Запрасілі на прафілактычную гутарку. Ці браць з сабой адваката і ці паказваць падчас гутаркі тэлефон?

На гэтыя і іншыя пытанні «Белсату» адказвае юрыстка Беларускага Хельсінкскага камітэта Тамара Сідарэнка.

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў


Прафілактычныя размовы з палітычнымі актывістамі напярэдадні мірных пратэстаў — ужо сталая практыка для міліцыі. Сёлета ж яны выклікаюць на гутарку нават тых, хто хоць раз быў пакараны паводле артыкула аб масавых мерапрыемствах.
Наколькі гэта законна і як паводзіцца падчас гэткіх размоў, распавяла юрыстка Беларускага Хельсінкскага камітэта Тамара Сідарэнка.



Каго могуць выклікаць на прафілактычную размову?

Ёсць такая фармулёўка: прафілактычная гутарка можа быць з грамадзянінам, паводзіны якога ў грамадскіх месцах, па месцы жыхарства, працы і вучобы або лад жыцця даюць падставу меркаваць аб магчымасці здзяйснення ім правапарушэння. Вось такая вельмі шырокая, усёабдымная фармулёўка.


Якім чынам мусіць выглядаць выклік на прафілактычную размову?

Пісьмовыя выклікі. Магчыма, гэта будзе СМС. Цяпер сталі вядомыя выпадкі, калі да людзей проста прыязджаюць і ставяць перад фактам: ідзём на прафілактычную гутарку — і пад белыя рукі вязуць кудысьці. Я лічу адназначна, што гэта парушэнне не толькі гэтага закону, але і права грамадзян на свабоду.

Як мусіць дакументавацца прафілактычная размова?

Гутарка. Напісана: не больш за гадзіну. Падчас гутаркі складаецца пратакол. Але гэта на ласку службовай асобы. Прынамсі, хадайнічаць аб тым, каб складаўся пратакол, можа любая асоба. Таму што гэта права асобы, каб былі зафіксаваныя дзеянні, якія праводзяцца ў дачыненні да яе.

Ці можна адмовіцца ад прафілактычнай размовы?

Прэзумпцыя такая, што орган, у дадзеным выпадку ўнутраных спраў, зыходзіць з нейкіх законных падстаў. Тым больш падставы нейкія ў законе прадугледжаныя. Таму прамой адмовы я б не раіла, бо можа паўстаць пытанне аб адміністратыўнай адказнасці.



Ці можна ісці на прафілактычную размову з абаронцам?

На прафілактычную гутарку, як і на любое іншае дзеянне, прававая дапамога адваката распаўсюджваецца. Гэта прадугледжана артыкулам 62 Канстытуцыі Беларусі.



Які юрыдычны статус чалавека, які ідзе на прафілактычную размову?

У Крымінальным кодэксе ёсць статус «падазраваны», «абвінавачаны», «сведка» і іншыя. У Адміністратыўным кодэксе ёсць статус. А тут я б так пазначыла: «статус асобы, у дачыненні якой ажыццяўляюцца індывідуальныя прафілактычныя дзеянні, праца».



Ці могуць падчас такой размовы правесці допыт аб нейкім правапарушэнні?

Тады грамадзяніну павінны растлумачыць яго іншыя правы. У якасці каго яго апытваюць. Але трэба памятаць сваё права таксама: не сведчыць супраць сябе і супраць сваіх блізкіх сваякоў.



Ці могуць падчас размовы патрабаваць паказаць тэлефон?

Межы гутаркі пазначаныя ў законе! Чалавеку тлумачыцца супрацьпраўнасць яго паводзін — усё! Нічога іншага, ніякіх іншых дзеянняў у гэтым законе не прадугледжана і не пазначана. Агляд, ператрус і іншае — гэта ўжо дзеянні, прадугледжаныя альбо адміністратыўным заканадаўствам, альбо крымінальным.



Куды падаваць скаргу, калі падчас прафілактычнай размовы парушылі вашы правы?

Дзеянні, звязаныя з запрашэннем або вось такім затрыманнем і прывядзеннем у міліцыю для прафілактычнай гутаркі, з формай гутаркі, з працягласцю гутаркі — такога роду дзеянні, якія, на думку грамадзяніна, парушаюць яго правы, могуць быць аспрэчаныя ў вышэйшай інстанцыі. Гэта значыць, начальніку міліцыі, начальніку РУУС альбо можна ў пракуратуру, можна ў суд.