Адбылася прэзентацыя беларускамоўных календароў
16 студзеня ў Палацы мастацтваў у межах кампаніі “Будзьма! адбылася прэзентацыя беларускамоўных календароў на 2012 год, выдадзеных рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. У прэзентацыі удзельнічалі старшыня ТБМ Алег Трусаў, першы намеснік старшыні аб’яднання Алена Анісім і аўтар дызайну календароў, мастак Ігар Марачкін.
16 студзеня ў Палацы мастацтваў у межах кампаніі “Будзьма! адбылася прэзентацыя беларускамоўных календароў на 2012 год, выдадзеных рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны.
У прэзентацыі удзельнічалі старшыня ТБМ Алег Трусаў, першы намеснік старшыні аб’яднання Алена Анісім і аўтар дызайну календароў, мастак Ігар Марачкін.
Як адзначыў Трусаў, 20 узораў насценных каляровых календароў, выдадзеных таварыствам у межах праекта “Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці, фінансаванага амбасадай ЗША ў Беларусі і падтрыманага Міністэрствам культуры, а таксама Нацыянальным гістарычным музеем. Паводле яго слоў, на паліграфічнай прадукцыі з эмблемай ТБМ і лагатыпам “Захаваем нашу гістарычную спадчыну прадстаўлены выявы 9 шэдэўраў беларускага дойлідства ў Гомелі, Віцебску, Заслаўі, Ішкалдзі (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці), Лагойску, Лідзе, Магілёве, Мінску і Мсціславе, а таксама вобразы шэрагу выбітных беларускіх краязнаўцаў, у тым ліку Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў, Мікалая Каспяровіча і Юрася Малаша.
Сярод вядомых узораў айчыннай архітэктуры, увасобленых у календарах, — помнік псеўдарускага стылю Гомельская капліца-спачывальніца князёў Паскевічаў, пабудаваная ў апошняй траціне XIX стагоддзя, і Гомельскі Петрапаўлаўскі класічны сабор, узведзены на пачатку XIX стагоддзя, адноўленая Віцебская Добравешчанская царква — помнік полацкай школы дойлідства XII стагоддзя, найстаражытнейшы ў краіне каталіцкі храм — Ішкалдскі Троіцкі касцёл XV стагоддзя ў гатычным стылі, самы стары з захаваўшыхся на Беларусі помнікаў абарончага дойлідства — адноўлены Лідскі замак XIV–XV стагоддзяў, а таксама Мінскі архікатэдральны касцёл барочнага стылю, узведзены на пачатку XVIII стагоддзя.
Старшыня ТБМ паведаміў, што пасля прэзентацыі календароў у сталіцы падобныя акцыі (з студзеня па кастрычнік) адбудуцца у іншых васьмі гарадах, чые помнікі прадстаўлены на паліграфічнай прадукцыі. Так, у студзені запланаваныя прэзентацыі календароў у Мсціславе і Баранавічах.
Падчас гэтых акцый запланаваны бясплатныя раздачы прыкладна па 100 календароў прадстаўнікам школ, бібліятэк, музеяў і іншых устаноў адукацыі і культуры, сказаў Трусаў, Акрамя таго, паводле яго слоў, аўтары праекту хочуць зацікавіць мясцовыя ўлады і краязнаўцаў, каб яны самі рабілі такую паліграфічную прадукцыю і прадавалі яе ў сваіх рэгіёнах. “І першы вынік ўжо ёсць. Так, улады Мсціслава згодны замовіць ТБМ каляндар з выявай помнікаў дойлідства гэтага старажытнага горада накладам некалькі тысяч экземпляраў. І гэта вельмі прыбытковая справа, — адзначыў старшыня таварыства. Паводле яго слоў, календары гэтай серыі выдадзены у некалькіх насценных фарматах, а таксама у настольным варыянце.
Затым Трусаў раздаў удзельнікам прэзентацыі калядны падарунак ад ТБМ — настольны варыянт календара з выявай сталічнай архікатэдры і аўтографам аўтара — Ігара Марачкіна.
У інтэрв’ю “НЧ Алег Трусаў паведаміў, што галоўная задача праекту — прадставіць выбітныя помнікі айчыннага дойлідства па ўсёй краіне, а не толькі ў сталіцы, а таксама зрабіць усё неабходнае, каб гэтыя календары засталіся ў рэгіёне, якому яны прысвечаныя. Вось чаму, паводле яго слоў, для праекту выбраныя гарады з найбольш развітым краязнаўчым рухам.
Трусаў адзначыў, што з 1999 года ТБМ выдае насценныя, настольныя і кішэнныя календары, прысвечаныя нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыне, а таксама юбілеям выбітных беларусаў. У планах таварыства — адраджэнне выпуску беларускамоўных мастацкіх паштовак. Так, у гэтым годзе мяркуецца выданне паштовак з выявамі народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка.
На працягу года ў мінскай сядзібе ТБМ будзе экспанавацца выстава календароў, выдадзеных грамадскім аб’яднаннем.