Ваўкавыскія палякі: «Каб палякаў у Беларусі не дзялілі на праўладных і апазіцыйных...»

У сераду ў межах візіту ў Беларусь міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі наведае Гродна, а прыватным парадкам пабывае на могілках і ў польскай школе ў Ваўкавыску, родным горадзе сваёй маці. 



022f3a3e_3a65_4c14_a1ef_08e6ce3b5e23_w640_r1_s.jpg

Знак у гонар надання Ваўкавыску Магдэбурскага права

Карэспандэнт "Радыё Свабода" сустрэўся з палякамі Ваўкавыску, каб пацікавіцца — чаго яны чакаюць ад візіту міністра.

У Ваўкавыску мясцовыя палякі чакаюць прыезду міністра Вашчыкоўскага. Усцешаныя, што праз столькі гадоў кіраўніцтва Польшчы і Беларусі распачынае ўрэшце дыялог на высокім узроўні.

 

З прадстаўнікамі непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў мы аглядаем вайсковыя могілкі ў Ваўкавыску, якімі яны апякуюцца. Усё прыбрана і выглядае як мае быць. Адна з спадарынь сумна заўважае, што адшукаць на ваўкавыскіх могілках магілы родных міністра Вашчыкоўскага спрабавалі, але не знайшлося нікога, хто б ведаў хаця б прозвішча ягонай мамы.

gdb.rferl.org__11e54fb1_aa59_4_f5ea197c313aa15c272cf3573afb1e94.jpeg

На вайсковых могілках. Магілы польскіх жаўнераў

Мае суразмоўцы, паколькі адносяцца да непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў, просяць не называць іхніх прозвішчаў і не рабіць здымкаў, бо не хочуць праблемаў з мясцовымі ўладамі.

— З 2005 году, калі Саюз палякаў быў падзелены, з таго часу яго апазіцыйная частка існуе нелегальна, з намі не размаўляе ўлада, мы не маем памяшкання, дзе сабрацца, не можам праводзіць рознага кшталту мерапрыемствы. І нічога за гэты час не змяняецца, — кажа спадарыня сярэдняга веку.

А таму — падагульняе яна — першае, на што мы спадзяёмся, — гэта што міністр Вашчыкоўскі ўрэшце абмяркуе гэтую праблему з беларускімі ўладамі, каб нас не дзялілі на праўладных і апазіцыйных. Мы ж толькі нацыянальная меншасць, а не палітычная партыя, і ўсе нашы правы зафіксаваныя ў Канстытуцыі краіны.

— Што можна казаць пра нашы справы — дадае эмацыйна іншая спадарыня, — калі нашу старшыню Ваўкавыскага аддзелу непрызнанага Саюзу палякаў не пускаюць у польскую школу 1 верасня, каб яна ўручыла дзеткам буквары.

gdb.rferl.org__9228966a_18c1_4_c4bbafab0954f9c19b84dc721e6f2127.jpeg

Будынак польскай школы ў Ваўкавыску

Мужчына сярэдняга веку распавядае, што ў польскай школе цяпер 254 вучні, і большасць выпускнікоў, літаральна каля 90%, паступаюць у ВНУ. Прычым каля 70% выпускнікоў ідуць у польскія ВНУ.

— Ведаеце, мы бачым, як уладам не падабаецца, што большасць дзяцей едзе далей навучацца ў Польшчу. Але едуць не ўсе, многія сканчаюць прэстыжныя беларускія ВНУ. Дык чаму тут не стварыць умовы, каб дзеці імкнуліся ўсе паступаць у беларускія ўніверсітэты і іншыя навучальныя ўстановы? Зрэшты, многія і пасля навучання ў Польшчы вяртаюцца ў Беларусь. Але што іх тут можа чакаць? Працаваць няма дзе, заробкі малыя — маладыя людзі не хочуць так жыць.

Цікаўлюся ў маіх суразмоўцаў — чаго яны чакаюць ад візіту міністра Вашчыкоўскага, пра што хацелі б яго прасіць і што, на іх погляд, варта зрабіць, каб стасункі Польшчы і Беларусі былі больш цеснымі?

