«Усё адчувалася, як свята!» Што распавядаюць беларускі, якія нараджалі за мяжой
Беларусы працягваюць з'язджаць. Па-за межамі краіны нараджаецца новае пакаленне нашых суайчыннікаў, але ўжо без сіняга пашпарту. Мы паразмаўлялі з жанчынамі, якія нарадзілі дзяцей па-за межамі роднай краіны пра юрыдычныя складанасці, асаблівасці даследаванняў падчас цяжарнасці і культурны шок.
Яўгенія. Аўстралія. «Тут сярэдні медыцынскі персанал карыстаецца значна большай павагай грамадства»
Беларуска Яўгенія жыве ў Аўстраліі ўжо тры гады. Два месцы таму, у жніўні, жанчына нарадзіла там сваю першую дачку. Яўгенія кажа, што падчас цяжарнасці яна наведала шпіталь толькі тройчы, астатнія ж кансультацыі праходзілі па відэасувязі ці проста па тэлефоне. «Напэўна, гэта лепшыя здабыткі кавідных часоў», — адзначае беларуска.
У Мінску Яўгенія працавала лекарам, а да гэтага — медсястрой. Таму ёй была лягчэй трымаць сітуацыю пад кантролем і не патрабаваць дадатковай увагі ад мясцовых лекараў.
— Да таго ж, мая сястра жыве ў Мінску і працуе там спецыялістам па УГД (глядзіць цяжарных жанчын), а раней працавала акушэр-гінеколагам. Праз яе я ведаю, што на радзіме цяжарных «ганяюць» па рознях абследаваннях вельмі сур’ёзна, што ці не кожны месяц яны здаюць кроў і іншыя аналізы… Тут нічога такога не было, — распавядае Яўгенія. — Асноўныя аналізы я здавала толькі аднойчы за ўвесь тэрмін.
Беларуска з’яўляецца рэзідэнткай Аўстраліі, таму ніякіх юрыдычных праблемаў яна не сустрэла. Першую палову цяжарнасці жанчына праводзіла пад наглядам так званага сямейнага лекара. Сямейны лекар, альбо па-англійску GP (general practician), выконвае ролю кансультанта па ўсіх медыцынскіх пытаннях.
— Сямейныя лекары прымаюць пацыентаў у офісах. У іх кабінетах мінімум медыцынскага абсталявання — кшталту кушэткі і танометра. Таксама яны могуць рабяць мінімальныя хірургічныя ўмяшальніцтвы — напрыклад, пры патрэбе здымуць швы. Калі іх нагляду недастаткова, сямейныя лекары выдаюць накіраванне да спецыялістаў больш вузкага профілю ці ў шпіталь. Таму што сама жанчына не можа, напрыклад, пайсці да гінеколага. Усё праз сямейнага лекара, — тлумачыць Яўгенія.
Такім чынам, да сярэдзіны цяжарнасці беларуска ўвогуле не наведвала паліклініку ці шпіталь. Толькі здавала неабходныя аналізы і звярталася да сямейнай лекаркі, якая слухала сэрцабіццё дзіцяці і мерала ціск жанчыне.
— Роды — самая цікавая частка маёй цяжарнасці, — распавядае жанчына. — У аўторак я прачнулася а шостай гадзіне раніцы, адчула, што адышлі воды. Патэлефанавала ў клініку, распавяла, што адбылося. Сказалі прыяжджаць на абследаванне. Там мяне запісалі на КТГ (кардыётокаграфія — НЧ), памералі пульс плада і тонус маткі. У выніку сказалі, што самі роды ў мяне яшчэ не пачаліся, таму можна спакойна ехаць дадому.
Яўгенія ведала загадзя, што ў аўстралійскай сістэме аховы здароўя прынята як мага пазней класці цяжарную жанчыну ў шпіталь.
— Мясцовыя лекары лічаць, што дома жанчыны лепш праходзяць усе натуральныя этапы. У тым ліку, калі цяжарная знаходзіцца ў знаёмай абстаноўцы і не перажывае стрэс ад белых халатаў, у яе лепш пашыраецца шыйка маткі, — кажа Яўгенія. — Таму мы з мужам вярнуліся дадому. Усю першую палову дня я праводзіла абсалютна спакойна, у сваё задавальненне — глядзела ютуб, ела чыпсы. Увогуле я планавала праводзіць роды даволі актыўна, бо ведала, што ў вертыкальным становішчы галоўка дзіцяці цісне на шыйку, якая ад таго хутчэй пашыраецца, і шмат іншых дэталей. Але нічога з запланаванага не рабіла, бо не ведала, наколькі ўсё зацягнецца, і жадала захаваць моцы.
