Акцэнт на моладзі і беларускай драматургіі: чым жывуць гомельскія тэатры
Куранят па восені лічаць, а вось спектаклі — па вясне! Напярэдадні Дня тэатра, які адзначаецца штогод 27 сакавіка, прапануем вашай увазе агляд найбольш знакавых пастановак тэатраў Гомельшчыны за мінулы год.
Гомельскі абласны драматычны тэатр
Гомельскі абласны драматычны тэатр
У свой час мастацкі кіраўнік Гомельскага абласнога драматычнага тэатра Сяргей Лагуценка падкрэсліў: «У 2015 — у Год моладзі — менавіта маладыя акцёры сталі тым лакаматывам, што рухае наперад наш тэатр. За мінулы год мы выпусцілі 4 спектаклі для дарослых і адну казку. Асабліва мы ганарымся сваёй працай «Ён. Яна. Вайна» паводле аповесці «Альпійская балада» знакамітага беларускага класіка Васіля Быкава. У Бабруйску на Фестывалі нацыянальнай беларускай драматургіі ён атрымаў прыз «За лепшую сцэнаграфію". І менавіта гэты спектакль мы прадставім на фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы» ў Чарнігаве ў канцы сакавіка».
Спектакль "Ён. Яна. Вайна" на сцэне гомельскага аблдрамтэатра. Фота Алега Белавусава
У прысвечаным 70-годдзю Перамогі спектаклі граюць усяго тры акцёры. Пастаноўшчыкам стаў малады рэжысёр, вядомы мінскі акцёр, рэжысёр і медыйная персона, у мінулым акцёр менавіта гомельскага тэатра Павел Харланчук-Южакоў. Вядома ставіўся спектакль на беларускай мове.
У ім пісьменна выкарыстаная рэжысёрам класічная музыка і магчымасці святлатэхнікі. А сцэна, якая верціцца класічна, дапамагла пастаноўшчыку ўвасобіць некалькі сучасных прыёмаў і арыгінальных рашэнняў. У спектаклі вельмі выразныя і дакладныя сцэнаграфія і касцюмы Андрэя Меранкова, галоўнага мастака Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Чорна-белая гама касцюмаў і дэкарацый шматзначна расквітае чырвонымі пялёсткамі альпійскіх кветак менавіта ў сцэне кахання экстравертнай італьянкі-гаварунні Джуліі (актрыса Марыя Хадзякова) і інтравертнага беларуса-маўчуна Івана (акцёр Рыгор Жураўлёў), уцекачоў з фашысцкага палону.
Іншасказальны вобраз вайны быў вельмі ўдала прыдуманы рэжысэрам і па-майстэрску увасоблены акцёрам Дзмітрыем Байковым. І маладым гледачам, і старэйшаму пакаленню, якое бачыла выдатны мастацкі кінафільм «Альпійская балада», гэты спектакль абласнога драматычнага тэатра адназначна спадабаўся. Ён — вялікі поспех і вялікі падарунак Перамозе і яё ветэранам ад моладзевай каманды, якая ўвасобіла яго на сцэне.
Гомельскі гарадскі моладзевы тэатр
Гомельскі гарадскі моладзевы тэатр
Калектыў сустрэў 70-годдзе Вялікай Перамогі публіцыстычным спектаклем «СвиДЕТИли?» — інсцэніроўкай Юрыя Вута, напісанай па знакамітай кнізе “Апошнія сведкі” славутай беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч, цяпер ужо і лаўрэата Нобелеўскай прэміі.
Запісаныя ёю на магнітафон ўспаміны людзей, якія сустрэлі вайну дзецьмі і прайшлі праз усе яе жахі і страхі, сталі асновай тэатральнага дзеяння. Усе тры пакаленні трупы Моладзевага тэатра ўдзельнічалі ў гэтай пастаноўцы, што аб'яднала іх сваёй шчымлівай пранізлівасцю. Страшныя ў сваёй шчырасці ўспаміны дзяцей вайны і яе апошніх жывых сведак... Актуальнасць дзейству надаюць відэаматэрыялы, што паказваюць на кінаэкране на задніку сцэны.