Першае, пра што кажуць людзі, — што на тую сустрэчу нікога з непрызнаванага Саюзу палякаў улады папросту не дапусцяць. А ўжо па-другое, абсалютна ўсе заяўляюць: трэба спрасціць візавы рэжым, каб людзі маглі спакойна ездзіць з Беларусі ў Польшчу і з Польшчы прыязджаць да нас.

gdb.rferl.org__2ef7f984_0751_4_a47659f70bf2b9581bbf1c968bbb121b.jpeg

У цэнтры гораду — помнік ваўку з гістарычнага гарадскога герба

— Паглядзіце, мы жывём літаральна за 30 кіламетраў ад Польшчы, — кажа разважлівы спадар, — а людзі маюць такія праблемы з тым, каб паехаць да родных, каб яны маглі прыехаць да нас. Нам патрэбныя не толькі эканамічныя і палітычныя стасункі, нам патрэбна чалавечае сумоўе, бо ў нас там жыве шмат родных людзей. Я запрашаў свайго дзядзьку ў госці, а ён кажа, што праблема, бо цяжка атрымаць тую візу. Грошы заплаціш, а яны даюць толькі аднаразовую. То прасцей паехаць недзе па Еўропе адпачыць.

А вось яшчэ думка маладога чалавека:

— Наагул, варта мець добрыя стасункі з усімі суседзямі, не толькі з Польшчай, а і з Літвой, Украінай, Расеяй. Трэба, каб нашы людзі мелі магчымасць бываць па свеце, глядзець, дзе што ёсць лепшае, і імкнуцца да лепшага. А не так, як у нас цяпер праз тэлевізар толькі хваляцца, што ў нас усё найлепшае, а параўнаць у большасці з тым, што ёсць у іншых краінах, магчымасці няма.

Яшчэ адна маладая спадарыня распавядае, што адвучылася ў Польшчы, вярнулася ў Ваўкавыск, але працы так і не знайшла па спецыяльнасці. Для яе вельмі важна, каб не знікала польская культура, каб у яе дзяцей магло быць польскае асяроддзе і каб развіваліся эканамічныя стасункі паміж нашымі краінамі.

gdb.rferl.org__af4e7b3a_8f6b_4_8428d64cfcf22bd60aa46cfceb9d4cd7.jpeg

Касцёл святога Вацлава ў Ваўкавыску

— Цяпер тут немагчыма зарабіць, але мы жывём па-суседску з Польшчай. То калі там ёсць адпаведная праца, а ў мяне адпаведная адукацыя, то чаму не зрабіць так, каб людзі маглі спакойна ездзіць у той самы Беласток на працу? Мы тут цяпер папросту выжываем, паўсюль звальняюць з працы, скарачэнні, ісці няма куды.

Двое спадароў звяртаюць увагу перш за ўсё на эканамічныя стасункі паміж Польшчай і Беларуссю.

— Вельмі б хацелася, каб адкрываліся сумесныя прадпрыемствы з палякамі, прычым у розных сферах, бо палякі ўжо даволі далёка прасунуліся ў тэхналогіях. І нашы людзі мелі б працу, і палякам было б выгадна. Мы ж у Мытным звязе, рынак вялікі. То чаму б у Беларусі не вырабляць, а потым адпраўляць прадукцыю на ўвесь Мытны звяз? Рынак жа неабсяжны.

— А я хачу сказаць, што мы павінны працаваць з усімі бакамі, а не так, як цяпер — да адных тылам павярнуліся, а да другіх тварам. І яшчэ, што самае галоўнае, на мой погляд, — мы павінны ведаць і шанаваць нашу гісторыю. Вось у нас паставілі знак «На Грунвальд», а дзяцей каго ні запытай, ніхто не ведае. А наш ваўкавыскі полк быў у першых шэрагах падчас гэтай бітвы, разам з польскімі і жмудзінскімі воінамі, і амаль цалкам загінуў. Так што нашы продкі сваю зямлю разам баранілі, і гэтага забываць нельга. А то нас цяпер невядома чаму вучаць, што наша гісторыя пачалася з 1917 году.

www.svaboda.org