На раніцу жанчыну зноў запісалі на абследаванне, а на наступны дзень — на стымуляцыю, на выпадак, калі да гэтага часу яна не народзіць сама.
— Гэта называецца бязводны прамежак, — тлумачыць Яўгенія. — У нас у Беларусі, калі ў жанчыны адыходзяць воды, яе абавязкова шпіталізуюць. А тут яны сказалі, што бязводны прамежак можна цягнуцца да чатырох содняў, але па мясцовых стандартах яны імкнуцца пасля двух содняў ужо пачынаць стымуляцыю.
Бліжэй да вечара патугі пачалі нарастаць, і а полове дзясятай жанчына зноў патэлефанавала ў шпіталь. Па тэлефоне ёй сказалі, што патугі павінны быць не карацей за 60 секунд, а прамежак паміж імі — не даўжэй за тры хвіліны.
— У мяне патугі былі яшчэ не вельмі рэгулярныя і не дастаткова доўгія, але ў шпіталь я ўсё роўна патэлефанавала, бо дома заставацца далей не жадала, — кажа беларуска. — Я не думала, што перанясу там нейкі стрэс, бо сама працавала ў шпіталі, для мяне гэтая абстаноўка абсалютна звыклая. Са мной паразмаўляла акушэрка. Я ведала, што яны размаўляюць 5-6 хвілін, каб пераканацца, ці ёсць у вас схваткі патрэбнай працягласці і частаты. Акушэрка сказала, што роды ў мяне яшчэ вельмі раннія, таму трэба заставацца дома. Размаўляла яна са мной пры гэтым вельмі міла.
У начы, а палове трэцяй, жанчына ўсё ж зноў патэліла ў шпіталь.
— На той момант мне стала зусім цяжка ўсё гэты трываць. Не ў сэнсе, што было балюча, але проста было незразумела, колькі гэта будзе працягвацца. Але па тэлефоне акушэрка зноў сказала, што я ў ранніх родах. Потым, усё прааналізаваўшы, я зразумела, што магчыма проста таму, што сама па сабе я даволі спакойны чалавек, я здолела нават падчас потугаў размаўляць з акушэркай без эмоцый, якія былі б натуральныя для жанчына, што вось-вось народзіць. Таму мне прыйшлося не згадзіцца з акушэркай. Яна прапанавала прыехаць у шпіталь на абследаванне і, калі актыўныя роды яшчэ не пачнуцца, зрабіць раней стымуляцыю. Я ўжо была гатовая да ўсяго.
Па прыездзе ў шпіталь жанчыну павялі адразу ў родавы пакой.
— У той самы момант, як я лягла на кушэтку, адразу адчула першыя потугі, і а пятай гадзіне раніцы ўжо нарадзіла. То-бок ад моманту майго прыезду ў шпіталь да нараджэння дзіцяці прайшла гадзіна, — узгадвае Яўгенія. — Пазней мая сястра сказала, што з гэтым жа поспехам я магла нарадзіць і ў машыне, і дома.
З цікавага Яўгенія адзначае, што ў шпіталі яе даглядалі толькі акушэркі.
— У мяне быў разрыў, вось яго прыйшла зашыць лекарка. А ўсё астатняе рабілі акушэркі. Я думаю, гэта правільна. Тут сярэдні медыцынскі персанал карыстаецца значна большай павагай грамадства, — заўважыла жанчына.
Яўгенія распавяла, што яны з мужам загадзя не планавалі дакументаваць на фота момант нараджэння дзіцяці, але самі акушэркі прапанавалі зрабіць фота наўпрост у працэсе.
— Так у нашым сямейным архіве з’явіліся вельмі важныя фота, калі нараджалася малышка Элеанор. Тады ў яе нарадзілася толькі галоўка, нават плечыкаў яшчэ не было бачна. У першыя два тыдні я нават не магла без слёз глядзець на гэтыя здымкі, — прызнаецца жанчына.
Як рэзідэнтка Аўстраліі, у медыцынскім плане Яўгенія з мужам маюць тыя ж правы, што і грамадзяне.
— Страхоўку нельга назваць цалкам бясплатнай, таму што плата за яе складае два адсоткі ад заробку. То-бок у залежнасці ад заробку гэтая сума можа аказацца і даволі значнай. Але ж людзі з нізкімі заробкамі плацяць за страхоўку ўсё тыя ж два адсоткі, — кажа Яўгенія. — Але ж страхоўка чамусьці пакрыла толькі самае першае маё УГД у 7 тыдняў. Астатнія ж — толькі часткова.
