Віктар Марціновіч: Год нацыянальнага ўздыму
Віктар Марціновіч падводзіць на budzma.by вынікі сыходзячага года, цягам якога ў беларускім грамадстве адбыліся тэктанічныя змены.
2019-ы…
Ведаеце, а гэта быў харошы год.
Год вельмі прыкрых падзей у палітыцы, год выбараў, якія былі хаця не самыя ганебныя за ўвесь час назірання — не праз тое, што парушэнняў было болей, а праз тое, што бачных парушэнняў было болей, праз тое, што новыя медыя зрабілі прыхаванае яўным. Год, у які нават настроеная прыязна Еўропа не здолела закрыць вочы, як бы ёй таго ні хацелася, на тое, што Палата не выбіралася.
Год працягу прыватных катастроф, год выпарвання справядлівасці, год далейшага знікнення здаровага сэнсу. Год «справы медыкаў», год «справы “журналіста Ч.”», якая, праз спецыфіку героя і паўсюднасць страху, не зрабілася «справай Вані Галунова». Год, калі працягваліся веерныя арышты, — і той, факт, што цяпер «бяруць» не палітычных змагароў, а грамадзян, што думалі, нібыта іхняя хата з краю, змяняе няшмат. Год далейшага прасавання чыноўнікаў, якія існавалі ў сістэме, што не можа кроку зрабіць без хабараў, і бізнесоўцаў, якім пэўны час дазвалялі даваць хабар, каб тыя назапасілі больш майна, якое можна адціснуць у адзін ахоп. Год далейшага збяднення насельніцтва, год беспрацоўя, адчаю і сацыяльнай роспачы.
Але ў той самы час год велізарных падзей у сімвалічным, паўпразрыстым, ледзь адчувальным.
Напрыклад, узяць кіно: тэндэнцыя цікавасці да свайго, закладзеная ў 2018 годзе «Крышталём» Дар'і Жук, падоўжылася на цэлы шэраг выбітных кінематаграфічных праектаў. Схема вываду прадукту да публікі ішла акурат па пракладзеных Дар'яй і яе камандай шляхах: спачатку перадпаказ у перапоўненым кінатэатры «Масква», потым — ратацыя па беларускіх кінатэатрах. Засілле прышлых кінапраектаў скончылася, беларускае глядацкае кіно робіцца сапраўды беларускім, і дзякуй табе за гэта, 2019-ы!
Я не буду спыняцца на асобных падзеях у тэатры, літаратуры, выставачнай дзейнасці і адразу перайду да галоўнага.
Калі праз дзесяць гадоў нехта спытае мяне, чым быў найперш адметны 2019-ы, я адкажу так: гэта быў год, калі праз даволі штучныя знешнія выклікі большасць насельніцтва раптам упершыню адчула сябе беларусамі.
Раней гэта было адзнакай адзінак, гонарам нонканфармістаў. Мова, Вільня, Абдзіраловіч, Багушэвіч, Ластоўскі, Гарэцкі, Драздовіч (экспазіцыя якога ў Нацыянальным мастацкім музеі карэнным чынам змянілася ў 2019-м). Яшчэ на этапе «БНР — 100» на трох замілаваных Адраджэннем і бацькамі-заснавальнікамі знаходзілася пяцёра тых, хто, па слядах тэлепрапаганды, сумняваўся ў карыснасці і БНР.
Выклікі, што ўзніклі ў 2019-м (ну, напрыклад, узятая з майго рамана «Мова» сітуацыя, калі Кітай дае РБ пазыку, каб тая разлічылася з крэдыторамі), вымусілі перайсці на нацыянальныя рэйкі (выраз з «Нарысаў гісторыі Беларусі») нават тэлепрапаганду. А за ёй — самых зацятых савецкіх кансерватараў з ліку былых лектараў «обшчэства “Знаніе”». Бэкаюць, мэкаюць, памыляюцца, але шпрэхаюць, напінаючыся ад натугі. Я шмат разоў усміхнуўся, даведаўшыся, што зараз і міліцыянты спрабуюць «разгаварываць на беларускім языку», прычым не простыя міліцыянты, а прызначаныя ў прадстаўнічыя органы ўлады.
Сімвал 2019-га — той самы камент пад навіной на «Анлайнеры» ці то пра пахаванне Каліноўскага, ці то снежаньскія пратэсты: «Жыве Беларусь!». І сотні «плюсоў», і меншасць — «мінусаў». Яшчэ тры гады таму на «Анлайнеры» ўсё было б наадварот.
Змена — тэктанічная.
Цяпер беларускамоўнасць рызыкуе зрабіцца мэйнстрымам, прыкметай тых, хто трымае нос па ветры, прынамсі ў дзяржаўным эфіры.
І так, мой даўні прагноз пра дзве Беларусі, якія паступова робяцца адной, збыўся, і ўсё ідзе яшчэ далей. Мерапрыемствы, якія робяцца на Кастрычніцкай ці то ў абарону незалежнасці, ці то ў падтрымку перамоўнай пазіцыі Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з Пуціным, — таму яскравы прыклад.
Хутка ўсе мы застанёмся за іхнімі плячыма. Хутка ўсе гэтыя гламурныя бычкі і дзевачкі са скрыні наблатыкаюцца «па-нашаму» так, што будуць увязвацца з намі ў моўныя спрэчкі ў Фэйсбуку і Інсце, куды ўсіх іх у гэтым годзе табарам прыгналі.
Уласна, для некаторых, магчыма, наспеў час роспачы, бо «беларускасць» прырастае людзьмі, для якіх яна — проста дапаможнік у прайдзісвецкай кар'еры.
Але калі памятаць пра тое, што мова жыве даўжэй за людзей, а ідэі часам важнейшыя за асабістыя амбіцыі, застаецца толькі паўтарыць (і, магчыма, узняць з гэтымі словамі келіх):
«Гэта быў харошы год».
Віктар Марціновіч, budzma.by