Welcome to Belarus. Але спачатку парайцеся з юрыстам

З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца замежнікі, што хочуць прыехаць у Беларусь, і чаму яны могуць сядзець у беларускіх ізалятарах гадамі?

rb.jpg

Не ўсім замежнікам у Беларусі рады

Грамадская прыёмная праваабарончай ініцыятывы Human Constanta была адкрыта яшчэ ў 2017 годзе. Тут кансультуюць замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія знаходзяцца ці маюць намер прыехаць на тэрыторыю Беларусі. За 2018 год у прыёмную звярнуліся 134 чалавекі з 39 краін.

— Інфармацыі пра тое, як жыць у Беларусі, вельмі мала, дзяржаўных крыніц не хапае, Беларусь усё яшчэ застаецца інфармацыйна закрытай краінай і выклікае перасцярогі ў людзей, якія хочуць сюды прыехаць, — кажа каардынатарка па абароне правоў замежных грамадзян і асоб без грамадзянства Эніра Браніцкая.

Пасля году працы прыёмнай праваабаронцы вылучылі шэраг праблемных кірункаў, па якіх да іх звяртаюцца людзі. Адзін з іх тычыцца агульных адміністрацыйных працэдур (рэгістрацыя, атрыманне віду на жыхарства). Па словах Эніры Браніцкай, праблемы часта паўстаюць праз тое, што супрацоўнікі аддзелаў па грамадзянстве і міграцыі не ўспрымаюць сваю працу як сервіс, робяць яе, сыходзячы са свайго пункту гледжання, нібыта аказваюць пазыку.

У беларускім заканадаўстве ёсць паняцце «непажаданыя ў міграцыйным плане краіны». Азначэння гэтага тэрміну няма, як і дакладнага спісу такіх краін – прынамсі, праваабаронцам так і не ўдалося яго атрымаць. Вядома, што праблемы на ўездзе ў Беларусь узнікалі ў грамадзян такіх дзяржаў, як Алжыр, Емен.

— Калі людзі хацелі запрасіць у Беларусь сваіх знаёмых з гэтых краін, ім адмаўлялі. Для нас гэта застаецца праблемай, мы спрабуем гэта абскардзіць, — кажа праваабаронца

Па словах юрысткі грамадскай прыёмнай Алёны Чаховіч, часам людзям, якія збіраюцца напісаць адпаведную заяву, вусна кажуць, што яны могуць нават не спрабаваць гэта рабіць, бо ім усё роўна адмовяць. Такія адмовы можна абскарджваць у судзе, але працэнт такіх абскарджванняў юрыстам невядомы.

Тыя ж замежнікі, якім удалося прыехаць у Беларусь, у асноўным сутыкаюцца з цяжкасцямі пры афармленні часовай рэгістрацыі, падачы дакументаў на атрыманне дазволу на часовае ці пастаяннае пражыванне.

Што будзе з Мехрдадам?

Яшчэ адна праблема – знаходжанне замежных грамадзян у закрытых установах, ізалятарах, калоніях. Статыстыка абмежаваная і праваабаронцам не ўдалося даведацца, колькі замежнікаў у Беларусі затрымліваецца, колькі падлягае дэпратацыі. Магчыма, дзяржава ўвогуле не вядзе такой статыстыкі.

За мінулы год сярод такіх гісторый найбольш паказальнай была справа брытанца Алана Сміта, якую асвятляў «Новы Час». На шчасце, знаходжанне Алана ў віцебскай калоніі ўжо мінула і брытанец змог вярнуцца на радзіму. Як зазначаюць праваабаронцы, шмат залежыць ад начальніка ўстановы, у якой утрымліваецца чалавек. Звязацца з міграцыйнай службай, сваякамі, консульствам можна толькі з яго дазволу. Часам людзі многія месяцы і нават гады знаходзяцца ў складанай ізаляцыйнай сітуацыі, бо праз моўны бар’ер не могуць звязацца нават з аховай. Існуе і праблема з перадачамі для зняволеных замежнікаў, бо іх дазволена прымаць толькі ад сваякоў, і не ва ўсіх яны ёсць у Беларусі.

Замежнікі, што затрымліваюцца на нашай тэрыторыі без дакументаў, падлягаюць ідэнтыфікацыі асобы, як гэта здарылася з іранцам Мехрдадам Джамшыдзіянам. На час ідэнтыфікацыі чалавека змяшчаюць у ізалятар. І, хоць гэтыя ўстановы не прадугледжаныя для доўгачасовага ўтрымання, замежнікі могуць знаходзіцца там неабмежаваны час. Бо дакладных тэрмінаў для ідэнтыфікацыі няма – гэта можа цягнуцца гадамі. Не прадугледжана і альтэрнатыва для такіх людзей. Мехрдад знаходзіцца ў зізалятары на Акрэсціна з чэрвеня, улетку ў яго там здарыўся сардэчны прыступ, але гэта ніяк не паўплывала на яго ўтрыманне.