Пастаноўшчык спектакля Юрый Вута адмыслова падабраў відэашэраг не толькі з кадраў дакументалістыкі Вялікай Айчыннай вайны, але і з сучасных лакальных войнаў і канфліктаў. Гэта прапаноўвае моладзевай аўдыторыі прымаць класічныя метады тэатральнай драматургіі ў злучэнні з інтэрактыўнымі спосабамі падачы інфармацыі. І менавіта гэта робіць спектакль «СвиДЕТИли?» больш сучасным, даходлівым і запамінальным.
Другой працай на аснове беларускай драматургіі стала фантазія-фарс «Школа LOVEласов». П'еса ў вершах «Школа лавеласаў, або Дон Гуан нехаця» была напісана мінскім акцёрам і шоў-мэнам Артурам Шуляком досыць даўно, але ўвасоблена на сцэне стала менавіта ў Гомелі.
Спектакль "Школа лавеласаў". Фота Анастасіі Аруцюнянц
Пастаноўшчык спектакля Юрый Вута зрабіў гэтую працу па-добраму «студэнцкай», а маладыя акцёры Дзмітрый Попчанка, Аляксей Сіротка, Валянціна Ільюкевіч, Ліза Астрахава і іншыя зрабілі ўсё, каб рассмяшыць публіку да слёз.
Аксана Пьянкова, в.а. дырэктара Моладзевага тэатра падзялілася:
«У 2015 мы ўзмацнілі свой рэпертуар некалькімі новымі спектаклямі. І 2016 год для нас пачынаецца прыгожа — раз'ездамі. Прайшлі нашы гастролі ў Віцебску, у красавіку мы з Гродзенскім абласным тэатрам запланавалі абменныя гастролі, а ў канцы сакавіка да Дня тэатра едзем на Міжнародны моладзевы тэатральны форум «М.@rt.контакт» у Магілёў».
Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек
У 2015 годзе менавіта маладым была даверана пастаноўка спектакля для дарослых «FABLE — байкі» па творах Жана дэ Лафантэна. Запрошаны сямейны дуэт рэжысёра і мастака Юрыя і Таццяны Дзіваковых назваў сваю працу «гармоніяй ўсеагульнага вар'яцтва» і выкарыстаў усе метады класічнай пастаноўкі ды сучаснага перфоманса для рэалізацыі сваіх арыгінальных рашэнняў. Спектакль меў рэзанансны поспех у тэатральнай публікі.
Спектакль "FABLE". Фота Ўладзіміра Ступінскага
Дырэктар гомельскага тэатра лялек Дзмітрый Гарэлік (у цэнтры) разам з мастаком і рэжысёрам спектакля "FABLE" Таццянай і Юрыем Дзіваковымі. Фота Ўладзіміра Ступінскага
А дзіцячы спектакль гомельскіх лялечнікаў «Не ўсе зайцы — трусы» паводле п'есы беларускага драматурга гамяльчаніна Васіля Ткачова ў пастаноўцы Дзмітрыя Гарэліка атрымаў Гран-пры ў намінацыі «Лепшы спектакль» на IV міжнародным фестывалі тэатраў лялек «Ассалаумагалейкум», які праходзіў у казахскім горадзе Актобе.
Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек
Дырэктар тэатра Дзмітрый Гарэлік падкрэсліў: «Нам вельмі важна, што спектакль «Адна абсалютна шчаслівая вёска» да 70-годдзя Перамогі на нашай сцэне ў Беларусі па п'есе Барыса Вахціна з Расіі паставіла малады рэжысёр Ірына Цыпіна з Украіны, а сцэнаграфію і лялек стварыў Канстанцін Крыштаповіч з беларускага Брэста. Мы разам з усімі рэспублікамі СССР і краінамі-саюзнікамі перамаглі калісьці фашызм, і разам адзначылі гэтую слаўную дату нашым спектаклем».
Асаблівую ўвагу ў 2016 годзе тэатр надасць 30-годдзю сумнай даты аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пачынаючы з 1994 года, Гомельскім тэатрам лялек пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускага дзіцячага фонду праводзіцца дабрачынная акцыя "Тэатр — дзецям Чарнобыля". У межах яе штогод даецца больш за 50 спектакляў для дзяцей, што пражываюць у найбольш пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнах Гомельскай вобласці.
Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа
У 2015 годзе гомельскія і мазырскія гледачы ўбачылі спектакль «Лялькі» па аднайменнай п'есе гомельскіх драматургаў Васіля Ткачова і Юрыя Вута.