Спецыяльных рэабілітацыйных праграм пасля родаў у жанчыны не было.
— Але ўпэўненая, што калі б па медыцынскіх паказчыках я патрабавала нейкага асаблівага догляду, тады б атрымала і яго, — кажа суразмоўца. — Да мяне, напрыклад, двойчы прыходзіў кансультант па лактацыі, бо па першым часе ўсё было не вельмі гладка.
Пасля родаў Яўгенія правяла ў шпіталі два дні. У Аўстраліі гэта стандартны тэрмін для жанчын, у якіх няма ўскладненняў.
— Але па жаданні можна выпісацца хоць праз шэсць гадзін. Галоўнае, каб маці і дзіця былі ў стабільным стане, — кажа Яўгенія.
Таксама жанчына адзначае, што ў шпіталі проста выдатна кармілі.
— Мне падавалася, я даўно так смачна не ела! — кажа яна. — Прыходзіла акушэрка, давала адсканаваць QR-код, і там проста ў інтэрнэце можна было выбіраць сабе ежу з вялізнага меню.
Адзіным недахопам аўстралійскай радзільні беларуска адзначае тое, што палата была разлічаная на чатырох чалавек і раздзеленая шторкамі ад падлогі да столі.
— То-бок нікога з іншых жанчын я не бачыла, але выдатна чула. І ў начы пачыналіся дзіцячыя крыкі. Другія содні былі проста шалёныя ад таго, як гучна крычала мая дачка. Падавалася, маё дзіцё самае гучнае ў адзяленні, — кажа Яўгенія. — Мне было вельмі няёмка перад іншымі жанчынамі, бо ва ўсіх трох было кесарава і, думаю, ім даводзілася значна цяжэй, чым мне. Старалася заспакоіць сваю Элеанор, але яна не паддавалася.
Яўгенія кажа, што без бабуль і дзядуль з маленькім дзіцём часам даводзіцца няпроста.
— Але вельмі дапамагае тое, што муж працуе з дома і можа часам падыйсці, перахапіць малечу, — кажа беларуска. — Пра няню мы не думаем, бо ў мяне не дастаткова высокі заробак, каб дзеля яго вяртацца на працу — ён не будзе пакрываць тое, што мы будзем плаціць няні. Але гэта нармальна, бо я ж жадала дзіця не толькі нарадзіць, але таксама і вырасціць.
Яўгенія з мужам ужо падалі дакументы на візы бабулям і дзядулям нованароджанай Элеанор. Іх разгляд зойме каля чатырох месяцаў.
Вольга. Швецыя. «Жанчына тут заўсёды на першым месцы. Нават перш за дзіцё»
Амаль 5 гадоў таму Вольга пераехала з Беларусі ў Швецыю, дзе ў мужа была праца. Сур’ёзных планаў пара на гэтую краіну не мела, але беларусы вырашылі паспрабаваць да яе прыглядзецца. Праз некалькі месяцаў ад пераезду Вольга зацяжарыла, тады пара вырашыла застацца ў новай краіне прынамсі да родаў дзіцяці. Сёння сыну Вольгі ўжо 4 гады, сям’я працягвае жыць у Швецыі. Жанчына кажа, што перспектыва родаў па-за межамі роднай краіны яе зусім не пужала.
— Наадварот, мне было страшна праходзіць гэты працэс ў Беларусі, — прызнаецца Вольга. — Я правяла невялікае даследаванне наконт цяжарнасці і родаў у Беларусі, даведалася шмат пра акушэрскую агрэсію, пра тое, што ў жаночай кансультацыі і радзільні цябе амаль не ўспрымаюць як чалавека. А мне было важна адчуваць сябе камфортна, ведаць, што толькі я буду вырашаць, што будзе адбывацца з маім целам. Таму стала зразумела, што калі нараджаць у Беларусі, тады платна (хаця і гэта мала што гарантуе), а платна нараджаць атрымлівалася дорага.
Вольга распавяла, што ў Швецыі вядзенне цяжарнасці, роды і пасляродавая рэабілітацыя цалкам бескаштоўныя для тых, хто мае ID-картку, якую, у сваю чаргу, маюць усе, у каго ёсць праца, і тыя, хто жыве з чалавекам, у якога ёсць праца. Таму як шчаслівая ўладальніца ID-карткі, Вольга, даведаўшыся пра цяжарнасць, проста патэлефанавала ў мясцовую жаночую кансультацыю.