Мехрдад Джамшыдзіян жыў у Беларусі з 1993 года, працаваў, меў сям’ю. У 2012 годзе ў Іране забілі яго сваякоў, і падазрэнне пала на Мехрдада, хоць ён у гэты час знаходзіўся ў Беларусі. Яшчэ сем гадоў таму Іран запатрабаваў экстрадыцыі Джамшыдзіяна, але тады Беларусь адмовіла, бо іранскі бок не прадаставіў усіх дакументаў. Цяпер жа іранца чакае дэпартацыя за парушэнне правілаў знаходжання замежнікаў на тэрыторыі Беларусі, бо ў яго пратэрмінаваныя дакументы.

У той жа час, адмовіўшы ў экстрадыцыі Мехрдада, Беларусь прыняла рашэнне аб яго высылцы. Але рашэнне было прыпынена, бо мужчына падаваў заявы на атрыманне статуса бежанца ў 2013 і 2015 гадах, і тры гады чакаў адказу беларускіх уладаў. Аднак яму адмовілі, і Мехрдад стаў чалавекам без дакументаў. Справа ў тым, што за час чакання статусу бежанца ў мужчыны скончыўся тэрмін дзеяння яго іранскага пашпарту, і тады ж, у 2016 годзе, яго пазбавілі віду на жыхарства. Нават каб атрымаць часовую рэгістрацыю, Джамшыдзіяну патрэбны дзеючы дакумент.

У 2017 годзе Камітэт ААН па правах чалавека вырашыў, што, пры адсутнасці справядлівага суда ў Іране, Мехрдад можа быць падвергнуты там катаванням і смяротнай кары, таму Беларусь не павінна яго высылаць. І пэўны час наша дзяржава прытрымлівалася рашэння КПЧ. Аднак цяпер прыняла рашэнне аб дэпартацыі.

Рашэнне было прынятае і ўступіла ў сілу 7 сакавіка, а ўручылі яго Мехрдаду толькі 15-га. 18 сакавіка ён падаў скаргу, і суд цягам трох дзён павінен яе разгледзець. Але паколькі абскарджванне не ўплывае на ўступленне рашэння ў сілу, рызыка высылкі ў любы момант вялікая.

— Дэпартацыя Мехрдада будзе парушэннем Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канвенцыі ААН супраць катаванняў. У 2002 годзе ён прыняў праваслаўе, і ў Іране гэта таксама караецца смерцю. Наш закон «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства» таксама кажа, што Беларусь не павінна высылаць чалавека на тэрыторыю краіны, дзе яму пагражаюць катаванні і смяротная кара, таму рашэнне аб дэпартацыі супярэчыць і нашаму заканадаўству, — зазначае Эніра Браніцкая. — Чалавек здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне — гэта штраф ці максімум 15 сутак, але ён знаходзіцца ў зняволенні ўжо 9 месяцаў. У яго жонкі чацвёртая стадыя раку. Але ва ўсіх запытах на дазвол чакаць дэпартацыі дома яму адмоўлена.

Праваабаронцы ўжо накіравалі ў МЗС і МУС петыцыю супраць высылкі Мехрдада, якую падпісалі 1000 беларусаў — тых, чыёй бяспецы, на думку беларускіх уладаў, пагражае яго знаходжанне тут. Таксама яны звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта, паколькі кіраўнік дзяржавы мае права аднаасобна адмяніць дэпартацыю і даць Мехрдаду статуса бежанца.

Ці пачуюць парламентарыі?

Праваабаронцы адзначаюць і праблему доступу замежнікаў да прававой дапамогі. Пры затрыманні яны не могуць самі сабе наймаць адвакатаў. Калі па крымінальных справах у нас прадугледжана права на дзяржаўнага адваката, то па адміністрацыйных працэдурах, калі ніхто звонку не можа заключыць дамову з адвакатам, замежнік не атрымае прававую дапамогу. Трэція асобы могуць заключаць дамовы з адвакатамі ў адносінах да замежнікаў, але для юрыстаў праблема нават у тым, каб даведацца пра зняволеных замежнікаў.

З пазітыўных бакоў юрысты Human Constanta адзначаюць забеспячэнне правоў замежнікаў падчас судовых працэсаў па крымінальных справах, напрыклад, ім прадастаўляюць перакладчыкаў.

Ужо на вясновай сесіі парламенту будзе разглядацца ўнясенне зменаў у закон «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства». Свае рэкамендацыі падрыхтавалі і праваабаронцы. Так, найперш яны хацелі б прыбраць з заканадаўства дэфініцыю краін, непажаданых у міграцыйных адносінах. Таксама лічаць неабходным праводзіць рэгулярнае навучанне супрацоўнікаў міграцыйных службаў. Апроч таго трэба ўстанавіць судовы парадак прыняцця рашэння аб высылцы замежнікаў, устанавіць максімальны тэрмін утрымання ў ізалятары пры пытаннях ідэнтыфікацыі асобы.

Прапаноў у юрыстаў яшчэ шмат, і парламентарыям нядрэнна было б да іх прыслухацца, бо ёсць тыя, для каго недасканаласць у заканадаўстве абарочваецца зламаным жыццём.