Спектакль "Лялькі". Фота Сяргея Шапавалава
Гэта ўжо не першы досвед сумеснага напісання п'ес прафесійным пісьменнікам і драматургам Ткачовым у садружнасці з прафесійным акцёрам Вутта, які потым сам і ажыццяўляе іх пастаноўкі на сцэне. Верагодна, менавіта таму іх творы выбудаваныя вельмі пісьменна з кропкі гледжання драматургіі ды рэжысуры.
Задумка п'есы належыць Васілю Ткачову, які прыдумаў сюжэт пра тое, як тры маладыя жанчыны Вера, Надзея і Любоў нараджаюць у самым пачатку вайны сваіх першых дзяцей і застаюцца з імі на акупаванай немцамі тэрыторыі. Юрый Вута прапанаваў у звязку з гэтым адразу некалькі сюжэтных ліній.
Пастаноўшчык спектакля «Лялькі» — Юрый Вутта, рэжысёр — Багдан Арлоўскі. Акцёры Мазырскага тэатра, безумоўна, упрыгожылі яго сваім шчырым выкананнем і глыбокім пранікненнем у псіхалогію сваіх персанажаў. Чаго варта пісьменна выбудаваная драматургамі, пастаноўшчыкам і ігрой акцёраў сітуацыя, калі маладая жанчына Вера (актрыса Валянціна Рослікава) дзеля выратавання нованароджанага дзіцяці сяброўкі вымушана застацца на ноч у хаце ў фашысцкага афіцэра-псеўдаэстэта (акцёр Міхаіл Кліменка), які езуіцкі выбудуваў усё яе наступнае жыццё як ганьбу «нямецкай падсцілкі»! Чаго вартыя паслужлівасць паліцая (акцёр Аляксей Спірыдовіч) перад новай акупацыйнай уладай і яго ж шчырае раскаянне і малітва грэшніка пры вяртанні ўпотай на вызваленую радзіму!
Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа
Важна, што драматургі закранулі не толькі праблемы жанчын у вайну і пасля яе, але і гора мужчын. Гэта і бяда аднарукага салдата-інваліда, і боль прыгожага мужа адной з гераінь, які вярнуўся цэлым з вайны і трапляе ў пастку свайго ваеннага мінулага.
Аб поспеху п'есы «Лялькі» кажа тое, што прэм'еры спектакляў па ёй ужо адбыліся адразу ў трох тэатрах Расіі.. Дырэктар Мазырскага тэатра Рыгор Сітнік адзначыў, што з гэтым спектаклем тэатр запрошаны на ХI Маскоўскі міжнародны фестываль камерных тэатраў і спектакляў малых формаў «Славянскі вянок», які адбудзецца ў чэрвені 2016 года ў Маскве.
Цікавая форма працы мазырчан і з дзіцячай аўдыторыяй. Мастацкі кіраўнік тэатру Вікторыя Кузняцова ў гэтай сувязі расказала: «У траўні 2015 года да летніх вакацый мы выпусцілі казку «Усё наадварот» паводле п'есы Міхаіла Барценьява «Лічу да пяці» у пастаноўцы Рамана Цыркіна. У верасні-кастрычніку сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама і ДАІ па бяспецы дарожнага руху была праведзена акцыя, у межах якой увазе навучэнцаў дашкольных і школьных устаноў была прадстаўлена прэм'ера казкі «Правілы дарог для вераб'я» паводле п'есы Уладзіміра Лысенка ў пастаноўцы Багдана Арлоўскага. Навагодняя казка «Як Насценька ледзь кікімарай не стала» па п'есе Віктара Ілюхова ў пастаноўцы артысткі нашага тэатра Алены Драгамірэцкай стала яе дыпломнай рэжысёрскай працай».
Варта адзначыць, што маладыя актрысы Мазырскага драматычнага тэатра Святлана Джэлева і Алена Драгамірэцкая сталі лаўрэатамі Губернатарскай прэміі Гомельскага аблвыканкама па падтрымцы таленавітай моладзі.
Прэм'еры да Дня тэатра
Вядома, што кожны год да Дня тэатра, што адзначаецца 27 сакавіка, ўсе гомельскія калектывы выпускаюць прэм'ерныя спектаклі, таму сачыце за афішай і навінамі культуры! З Днём тэатра нас усіх!