У Літве па падазрэнні ў шпіянажы затрымалі юрыста, які перадаваў у Мінск дадзеныя беларускіх палітэмігрантаў
Праваахоўныя органы Літвы затрымалі падазраванага ў шпіянажы грамадзяніна Літвы Мантаса Данелюса. Яго ўзялі пад варту на два месяцы, паведамляе са спасылкай на паліцыю Вільні выданне BNS.
«Мы можам
пацвердзіць, што гэты чалавек затрыманы, ён падазраецца ў шпіянажы», — сказаў у аўторак прадстаўнік паліцыі Рамунас Матоніс.
Паводле яго слоў,
суд пастанавіў заключыць падазраванага пад варту на два месяцы.
Па словах Матоніса, дасудовае расследаванне, пачатае ў супрацоўніцтве з Дэпартаментам
дзяржаўнай бяспекі, праводзіцца супрацоўнікамі Бюро крымінальнай паліцыі Літвы
і ўзначальваецца пракуратурай Віленскага раёна.
«Каб не
нашкодзіць расследаванню, мы пакуль не можам каментаваць гэта расследаванне», —
сказаў ён.
Раней медыя паведамлялі, што праваахоўныя органы мяркуюць, быццам Данелюс укараніўся ў беларускія арганізацыі ў Літве і
перадаў інфармацыю пра іх беларускім спецслужбам. У прыватнасці, ён зліваў дадзеныя пра актывістаў прапагандыстцы з БТ Ксеніі Лебедзевай, якую называў «супрацоўніцай КДБ».
Данелюс прадстаўляўся бізнес-кансультантам, чытаў лекцыі і
прапаноўваў беларусам юрыдычную дапамогу. Таксама ён нібыта дапамагаў
арганізацыям «Наш дом», «Дапамога».