За крытыку ўлады — лячыць ад трызнення
80-гадоваму Аляксандру Лапіцкаму паставілі дыягназ «трызненне».
Мінчука прызналі вінаватым у публічнай абразе кіраўніка Беларусі, генеральнага пракурора Аляксандра Канюка, а таксама шэрагу беларускіх суддзяў ды пракурораў. Такое рашэнне прыняў 12 ліпеня сталічны суд Фрунзенскага раёну.
Першы раз справа разглядалася ў красавіку. Падставай для прыцягнення пенсіянера да крымінальнай адказнасці сталі яго звароты да чыноўнікаў, у якіх ён выкарыстаў непрыстойныя выразы.
Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што Лапіцкі сапраўды выкарыстоўваў такія выразы, але ён не канкрэтызаваў, у адрас каго канкрэтна яны накіраваныя. Такім чынам, лічаць праваабаронцы, у дачыненні да пенсіянера можна было пачаць адміністрацыйны працэс, але не крымінальны пераслед.
У сваіх зваротах Лапіцкі скардзіўся на незаконны, паводле яго, прысуд у дачыненні да ягонага сына, прызнанага вінаватым у збіцці сваёй жонкі, і каментаваў выбух у мінскім метро, да якога, паводле пенсіянера, мае дачыненні Аляксандр Лукашэнка.
У красавіку суд Фрунзенскага раёна прызнаў Лапіцкага вінаватым і пастанавіў накіраваць яго на прымусовае лячэнне, бо экспертыза паказала, што ў мужчыны хранічнае псіхічнае захворванне. Мянчук паспрабаваў абскардзіць рашэнне суддзі.
Паводле праваабаронцы Алега Волчака, 12 ліпеня падчас паўторнага разгляду справы ў суд быў запрошаны адзін з чатырох экспертаў у галіне псіхіятрыі, які раней даваў заключэнне аб псіхічным стане Аляксандра Лапіцкага. «Мы так і не атрымалі ад псіхіятра адказу, у чым выяўлялася, як ён сцвярджае, «трызненне» Лапіцкага», — адзначыў праваабаронца.
Праваабаронцы ўпэўненыя, што рашэнне суддзі накіраваць Лапіцкага на стацыянарнае псіхіятрычнае лячэнне пад асаблівым кантролем незаконнае.
Аляксандр Лапіцкі збіраецца абскардзіць гэтае рашэнне ў Мінскім гарадскім судзе.