Пальмы, пляжы, незалежнасць

Чаму падзеі на далёкім ціхаакіянскім востраве Бугенвіль, які днямі прагаласаваў за незалежнасць, могуць мець наступствы для еўрапейскага кантыненту?

bugenvil_referendum.jpg

«Ці хочаце вы далей заставацца папуасамі?» — так іранічна можна перафразаваць пастаноўку пытання на рэферэндуме, які адбыўся на пачатку снежня на Бугенвілі — найбуйнейшым востраве ў групе Саламонавых астравоў, што ўваходзіць у склад Папуа — Новай Гвінеі.

Гэты рэферэндум — не першая спроба астраўлянаў атрымаць суверэнітэт ад папуасаў. Незалежнасць на Бугенвілі намагаліся абвясціць у 1975 і 1990 гадах. Спроба 1990-га вылілася спачатку ў крывавую мясарубку, а пасля ў марскую блакаду, ад якой памерлі каля 15 тысяч чалавек. Умовай для часовага міру стала большая аўтаномія для вострава і згода цэнтра на правядзенне з часам плебісцыту наконт суверэнітэту.

Гэтым разам спроба дамагчыся незалежнасці абышлася без крыві. Па выніках падліку 181 тысячы выбарчых бюлетэняў, амаль 177 тысяч чалавек (больш за 97 працэнтаў) прагаласавалі за незалежнасць, і толькі тры тысячы — за захаванне статус-кво.

Асноўным драйверам незалежніцкіх настрояў лічыцца мясцовая шахта Panguna — адзін з найбуйнейшых у свеце медна-залатых руднікоў. У свой час аж дзве траціны бюджэту Папуа — Новай Гвінеі фарміравалася за кошт прыбыткаў з Panguna, што стварыла цэнтральнаму ўраду ў вачах мясцовых жыхароў імідж пара­зітаў. Урад Папуа — Новай Гвінеі спрабаваў збольшага стрымаць сепаратысцкі элемент за кошт жаўнераў з замежных прыватных вайсковых фарміраванняў, але, як засведчылі вынікі апошняга рэферэндуму, безвынікова.

Праўда, рэферэндум мог і не адбыцца. У Порт-Морсбі (сталіцы Папуа — Новай Гвінеі) заявілі пра адсутнасць у бюджэце неабходных для яго правядзення грошай. Арганізатарам апытання дапамагло замежжа. Акушэрамі незалежнасці Бугенвілю называюць ЗША, Аўстралію, Новую Зеландыю і Японію, які прафінансавалі правядзенне плебісцыту, выклаўшы каля 7 мільёнаў долараў ЗША. Наглядальнікам на выбарах, дарэчы, выступіў экс-прэм’ер Ірландыі.

Унёсак Вашынгтона і саюзнікаў у незалежнасць выспы тлумачаць рэгіянальнай канкурэнцыяй з Кітаем, які даўно ўключыў паўднёвую частку Ціхага акіяну ў сваю стратэгічную ініцыятыву Belt and Road Initiative. У гэтую восень Пекін запісаў сабе ў актыў шэраг перамог. У прыватнасці, Кітаю ўдалося наладзіць дыпламатычныя зносіны з дзвюма ціхаакіянскімі дзяржавамі — Саламонавымі астравамі і Рэспублікай Кірыбаці. Перадумовай для абмену пасламі стала адмова абодвух згаданых краін ад дыпламатычных кантактаў з Тайванем, дзяржаўнасць якога Пекін не прызнае.

Лічыцца, што абвяшчэнне незалежнасці Бугенвілю стрымае амбіцыйныя планы Пекіна. У тым ліку гэта агідная поўха па прэстыжы ўрада Папуа — Новай Гвінеі — самага буйнога рэгіянальнага кітайскага партнёра. Прэм’ер краіны папрасіў паўзу, каб асэнсаваць сітуацыю, якая склалася. Так ці інакш, паводле дамовы, канчатковы лёс Бугенвілю залежыць ад рашэння нацыянальнага парламента.

Пакуль у Порт-Морсбі і ў Пекіне чухаюць патыліцы, Бугенвіль трапіў у фокус увагі ўсіх сепаратыстаў планеты, у тым ліку і еўрапейскіх. Для іх мараль апісанай гісторыі відавочная: межы ў сучасным свеце — рэч непастаянная, і вызначаюцца яны толькі здольнасцю дзяржавы ўтрымліваць тэрыторыі ў сваім складзе.

Найбольш эмайцыйна каментуюць падзеі на выспе ў Шатландыі. Тут шмат хто абураны планамі Лондана ўжо ў студзені рэалізаваць Brexit. Шатландцы, якія ў большасці за еўрапейскі выбар, збіраюцца застацца ў складзе ЕС праз абвяшчэнне незалежнасці. Прычым Эдынбург абяцае правесці адпаведны плебісцыт як мага хутчэй — і магчыма, нават не маючы фармальнай санкцыі з Даўнінг-Стрыт.

Казус Бугенвілю яшчэ больш мабілізуе на рашучыя крокі. «Незалежнасць Бугенвілю му­сіць узгадніць урад Папуа — Новай Гвінеі. Калі той адмовіць астраўлянам, то справа пяройдзе на разгляд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, статут якой гарантуе права народу на самавызначэнне. Такім чынам, можа ўзнікнуць юрыдычны прэцэдэнт, калі любая нацыя можа патрабаваць суверэнітэту, звярнуўшыся ў інстытуты ААН», — піша на старонках The Guardian адзін з лідараў шатландскіх нацыяналістаў.

З іншага боку, у кітайцаў, як адзначае нямецкі Tageszeitung, яшчэ ёсць варыянт пакінуць выспу ў арбіце свайго ўплыву. Паводле ацэнак спецыялістаў, для перазапуску працы на шахце Panguna трэба 4,5 мільярда долараў. Зрабіць такую салідную інвестыцыю пакуль здольны выключна Пекін, што можа ўсур’ёз паслабіць сепаратысцкія настроі. Як вынік, незалежнасць Бугенвілю можа скончыцца, так, па-сутнасці, і не пачаўшыся.