У Мінску адбудзецца лекцыя прысвечаная досведу рэформаў Грузіі

2 красавіка (субота) у прасторы ЦЭХ (вул. Кастрычніцкая, 16) адбудзецца публічная лекцыя Дымітрыя Цкітышвілі «Новая хваля рэформаў у Грузіі: на шляху да грамадства салідарнасці». Мерапрыемства пройдзе ў межах праекта «Еўрапейскае кафэ — адкрытая прастора Еўропы».



989ffa46_1a3b_45a6_b9ce_6da6926821fd.jpg

Пачынаючы з 1990-х, рэформы ў Грузіі разгортваліся ў некалькі этапаў: з 1992 да 2003 года, з 2003 да 2012 года, нарэшце, пасля 2012 года — рэформы, якія праводзяцца цяперашняй кіроўнай кааліцыяй «Грузінская мара». У межах прэзентацыі і дыскусіі гаворка ў першую чаргу пойдзе пра рэформы апошніх гадоў. Аднак будзе таксама прапанаваны агляд галоўных дасягненняў і няўдач рэформаў папярэдніх гадоў, у асаблівасці так званага перыяду мадэрнізацыі, які пачаўся ў Грузіі пасля «Рэвалюцыі ружаў».

Аналіз рэформаў будзе праводзіцца з апорай на параўнанне і супастаўленне фактаў. Гаворка пры гэтым пойдзе не пра дэталі асобных рэформаў, а пра сацыяльна-культурныя асаблівасці палітыкі, якая праводзіцца цяперашнімі і папярэднімі ўладамі Грузіі. Якія мэты ставіліся і ставяцца імі? Якія адчувальныя вынікі былі дасягнутыя, і якія сацыяльныя змены адбываліся ў грамадстве ў выніку рэформаў дзвюх палітычных сілаў у найноўшай гісторыі Грузіі, якія фундаментальна адрозніваюцца адна ад адной?

У дыскусіі таксама адмысловая ўвага будзе нададзеная сацыял-дэмакратыі як палітычнай ідэі, якая набірае сілу ў Грузіі ды служыць адказам на працяглую неаліберальную палітыку рэфарматараў часоў Саакашвілі. Мы пагаворым пра гістарычныя перадумовы развіцця левага руху ў Грузіі пасля распаду Савецкага саюза, пра тое, як левы рух трансфармаваўся цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў, пра цяперашнюю структуру ўлады і ўплыў сацыяльных рухаў левага толку на грамадства і на паліттэхналагічныя працэсы.

Мова лекцыі: руская.

Уваход вольны!

Пра лектара:

90496072_6a66_413b_94c6_b3a406b03796.png

Дымітрый Цкітышвілі (Dimitri Tskitishvili) — магістр бізнес-адміністравання (Тбіліскі дзяржаўны ўніверсітэт эканамічных адносінаў) і магістр міжнародных даследаванняў (Універсітэт Ваёмінга, ЗША). Выкладае знешнепалітычны аналіз у Грузіна-амерыканскім універсітэце. Кіраўнік аддзела міжнародных адносінаў кааліцыі «Грузінская мара» і дарадчык лідара кааліцыі ў парламенце. Заснавальнік і прэзідэнт НДА «Грузінскі прагрэсіўны форум» (Georgian Progressive Forum). У 1998–2004 гадах працаваў дарадчыкам пры адміністрацыі прэзідэнта, у 2004–2008 гадах працаваў у Міністэрстве замежных справаў Грузіі. Быў сакратаром міждзяржаўнай Грузінска-Расійскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве. У 2008 і 2010 гадах абіраўся віцэ-прэзідэнтам і рэгіянальным каардынатарам Міжнароднага саюза маладых сацыялістаў.

 

Паводле інфармацыі з прэс-рэліза