Вілейка. Астравец. Ашмяны. Масты

Вілейка. Знішчылі помнік Расціславу Лапіцкаму

Помнік антысавецкаму падпольшчыку, змагару за незалежнасць Беларусі быў усталяваны вілейскай грамадскасцю ўвосень 2008 года ва ўрочышчы Красны Беражок, на месцы расстрэлу героя. Помнік быў асвечаны праваслаўным святаром з вёскі Касута, адкуль родам сам Лапіцкі, і дзе яго бацька таксама быў праваслаўным святаром. Асаблівая цынічнасць злачынства ў тым, што здзейснілі яго напярэдадні Радаўніцы.

Вілейка. Знішчылі помнік Расціславу Лапіцкаму
Помнік антысавецкаму падпольшчыку, змагару за незалежнасць Беларусі быў усталяваны вілейскай грамадскасцю ўвосень 2008 года ва ўрочышчы Красны Беражок, на месцы расстрэлу героя. Помнік быў асвечаны праваслаўным святаром з вёскі Касута, адкуль родам сам Лапіцкі, і дзе яго бацька таксама быў праваслаўным святаром. Асаблівая цынічнасць злачынства ў тым, што здзейснілі яго напярэдадні Радаўніцы.
Каб знішчыць помнік, выкарыстоўвалася магутная тэхніка — вялікі трактар з каўшом, самазвал. Сам помнік уяўляў сабой камень, на якім выгравіраваны надпіс: «У гэтым месцы расстраляны Расціслаў Лапіцкі (І.ІХ.1928–28.Х.1950). Змагар за незалежнасць Беларусі». Помнік быў усталяваны на бетонную падушку, меў вагу ў некалькі тон, камень злучаны з бетонам металічнымі прутамі. Разбурыць такі помнік няпроста. Відавочна, зрабіць гэта маглі толькі людзі, у чыіх руках сканцэнтравана дастаткова ўлады.
Астравец. Таварыству аховы помнікаў не дазволілі сустрэцца з грамадскасцю
Улады раёна не дазволілі правесці сустрэчу з грамадскасцю прадстаўнікам Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Свіла матываваў адмову тым, што «ў бліжэйшыя месяцы ў раёне запланавана шмат розных масавых мерапрыемстваў».
Старшыня таварыства Антон Астаповіч паведаміў, што 26 сакавіка ён звярнуўся ў райвыканкам з прапановай арганізаваць у красавіку ў гарадскім пасёлку сустрэчу актывістаў грамадскага аб’яднання з мясцовымі краязнаўцамі. Па ягоных словах, сустрэча запланавана «ў мэтах зберажэння і памнажэння нацыянальнага духоўнага і культурнага здабытку, гістарычнай спадчыны і прыродных багаццяў краіны, выхавання моладзі ў духу любові да Радзімы» і адпавядае ўказу прэзідэнта № 710 ад 29 снежня 2008 года «Аб абвяшчэнні 2009 года Годам роднай зямлі». Падчас сустрэч меркаваліся выступы Антона Астаповіча і загадчыка аддзелам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Зміцера Яцкевіча па праблемах захавання і інтэрпрэтацыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў раёна, а таксама па пытаннях вывучэння архіўных крыніц гісторыі гэтага краю. Акрамя таго, планавалася правесці прэзентацыі дакументальнага фільма «Палякі», створанага актывістамі таварыства на студыі «Брэндстар», і адной з тэлеперадачаў серыі «Падарожжы дылетанта», прысвечанай гістарычным месцам раёна, з выступам акцёра і тэлевядучага Юрыя Жыгамонта.


Ашмяны. Увекавечылі першага азербайджанскага лётчыка

Ля вёскі Баруны быў устаноўлены памятны знак у гонар загінулага падчас першай сусветнай вайны экіпажа самалёта «Ілля Мурамец» № 16. На адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі амбасады Азербайджана ў Беларусі, беларускія дыпламаты, прадстаўнікі Міністэрства абароны, грамадскасць. Такім чынам быў ушанаваны першы лётчык гэтай краіны.
Фарук Гаібаў быў адзін з чатырох членаў экіпажа самалёта «Ілля Мурамец». Паходзіў ён з сям’і юнкера эскадрона Яго Імператарскай Вялікасці. Рана застаўся без бацькі. Навучаўся ў пецярбургскім Канстанцінаўскім вучылішчы. Вызначаўся храбрасцю. У званні афіцэра быў пасланы на заходні фронт. У яго абавязкі ўваходзіла бамбаванне, стральба з кулямёта, фатаграфаванне з паветра пазіцый праціўніка. У першы вылет экіпаж разбурыў мост праз Нёман, за што немцы распачалі паляванне за самалётам. Перад тым, як загінуць 12 верасня 1916 года, экіпаж знішчыў некалькі нямецкіх самалётаў. Гаібава і другіх членаў экіпажа немцы пахавалі з належным воінскім шанаваннем. Аўтары памятнага знака — беларускі скульптар Калеснінскі і архітэктар Буры.
Масты. Людзей пачулі, калі яны аб’ядналіся
Адбылася сустрэча прадстаўнікоў Руху «За Свабоду» і кіраўніцтва Мастоўшчыны з жыхарамі Чыгуначнага раёна горада.
У мерапрыемстве ўзяло ўдзел каля 100 чалавек. На сустрэчы прысутнічаў старшыня райвыканкама Аляксей Шафарэвіч, рэгіянальны каардынатар Руху «За Свабоду» ў Гродзенскай вобласці Алесь Зарэмбюк, намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама па пытаннях будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Снітко і дэпутат Мастоўскага райсавета ад чыгуначнай выбарчай акругі Віктар Шкляр. Людзей цікавіла вырашэнне пытанняў газіфікацыі, пагаршэнне эканамічнай сітуацыі непасрэдна ў горадзе, змяншэнне на палову заробкаў на асноўных прадпрыемствах, адсутнасць у мікрараёне лазні, праблема малога асартыменту і колькасці прадуктаў харчавання ў мясцовай краме ды іншае. Прадстаўнікі мясцовай улады не далі канкрэтных адказаў на пастаўленыя людзьмі пытанні, але ж паабяцалі працягнуць працу над іх вырашэннем.
Папярэднічаў сустрэчы калектыўны зварот грамадзян, што арганізавалі прадстаўнікі руху. Сярод іншых у звароце былі патрабаванні вырашыць праблемы рамонту дарог і асвятлення. Пад гэтым зваротам падпісалася 230 жыхароў.
Падрыхтаваў Язэп Палубятка