21 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень сіндрома Даўна

Дзень праводзіцца дзеля пашырэння грамадскай свядомасці аб гэтым захворванні.



98f942c3_086ee68fe.jpg

Пётр Свэнд — актор "Тэатар 21". Фота: materiały prasowe/Teatr 21

Сусветны дзень сіндрома Даўна адзначаецца ў Польшчы 11-ы раз. Сёлета ён праходзіць пад дэвізам: «Мае сябры, мая абшчына — карысць ад інтэграцыйнага суіснавання для сучасных дзяцей». Паводле ацэнак, у Польшчы жыве 60 тысяч чалавек, у якіх ёсць сіндром Даўна.

Гэта генетычны дэфект, які палягае на тым, што ў 21 храмасом-пары, у хворага замест двух назіраецца тры храмасомы.

Сацыёляг прафесар Альжбэта Закшэўска-Мантэрыс (Elżbieta Zakrzewska-Manterys), мама 24-гадовага Войцеха з сіндромам Даўна, нагадвае, што некалькі дзесяткаў таму назад людзі па псіхічнай інваліднасці ўтрымліваліся ў закрытых установах. І толькі ад 80–90 гадоў мінулага стагоддзя такія людзі вярнуліся ў грамадства.

А. Закшэўска-Мантэрыс: Людзі з сіндромам Даўна, якім сёння 20 з нечым гадоў, — гэта першае пакаленне ад нараджэння выхаванае дома. Мы праводзім шырокія кампаніі па ўключэнні іх у грамадскае жыццё. Калі яны былі маленькімі дзецьмі, мы змагаліся за інтэграцыйныя садкі. Потым яны падраслі — і мы змагаліся за школы для іх.

Прафесар Закшэўска-Мантэрыс пацвярджае, што бацькі з непакоем глядзяць у будучыню дарослых дзяцей з сіндромам Даўна.

А.Закшэўска-Мантэрыс: Чарговы выклік для многіх бацькоў — гэта даросласць нашых дзяцей, бо працы для іх няма, жылля няма, няма добрага жыцця. Некаторыя з іх заканчваюць школы з добрымі вынікамі, аднак ніхто іх не хоча браць на працу. І гэта выклік не толькі для бацькоў, а таксама і для грамадства: прыняць іх у грамадства як дарослых асобаў, а потым як старых.

40 гадоў таму чалавек з сіндромам Даўна жыў у сярэднім 10–12 гадоў. Цяпер 50–60.

У Польшчы ёсць ужо ластаўка добрых змен у дачыненні да гэтых людзей. У Варшаве 11 гадоў таму быў створаны «Тэатар 21». Пакуль гэта адзіны тэатр у Польшчы, у якім працуюць акторы з сіндромам Даўна і аўтызмам.

Заснавальніца тэатру Юстына Собчык падкрэслівае, што тэатр вельмі патрэбны як інвалідам, так і здаровым людзям.

Ю. Собчык: Я думаю, што наш тэатр моцна парушае стэрэатып асобы з інтэлектуальнай інваліднасцю. Пасля спектакляў многія гледачы застаюцца і размаўляюць з акторамі, якія самі гэтага чакаюць. Яны ахвотна адказваюць на пытанні пра спектакль, пра свае прыватныя справы. І я думаю, што гэта той момант, калі змяняецца стэрэатып пра хворага. Пасля размовы немагчыма думаць схемамі.

Заняткі і праца ў «Тэатры 21» адыгрываюць агромністае значэнне ў жыцці інвалідаў.

Ю. Собчык: Яны ў тэатры працуюць ужо 10 гадоў. Працуюць целам, апаратам маўлення. Вядома, што ў выніку цела і голас будуць больш свядомыя. Тэатр выступае вельмі часта. Акторы кантактуюць з людзьмі, размаўляюць, і такім чынам узмацняецца іх самаўпэўненасць. І гэта бачна.

Зрэшты, пацвярджаюць гэта самі акторы тэатра з сіндромам Даўна — Пётр Свэнд, вядомы актор з польскай тэле-сэрыі «Клян» і Аляксандра Скотарэк.

П. Свэнд: Я ад самага пачатку выступаю ў тэатры. Першая п’еса была «Арфей і Эўрыдыка». Я вывучаю тэкст з разуменнем. У мяне добрая памяць. Часам на сцэне я хвалююся, заікаюся і не ўсё ідзе, як я хачу.

А.Скотарэк: Я ў тэатры ўжо 10 гадоў. Я памятаю тэкст, паўтараю яго пастаянна. Я мару аб тым, каб развівацца ў тэатры.

Сусветны дзень Сіндорма Даўна дапамагае лепш разумець асоб, якія пакутуюць ад гэтай хваробы, і разумець, што яны маюць права нармальна жыць у грамадстве.

Заснавальніца "Тэатра 21" Юстына Собчык падкрэслівае, што трэба сустрэцца з інвалідамі і пазнаёміцца з імі.

Ю.Собчык: Падчас тэатральнага тура мы перамяшчаемся з гатэля ў гатэль, разам ідзем снедаць, і я бачу, што для іншых людзей гэта некамфортная сітуацыя, што раптам з'яўляецца гучная чарада людзей, якая смяецца, накладае ежу на талеркі і... не адбываецца нічога дрэннага. Праўда, яны рэагуюць больш інтэнсіўна — гучней смяюцца, рыхтуюць вялізарныя бутэрброды, якія цяжка ўкусіць. Апошнім разам, калі мы былі ў піцэрыі, нашыя акторы вярнуліся ў рэстаран, каб падзякаваць кухару за вельмі смачную піцу.

«Тэатар 21» выступаў у некалькіх вядомых варшаўскіх тэатрах: «Dramatyczny», «Studio», «Powszechny», «Baj», а таксама ў Музеі гісторыі польскіх габрэяў.

Тэатральная група выступала на фестывалях у Польшчы і за мяжой, між іншым у Празе і Берліне. Падчас «Euro 2012» Тэатр 21 выступаў у Кіеве.

А неўзабаве 30 і 31 сакавіка ў "Інстытуце Тэатральны ім. Збігнева Рашэўскага" ў Варшаве акторы з сіндромам Даўна пакажуць п’есу «Клоуны, або інакш аповед пра сям’ю».

www.radyjo.net