«Часам літоўцы звысоку глядзяць на Беларусь». Беларусы — пра тое, як ім жывецца ў Літве і пра стаўленне да нашых суседзяў

На партале delfi.lt выйшаў матэрыял пра беларусаў, якія жывуць у Літве — пра іх стаўленне да літоўцаў, пра адрозненні і падабенствы паміж нашымі народамі. Прыводзім вытрымкі з гэтага матэрыялу.

Ілюстрацыйнае фота «Delfi»

Ілюстрацыйнае фота «Delfi»


Сабіна Аліева з 2019 года была студэнткай у ЕГУ, таму мае што і з чым параўнаць. На думку дзяўчыны, моцнай розніцы паміж беларусамі і літоўцамі няма. Як яна кажа, студэнты ўсюды аднолькавыя: калі надышла пара экзаменаў, то ўсё робяць у самы апошні момант. «Але ў цэлым у падыходзе да навучання адрозненні ёсць. Я думаю, што літоўскія студэнты не гатовыя проста сядзець і вучыцца, гэта сумна для іх. Яны ўсё імкнуцца адразу прымяніць на практыцы, шукаюць магчымасці дзейнічаць, нешта ствараць. У Літве добра працуюць з крытычным мысленнем і развіваюць студэнтаў, даюць магчымасць праявіцца. Гэта значыць літоўская моладзь больш ініцыятыўная і прадпрымальная, а нашы студэнты зусім не такія», — лічыць дзяўчына.
Да пачатку вайны ва Украіне, паводле слоў Аліевай, у Літве была заўважная праца расійскай і, магчыма, беларускай прапаганды: сустракаліся людзі, якія выказваліся на карысць Пуціна і не шанавалі тое, што ёсць. Сабіна думае, што сярод старэйшага пакалення да гэтага часу можна сустрэць савецкае мысленне і жаданне вярнуць тыя часы, аднак сярод моладзі такога ўжо няма. «Вядома, гэта не адлюстроўвае літоўскі характар у цэлым, але да асобных літоўцаў ёсць пытанні. Напрыклад, шырока вядомы сярод беларусаў юрыст Мантас Даніелюс, які ўваходзіў у давер да актывістаў, прапаноўваў свае паслугі, а потым высветлілася, што ён злівае інфармацыю беларускім прапагандыстам і КДБ. Але, думаю, гэта ўздзеянне прапаганды, гэтага нельга выключаць», — лічыць Сабіна Аліева.
IТ-спецыяліст Глеб Рэмнеў разам са сваёй жонкай Крысцінай жыве ў Літве нядаўна, але ўжо паспеў сфармаваць сваё ўражанне пра гэтую краіну. На думку сямейнай пары, менталітэт літоўцаў не вельмі адрозніваецца ад беларускага, што спрыяе больш лёгкай адаптацыі. Але ёсць адно «але»:
«У мяне ствараецца ўражанне, што людзі старэйшыя за 40, бывае, пагардліва ставяцца да Беларусі, лічаць яе менш прасунутай краінай. Напрыклад, аднаго нашага знаёмага вельмі здзівіла, што ў нас таксама можна расплачвацца, прыкладваючы да тэрмінала тэлефон, — ён наогул думаў, што ў нас нядаўна карткі з'явіліся. Напэўна, гэта звязана з тым, што гадоў 15-20 таму разрыў паміж краінамі быў нашмат мацней бачны, чым цяпер, і ў іх засталося такое ўражанне», — расказвае Глеб.
Праваабаронца і намеснік старшыні БАЖа Алег Агееў называе Літву «Беларуссю здаровага чалавека». «Калі б не дзесяцігоддзі таталітарнай цемры, то мы былі б на адным узроўні і па якасці жыцця, і ва ўзаемаадносінах грамадства, дзяржавы і індывіда. Таму Літва — гэта такая няздзейсненая Беларусь», — лічыць ён.
Літоўцы і літоўскі ўрад прымаюць шмат людзей з Беларусі і Украіны і ствараюць нармальныя ўмовы для легалізацыі. «Такая высокая праява салідарнасці вартая павагі і падзякі», — дадае Агееў.