да пакаяння», — паведамляе выданне.

Нагадаем, што паводле крыніц партала katolik.life, кс. Генрыха беспаспяхова «схілялі да правакацый супраць некаторых каталіцкіх іерархаў» і ў выніку абвінавацілі ў «шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана».

Да родных актывіста Дзмітрыя Карняенкі прыходзілі сілавікі

Пра гэта мужчына паведаміў у сваім Facebook.

«Мой "экстрэмісцкі" статус павялічыўся. Цяпер як чалец Хрысціянскай візіі прызнаны датычным да "экстрэмісцкага фармавання".

Разам з тым павялічыліся і візіты міліцыянтаў да родных. Учора наведвалі бацьку ў Воршы, нават бралі ў яго біяматэрыял. Бацька збянтэжыўся і не дужа распытваў, навошта. А сёння міліцыянты ўжо пабылі ў цёшчы ў Віцебску.

Так-та з рознай перыядычнасцю наведваюць (то следчыя, то міліцыянты), але гэтыя дні крыху пашырылі свой расклад візітаў».

Учора стала вядома, што праект «Хрысціянская візія» трапіў у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» — паводле сілавікоў, дачыненне да яго мае і Дзмітрый Карняенка.

Дом Цапкалаў прадалі на аўкцыёне з чацвёртай спробы

У доме па завулку цяплічнага ў Мінску зарэгістраваны тры чалавекі, у тым ліку двое непаўналетніх. Яго ўжо спрабавалі прадаць у лістападзе 2024 года са стартавым коштам 2,1 млн рублёў, у студзені 2025 года са стартавым коштам 1,68 млн рублёў і ў лютым са стартавым коштам 1,26 млн рублёў. У выніку яго прадалі за 1 157 200 рублёў пры пачатковай цане ў 841,6 тысячы.

У красавіку 2024 года праз аўкцыён з другой спробы была прададзеная кватэра Цапкала. Вераніка Цапкала заяўляла, што кватэра належыць не толькі яе мужу, але і непаўналетнім дзецям, таму яе нельга адчужаць.

У ліпені 2024 года Вераніку Цапкала завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі па абвінавачванні ў «змове з мэтай захопу ўлады» і «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні». У 2023 годзе Валерыя Цапкала завочна асудзілі да 17 гадоў зняволення.