Злачыннасць у Беларусі — без лічбаў, але ў працэнтах
Генпракуратура адсправаздачылася па сітуацыі ў краіне за мінулы год.
![Ілюстрацыйнае фота «НЧ» Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/_belarus_dai_milicyja_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
У Генпракуратуры расказалі пра ўзровень злачыннасці ў краіне ў 2022 годзе. Паводле ведамства, агульная колькасць выяўленых злачынстваў павялічылася на 1%.
Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва «БелТА», забойстваў і спроб іх зрабіць стала менш на 15,8%, наўмысных прычыненняў цяжкіх цялесных калечанняў — на 5,6%, рабаванняў — на 2,8%, вымагальніцтваў — на 8,8%, хуліганстваў — на 9,2%. На 27,6% зменшылася колькасць выпадкаў кіравання асобай транспартным сродкам у стане ап'янення, на 16,1% — наўмыснага знішчэння або пашкоджання маёмасці, на 13,6% — крадзяжоў маёмасці шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі. Выяўлена на 7,6% менш злачынстваў, учыненых асобамі з судзімасцю.
![Кіраўнік СК Дзмітрый Гара даў справаздачу па "экстрэмісцкіх справах" Следчы камітэт: у палітычных справах «намячаецца станоўчая тэндэнцыя»](/img/v1/images/_belarus_sledczy_kamitet_milicyja_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Але не ўсё так паспяхова ў статыстыцы пракурораў. Напрыклад, на 10,7% вырасла колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў; злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап'янення (+1,8%) і групай асоб (+11%); злачынстваў, звязаных з гвалтам у сям'і (+4%). Стала больш крадзяжоў (+1,1%), махлярстваў (+55,6%), выкраданняў транспартных сродкаў (+7,5%).
Пагоршыліся і паказчыкі сямейнага недабрабыту: на 5,6% вырасла колькасць дзяцей, якія маюць патрэбу ў дзяржабароне, і на 22% — тых, чые бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Летась пракуроры вынеслі каля 4 тысяч актаў нагляду за парушэнні заканадаўства аб прафілактыцы злачыннасці, сексуальнага гвалту, сямейнага недабрабыту.
Таксама Генпракуратура паведамляе, што па выніках праверак устаноў аховы здароўя розных узроўняў у 2022 годзе распачаты 43 крымінальныя справы, сума «нанесенай шкоды» па якіх перавысіла 9 млн. рублёў. Выяўленыя кантралёрамі недахопы тычыліся «ранняга выяўлення (скрынінгу) анкалагічных захворванняў, правядзення аперацый па эндапратэзаванні буйных суставаў, закупкі абсталявання і медыцынскіх вырабаў, неэфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў», заяўляюць пракуроры.
![Што стаіць за арыштамі медыкаў? Што стаіць за арыштамі медыкаў?](/img/v1/images/_covid___kavid___pandemija___masaczny_rezym__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_2.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Аналагічныя праверкі праводзіліся і на прадпрыемствах. Унесена 1068 актаў нагляду, а па іх выніках 842 асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай, матэрыяльнай і маёмаснай адказнасці. Па патрабаванні пракурораў пакрыта шкода на агульную суму каля 13 млн. рублёў.
Цікавы факт: паводле справаздачы Генпракуратуры, колькасць буйных прадпрыемстваў-даўжнікоў у 2022 годзе ў параўнанні з 2021-м зменшылася з 28 да 19. Ці паўдзельнічала ў гэтым дзяржава, ці прадпрыемствы сталі банкротамі, ведамства не растлумачыла.