— Па тэлефоне ў мяне адразу запыталіся, ці планую пакідаць дзіцяці. Адказала, што так. Тады мне сказалі прыйсці на 12-м тыдні, — распавядае жанчына. — То- бок да 12-га тыдня я ўвогуле нікуды не хадзіла. А калі прыйшла ў жаночую кансультацыю першы раз, у мяне проста спыталі, як я сябе адчуваю, як мае справы… Увогуле больш клапаціліся пра псіхалагічны стан, чым пра фізічны.
Гэтак жа, як наша суразмоўца з Аўстраліі, Вольга здавала аналізы толькі аднойчы. УГД жанчыне зрабілі таксама адзін раз, на 18-м тыдні цяжарнасці.
— Падчас цяжарнасці мне было 27 гадоў. Лекары казалі, што я маладая, здаровая, таму не патрабую ніякіх спецыяльных дадатковых абследаванняў, — узгадвае Вольга. — Але паколькі я з Беларусі, спачатку, вядома, у мяне быў культурны шок. Я думала: а як жа яны не зробяць мне УГД на 12-м тыдні? Звычайна на гэтым тэрміне лекары робяць даследаванне на рызыку сіндрома Даўна. Але не зрабілі, проста таму, што мне 27 і рызыка ў гэтым узросце мінімальная. Дарэчы, калі такі сіндром усё ж выяўляецца, у Швецыі нічога асаблівага з гэтым не робіцца, людзі проста нараджаюць дзіцё з сіндромам Даўна. Тут усе так да гэтага ставяцца, маўляў, нават калі вы пра гэта даведаецеся, нічога асаблівага не здарыцца.
Вольга прызнаецца, што ёй жадалася б зрабіць больш УГД-даследаванняў, проста для таго, каб упэўніцца, што з дзіцём усё добра.
— Але потым я раслабілася і вырашыла даверыцца. Зразумела, што насамрэч мясцовыя лекары робяць усё неабходнае. Да таго ж для псіхалагічнага стану падчас цяжарнасці, вядома, добра, калі лекары моцна не турбуюць, не трэба хадзіць а 8-й гадзіне раніцы ў паліклініку, здаваць усе гэтыя аналізы… Усё гэта выклікае залішнюю трывогу. У Швецыі жанчына заўжды ведае, што яна ў надзейных руках. Што яна на першым месцы, нават перш, за дзіцё, як бы гэта не гучала.
Роды ў беларускі пачаліся на тыдзень раней, чым планавалася.
— Гэта была пятніца, мы з мужам думалі з’ездзіць на выходныя ў іншы горад. Добра што не паехалі, — узгадвае Вольга. — Я прачнулася ад таго, што адышлі воды. Вельмі тады напалохалася, пачала бегаць па кватэры. Чамусьці падумала, што трэба памыць галаву. Мы патэлілі ў кансультацыю, спыталі, што рабіць. Гэта было а 7-й гадзіне раніцы. Нам адказалі, што рабіць анічога не трэба, проста а 14-й прыязджаць у шпіталь, дзе мне зробяць УГД і паглядзяць, што адбываецца. Для мяне гэта таксама было шокам. Як? У фільмах паказваюць, што калі ў жанчыны адыходзяць воды, яна тут жа на таксоўцы едзе ў шпіталь і праз гадзіну ўжо нараджае.
Праз паўгадзіны ад размовы ў Вольгі пачаліся потугі. Жанчына зноў патэлефанавала ў кансультацыю, сказала, што ўжо адчувае даволі моцны боль.
— Тады мне параілі выпіць парацэтамол, што тут звычайна раяць у любых сітуацыях, — адзначае беларуска. — Нават калі ў чалавека адарвало нагу, мясцовыя лекары кажуць: «выпейце парацэтамол, паглядзіце, ці дапаможа». Я выпіла, не дапамагло, і мы ўсё ж паехалі ў шпіталь.
Пасля родаў Вольга заставалася ў шпіталі яшчэ 2 дні, разам з дзіцём і мужам. За ежу для мужа пазней давялося заплаціць 60 еўра.
— То-бок у цэлым за цяжарнасць і роды ў Швецыі мы заплацілі 60 еўра, — кажа беларуска.
— Я задаволеная сваім досведам, і тым, як падчас усяго гэтага працэса людзі ставіліся да мяне. Усе лекары, акушэркі заўсёды тлумачылі, што яны будуць рабіць. Нават калі я ўжо падчас родаў не зусім разумела, што адбываецца, яны ўсё роўна стараліся, каб я іх зразумела, пачула, дала ці не дала згоду на пэўныя далейшыя дзеянні, — адзначае жанчына. — Тут робяць усё так, як ты просіш. Напрыклад, падчас непасрэдна родаў можна і стаяць, і сядзець, і ляжаць.
