Віктар Карняенка: Натхняла жаданне народа супрацьстаяць хунце
19 жніўня 1991 года ў Маскве адбылася спроба дзяржаўнага перавароту. Так званы ГКЧП адхіліў ад улады прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова і абвясціў у краіне надзвычайнае становішча.
![khczp.jpg khczp.jpg](/img/v1/images/khczp.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Віктар Карняенка на сваёй старонцы ў фэйсбуку прыгадвае, якім для яго быў той незвычайны гістарычны дзень.
«19 жніўня 91 года, у 6 гадзін раніцы ехаў у Гомельскі аэрапорт, каб ляцець па дэпутацкіх справах у Маскву. У аўтамабілі слухаў "Лебядзінае возера", але ні з чым гэта не звязваў.
Ужо ў самалёце, перад самым адлётам, пачуў голас свайго палітычнага паплечніка Івана Вераб'ёва, дэпутата Гомельскага гарсавету. Іван Рыгоравіч кіраваў наземнымі службамі аэрапорта і меў магчымасць зайсці ў самалёт. Ён ведаў, што я лячу ў Маскву, і шукаў мяне, каб папярэдзіць, бо ноччу слухаў радыё "Голас Амерыкі" і ведаў пра тое, што адбылося. Раіў не ляцець у Маскву, бо хто яго ведае, што і як? Экіпаж борта быў мне добра знаёмы, але не стаў ім распавядаць пра падзеі, бо і сам мала што яшчэ ведаў.
Ужо ў Маскве бортмеханіка праінфармавалі калегі з Шарамеццева — і землякі таксама прапанавалі проста вяртацца дахаты.
![19 жніўня 1991-га — «Адчуванне, што цяпер усё вернецца і будзе зноў ванітаваць» 19 жніўня 1991-га — «Адчуванне, што цяпер усё вернецца і будзе зноў ванітаваць»](/img/v1/images/f4ncot5bctmmkst_b4wlcq.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У 10 гадзін быў ужо ў Крамлі, дзе нічога асаблівага не заўважыў. Самы вялікі начальнік, якога ўдалося сустрэць, быў Какімбек Салыкаў, старшыня камітэту ВС па экалогіі. Ён ведаў пра падзеі, але нічога страшнага ў іх не бачыў.
Прайшоў пешшу да вядомых шматпавярховак на былым Калінінскім праспекце, дзе размяшчаліся некаторыя камітэты ВС СССР. Там сустрэў калег па міжрэгіянальнай групе (МДГ), даведаўся, што ў 12 збіраецца група, каб абмеркаваць усё, што звязана з падзеямі. Як і трэба было чакаць, МДГ аднагалосна назвала падзеі путчам, спробай дзяржперавароту. Усе дэпутаты МДГ далучыліся да калоны масквічоў, якія рушылі вялікімі калонамі да Белага дому, дзе ў хуткім часе Барыс Ельцын выступіў, стоячы на танку.
![ГКЧП: паўстанне зла ГКЧП: паўстанне зла](/img/v1/images/39442569_234595940591353_2534811718672973824_n.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Тады ўсё не ўспрымалася жартачкамі. Асабліва калі спецыяльна з'ездзіў і пабачыў на Ленінградскім праспекце вялізную калону танкаў. Але натхняла еднасць народу, ягонае жаданне супрацьстаяць хунце.
Божа! Дзе ўсё гэта зараз?»
![Чвэрць стагоддзя пасля путчу: успаміны і вынікі Чвэрць стагоддзя пасля путчу: успаміны і вынікі](/img/v1/userfiles/images/gi_22603_113492_big.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)