У Сусветным банку аптымістычны погляд на будучыню эканомікі Беларусі
Дырэктар Сусветнага банка па Беларусі, Украіне і Малдове Марцін Райзер пасля двухдзённага візіту ў Мінск заявіў, што ў наступным годзе чакае паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў краіне.
Дырэктар Сусветнага банка па Беларусі, Украіне і Малдове Марцін Райзер пасля двухдзённага візіту ў Мінск заявіў, што ў наступным годзе чакае паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў
краіне.
— Я думаю, што эканамічная сітуацыя ў Беларусі палепшыцца, бо апошнія шэсць месяцаў сапраўды былі складаным перыядам. Мы мусім разумець, што апошнія паўгода і наступны год для
насельніцтва будуць вельмі складанымі. У эканоміцы неабходна рэалізаваць істотныя змены, але для гэтага трэба, каб скараціўся ўнутраны попыт. І, відавочна, людзі адчуюць гэта па ўласнай
кішэні, — сказаў Марцін Райзер падчас сустрэчы з журналістамі. — Мы спадзяёмся: насельніцтва пабачыць сігналы таго, што робяцца захады да стабілізацыі, і людзі
пабачаць перспектыву. Каб так адбылося, мы не можам спыніцца на тым, што маем. Патрэбныя наступныя крокі.
Разважаючы аб наступствах дэвальвацыі беларускага рубля, Марцін Райзер падкрэсліў, што ёсць істотныя пазітыўныя вынікі такога кроку. “Больш прыбытковым становіцца экспарт, і больш
дарагім — імпарт. Спадзяёмся і верым, што гэта дасць добры вынік для беларускіх экспарцёраў, і паступова закрыецца фінансавы разрыў у плацежным балансе краіны. Але для людзей гэта значыць,
што, каб паехаць у адпачынак, набыць імпартныя тавары, на валюту трэба выдаткаваць большую частку свайго заробку, — зазначыў прадстаўнік Сусветнага банку. — Мы
спадзяёмся, што дзякуючы структурным рэформам узмацніцца інвестыцыйная актыўнасць і вытворчасць працы, будзе магчымасць падвышаць заработную плату.
Крокам уніфікацыі курсаў у Сусветным банку “вельмі ўражаныя. “Мы прапаноўвалі і раілі правесці ўніфікацыю абменнага курса з вясны, калі пачалі
з’яўляцца падвойныя курсы, — зазначае Марцін Райзер. — Мы падзяляем пункт гледзішча МВФ на макраэканамічную сітуацыю. І знаходзімся пад пазітыўным
уражаннем, што ў прагнозах на наступны год ёсць акцэнт на стабілізацыю, а не на рост. Гэта адпавядае бягучай сітуацыі.
Спецыялісты Сусветнага банка пазітыўныя спадзевы звязваюць з прыватным бізнэсам. Цяпер у Беларусі працуе група экспертаў ад Сусветнага банка і Аўстрыйскага траставага фонду —
яны рыхтуюць некалькі сярэдніх прадпрыемстваў да прыватызацыі. Марцін Райзер мяркуе, што беларускія інвестары маюць усе шанцы ўдзельнічаць у прыватызацыі сярэдніх прадпрыемстваў, аднак і замежнаму
капіталу мусіць быць адведзеная не апошняя роля. “Беларусі, каб выйсці на новы ўзровень развіцця, трэба новыя тэхналогіі, якія і могуць прыйсці з замежным
капіталам, — падкрэслівае дырэктар Сусветнага банка па Беларусі, Украіне і Малдове.