Вольга распавядае, што шпіталі ў Швецыі больш нагадваюць гатэлі, а атмасфера там хутчэй хатняя, чым шпітальная.
— Усё было надзвычай камфортна і зручна. У мяне была асобная палата, а ў ёй — ванная, акушэркі прапаноўвалі кампоцік і што-небудзь смачнае… Усё адчувалася, як свята! Так што я вельмі рада, што мой досвед был такім прыемным, негледзячы на тое, што роды — гэта такі спецыфічны экспірыенс, — кажа беларуска.
Вікта. Швейцарыя. «Дзякуй сусвету і швейцарскай сістэме аховы здароўя»
Беларуска Вікта нарадзіла ў Швейцарыі двайнятак. Даведаўшыся пра цяжарнасць, жанчына выбірала лекара па рэкамендацыі знаёмай. Кабінет спецыяліста быў перабудаванай у лякарню кватэрай — у швейцарскіх дактароў распаўсюджаная прыватная практыка.
— Пакой для чакання з скуранымі фатэлямі, маленькая ўласная лабараторыя, прыёмны пакой з творамі мастацтва на сценах і палічках, заўсёды ветлівы і галантны доктар, — з задавальненнем узгадвае атмасферу падчас прыёму беларуска. — Я хадзіла туды, нібы не ў лякарню, а да сябра, каб абмеркаваць надыходзячыя істотныя для мяне падзеі.
Вікта таксама звярнула ўвагу, што колькасць абследаванняў падчас цяжарнасці ў Швейцарыі значна меншая, чым у Беларусі.
— Мне рабілі разгорнуты аналіз крыві ў першы прыём, а потым толькі УГД, кроў на жалеза і цукар. Кроў бяруць на месцы і праз дзесяць хвілінаў доктар ужо прымае цябе з вынікам, — распавядае жанчына. — Дарэчы, каб аформіць дэкрэт у Беларусі, мне трэба было тыдзень хадзіць у мінскую паліклініку. Пасля першага прыёму сказалі, што ў мяне праблема з ныркамі і выпісалі лекі, якія я не піла, а на апошнім прыёме сказалі, што, маўляў, вось, пасля лекаў усё добра.
Бліжэй да тэрміну беларуска выбрала лякарню, у якой будзе нараджаць.
— У дзень родаў у лякарні я павінна была быць а пятай. А шостай пачыналася планавае кесарава. Завезлі ў аперацыйны пакой, зрабілі спінальную анестэзію, доўга не маглі прымацаваць датчыкі з маім дзіцячым памерам рукі, — узгадвае беларуска. — Падчас аперацыі асістэнт нёс лухту пра свае ўлюблёныя выспы, каб крыху заняць мяне.
Першым нованароджаных блізнятак убачыў тата. У Швейцарыі прысутнасць бацькі на родах — звычайная практыка.
— Калі афармлялі дакументы, ніхто нават не пытаў, ці хочам мы, каб ён прысутнічаў. Пыталі, чым ён хоча падсілкавацца пасля аперацыі, — распавядае Вікта. — Тата пайшоў з педыятрам і малымі рабіць першыя замеры, мыць, адзяваць дзяцей і чакаць у палаце мяне. Я паляжала крыху ў пасляаперацыйным пакоі і далучылася да падрослай сям’і.
Пасля родаў беларуску паклалі ў асобны пакой, хаця яе страхоўка гэтага не дазваляла.
— Сказалі: «Вам і так хопіць шуму», — распавядае жанчына. — Дзеці ўвесь час былі са мною, а тата кожны дзень нас наведваў. Тут сваякам дазваляюць заходзіць да цяжарных у пакой.Першыя дні, калі я яшчэ не магла падняцца, няні дапамагалі мне даглядаць дзяцей — мылі, пераадзявалі іх, дапамагалі карміць, прыносілі ежу. У мяне быў званочак, куды можна было пазваніць, каб паклікаць дапамогу.
Пасля родаў Вікта заставалася ў шпіталі напрацягу чатырох дзён. Пазней страхавая кампанія заплаціла лякарні каля 30 тысяч фунтаў.
Пасля аперацыі беларуска ачуняла даволі хутка. «Усё прайшло гладка, дзякуй сусвету і швейцарскай сістэме аховы здароўя», — кажа яна