Калі беларусы будуць зарабляць як палякі?
Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч распавядае пра тое, чаму сёння сярэдні заробак беларусаў — 328 даляраў, а ў суседзяў — амаль у чатыры разы больш.
Станіслаў Шушкевіч / belsat.eu
Цэнтральны статыстычны офіс Польшчы паведаміў, што сярэдні заробак ў краіне за люты 2016 года — 1044 даляры ці 941 еўра. У Беларусі сярэдні заробак складаў $328. Беларускае Радыё Рацыя пацікавілася ў былога старшыні Вярхоўнага савета пра тое, калі Беларусь дасягне ўзроўня Польшчы па заробках.
Станіслаў Шушкевіч:Без рэфармавання эканомікі ў Беларусі ніколі не будуць такія заробкі, як у Польшчы. А з нармальным эканамічным рэфармаваннем, якое тэрмінова неабходна, беларусы могуць дасягнуць такіх жа заробкаў гадоў за 5-7. У нас добрая адукацыя людзей, добрая працавітасць, але, як пісаў Уладзімір Караткевіч, Бог пакрыўдзіў беларусаў у тым сэнсе, што ў іх дрэннае кіраўніцтва.
РР:У 90-я гады, здаецца, Польшча і Беларусь знаходзіліся прыкладна ў аднолькавым становішчы…
Станіслаў Шушкевіч:Не ў аднолькавым, бо Беларусь была ў лепшым эканамічным становішчы, калі лічыць па сусветных крытэрах, па УВП. Яна была наперадзе і Польшчы, і краін Прыбалтыкі. Але далей мы не пайшлі на тое, на што пайшлі палякі. Сёння, калі ісці на рэфармаванне, трэба зразумець адно – як бы мы не хацелі зрабіць жыццё лепшым, Беларусь даведзена да таго стану, што рэформа эканомікі з жаданнем нешта палепшыць прывядзе першапачаткова да шоку. Таму што пераўтварэнні ў новую сістэму будуць суправаджацца пагаршэннем узроўня жыцця. І, калі не падрыхтаваць да гэтага людзей, то тады ізноў могуць адступіцца ад рэфармавання. Павінна праводзіцца прапагандысцкая акцыя. Народу неабходна тлумачыць, што людзі павінны крышку пацярпець, каб затым жыць лепей. У Беларусі дастаткова прафесіяналаў, якія здольныя пайсці па такім шляху. І, калі мабілізаваць нацыю на такі крок, як мабілізаваў у свой час палякаў Бальцэровіч і польскія ўлады, то ў і ў нас будзе добрая будучыня. Беларусы – не менш адукаваныя, не менш працавітыя і не менш здольныя, чым палякі.