Закрываецца чарговая крама нацыянальнай сімволікі. Гэтым разам у Оршы

«Цудоўная крама» атрымала наказ ад Міністэрства надзвычайных сітуацый, праз які ўстанова закрыецца ўжо ў ліпені, распавядае «Свабода».

119e84ec_0b95_4057_a940_ca391fd679e1_w1023_r1_s.webp

«Цудоўная крама» адкрылася 30 лістапада 2019 года, але ўжо праз год упершыню пазбавілася свайго памяшкання. Праверкай прадпрымальніцкай дзейнасці ўладальніка крамы, праваабаронцы Ігара Казмерчака, заняўся Дэпартамэнт фінансавых расследаванняў. Фінансавая міліцыя аштрафавала яго на 486 рублёў за парушэнне парадку гандлю. Тады забралі кампутар ды фінансавую дакументацыю.

Крама ў снежні 2020 года пераехала з прывакзальнага раёна ў цэнтр Оршы, тады скасаванне дамовы арэнды Казмярчак назваў «палітычна матываваным ціскам».

У ліпені 2021 года Казмерчака двойчы затрымлівалі, ён стаў падазраваным па крымінальнай справе аб псаванні маёмасці, а ў яго кватэры правялі ператрус. Сілавікі зноў заходзілі і ў краму.

Спачатку ўладальніку далі месяц на распродаж, тады «Цудоўная крама» паабяцала да свайго закрыцця 16 жніўня зрабіць вялікія зніжкі і распрадаць тавар, аднак 20 ліпеня Ігар Казмерчак паведаміў, што МНС сваёй пастановай закрывае краму неадкладна.

«Хаця і шкада, але катастрофы ў гэтым не бачу. Ужо некалькі месяцаў таму мы камандай разважалі пра тое, што крама ўжо выканала сваю функцыю і змаганне за яе існаванне выцягне шмат сіл», — напісаў Казмерчак у Фэйсбуку.

Пасля частых візітаў дзяржаўных органаў мусілі закрыцца ці зазналі сур’ёзныя цяжкасці ў далейшай працы крамы «Князь Вітаўт», «Symbal.by», «Росквіт», «Мой модны кут», «Honar», «Vokladki», БЧБ.бел, «Адметнасць», «Цудоўная крама», «Хамелеон», «LSTR Adzieńnie», майстэрня «Moj rodny kut» і іншыя. У чэрвені ў Мінску зачынілася папулярная крама нацыянальных тавараў «Будзьма».

«Цудоўная крама» ў Оршы была адной з нешматлікіх крам нацыянальных тавараў па-за межамі Мінска. У ёй прадавалі тавары з нацыянальнымі сімваламі, а таксама прадукцыю народных майстроў, адзенне, сувеніры, звязаныя з Аршаншчынай. Крама была адной з нешматлікіх у горадзе, дзе ўсё афармленне і абслугоўванне вяліся на беларускай мове.