«За буйнымі гандлёвымі сеткамі стаяць беларускія алігархі. Дзяржава — на іх баку»

Ці дапамогуць чыноўнікі справядліва раскласці тавары па паліцах?

1497776665_fototovar_171.jpg

Айчынныя вытворцы паскардзіліся на праблемы з доступам на паліцы буйных крамаў. У прыватнасці, у Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) такія скаргі паступілі ад ААТ «Чырвоны харчавік», ГП «Салодкая краіна», ЗПУВП «Смак», ААТ «Лідахлебапрадукт».
У сувязі з гэтым у міністэрстве прайшла нарада з удзелам дзяржорганаў, прадстаўнікоў пастаўшчыкоў і гандлёвых сетак. Намеснік міністра Ірына Наркевіч запэўніла, што будуць падрыхтаваны рэкамендацыі аб прадастаўленні інфармацыі аб умовах доступу тавараў у гандлёвыя сеткі.
— Беларуская прадукцыя — гэта зарплата ў калектывах, што вырабляюць прадукцыю, гэта падаткі ў бюджэт, гэта пенсійны фонд і многае іншае, важнае для кожнага з нас, — падкрэсліла Ірына Наркевіч.
Ці атрымаюць беларускія вытворцы самыя лепшыя месцы на паліцах?

Маргелаў: Выбар павінна рабіць крама

— Усё адно хтосьці будзе пакрыўджаны, — лічыць сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, уладальнік харчовых магазінаў Віктар Маргелаў. — Рынку трэба крытэрыі вызначаць: чый тавар, у якім аб'ёме і на якой паліцы выкладваць.
Паводле яго слоў, асартымент беларускіх вытворцаў як мінімум у тры разы перавышае аб'ёмы паліц.
— Тавар павінен паказаць, што ён мае патэнцыял для высокіх продажаў. У адваротным выпадку яго здымуць з паліцы. У любым выпадку, выбар павінна рабіць крама, — падкрэслівае бізнесмен.
Лідэр прадпрымальнікаў прымаў удзел у згаданай нарадзе, і мяркуе, што нават, калі МАРГ запатрабуе больш празрыстых паводзін, гандлёвыя сеткі могуць апублікаваць на сваіх сайтах патрабаванні, але рабіць будуць па-свойму.
Сёння трэба збалансаваць дзейнасць: панізіць прыбытковасць буйных сетак і павысіць яе за кошт малых крамаў. У адваротным выпадку мы застанемся без іх. У некаторых раёнах Мінска (Фрунзенскім, Маскоўскім) гэта ўжо адбылося. Там засталіся 2-3 буйныя гандлёвыя сеткі, і людзі выбіраюць паміж крамамі Еўраопта. Па сутнасці, выбару ў іх няма, — падкрэслівае Віктар Маргелаў.


Жаліба: За буйнымі гандлёвымі сеткамі стаяць беларускія алігархі

Доктар эканамічных навук Барыс Жаліба адзначае, што ў Беларусі пастаянна ідзе няроўная барацьба паміж буйнымі сеткамі і астатнімі гандлёвымі прадпрыемствамі.
— У мяне такое ўражанне, што за буйнымі гандлёвымі сеткамі стаяць беларускія алігархі. Дзяржава — на баку гэтых алігархаў, — мяркуе прафесар.
Ён лічыць, што ў першую чаргу трэба ўлічваць інтарэсы тых, хто стварае матэрыяльныя даброты.
— Атрымліваецца, гандлёвыя сеткі дыктуюць сваю волю вытворцам, навязваюць ім заніжаныя кошты, па якіх яны прадаюць тавар, каб забяспечыць сабе бонусы. Антыманапольны орган павінен рэгуляваць гандлёвую прастору, каб была нармальная канкурэнцыя, — лічыць эканаміст.
На яго думку, у Беларусі ўшчамляецца гандлёвы сектар, які не адносіцца да сетак.
— У Мінску плануюць прыбіраць латкі з гароднінай і садавінай. Я лічу, што гэта робіцца пад уплывам гандлёвых сетак, каб звузіць выбар насельніцтва. Для іх была б ідылія, калі застануцца «Прастор», «Карона» і больш нічога, — кажа прафесар.
Ён нагадвае, што ў Міністэрстве гандлю і антыманапольнага рэгулявання ёсць адміністрацыйныя рычагі, якія трэба задзейнічаць на абарону сярэдняга і дробнага гандлю.
— Трэба, каб месца пад сонцам хапіла ўсім, — заключае Барыс Жаліба.

Раманчук: Рэгуляваць паліцы ў прыватных крамах — гэта трызненне эпохі позняга Брэжнева

Кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што прадастаўленне льгот асобным вытворцам на размяшчэнне тавараў на паліцах крам — нішто іншае, як умяшальніцтва ў камерцыйную дзейнасць.
— Гіпермаркет — прыватная арганізацыя. Кожнае гандлёвае прадпрыемства мае права купляць тавары там, дзе хоча, і прадаваць на ўмовах, якія лічыць патрэбнымі. Рэгуляванне гандлю ў такім фармаце з'яўляецца абуральнай праявай бальшавізму і непрымальна для краіны, якая прэтэндуе на стварэнне канкурэнтных умоў для прыцягнення інвестараў і для росквіту прадпрымальнікаў, — адзначае эканаміст.
Ён лічыць, што МАРГ не займаецца галоўнай сваёй задачай: абмежаваннем паўнамоцтваў манаполій, а таксама прасоўваннем і развіццём канкурэнцыі.
На думку кіраўніка Навукова-даследчага цэнтра Мізэса, чыноўнікі ідуць на ланцугу не толькі гіпермаркетаў, падаючы ім бясплатную зямлю для гандлёвых аб'ектаў, але таксама малога і сярэдняга бізнесу, абяцаючы нейкія квоты.
Эксперт лічыць, што вытворцам, у якіх узніклі праблемы з доступам у гандаль, неабходна кааперавацца. У якасці прыкладу ён прыводзіць Новую Зеландыю, дзе аб'ядноўваюцца фермеры.
— Яны робяць вытворчасць, брэндзіруюць тавары, валодаюць уласнымі крамамі. Гэтая краіна з'яўляецца найбуйнейшым у свеце экспарцёрам харчавання. І нікому ў Новай Зеландыі ня прыйдзе ў галаву думка рэгуляваць паліцы ў прыватных крамах. Гэта трызненне эпохі позняга Брэжнева, — падкрэслівае Яраслаў Раманчук.
Паводле udf.by