Алесь Бяляцкі: Улады імкнуцца, каб Польшча спыніла падтрымку незалежных СМІ

Міністры замежных спраў Польшчы і Беларусі Вітальд Вашчыкоўскі ды Уладзімір Макей у час супольнай прэс-канферэнцыі ў Менску выказалі словы спачування Бельгіі ў сувязі з тэрактамі ў аэрапорце і ў метро. 



ales_dw.jpg

Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства: сказаў: "Хацеў бы адзначыць, што такая пазітыўная падзея, як візіт міністра замежных спраў Польшчы, азмрочана весткамі пра тэрарыстычны акт здзейснены ў аэрапорце Бруселя. Беларусь катэгарычна асуджае любыя формы праяваў тэрарызму, выступае за каардынацыю высілкаў краін свету па барацьбе з гэтым злом. Мы спадзяемся, што вінаватыя ў гэтым злачынстве будуць знойдзены і пакараныя. Хацеў бы выказаць глыбокія спачуванні пастрадаўшым, родным і блізкім загінулых, а таксама ўсяму народу Бельгіі ў сувязі з гэтымі трагічнымі падзеямі".

 “Тэракт, дзе б ён не адбываўся і каго не закрануў, ён заўсёды патрабуе асуджэння”, — у сваю чаргу заявіў міністр Вашчыкоўскі.

Сёння кіраўнік польскага МЗС працягвае свой рабочы візіт у Беларусь.

Каментуючы гэты візіт, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі адзначае, што падобныя візіты ўлады Беларусі хочуць выкарыстоўваць найперш у эканамічных пытаннях і ў дробных пытаннях, які не тычацца сур’ёзных праблемаў — такіх, як правы чалавека:

Нават калі размова пра гэта будзе весціся ўсё ж такі больш таго, што беларускія ўлады сказалі прадстаўніцтву Еўразвяза пасля зняцця санкцый, наўрад ці мы штосьці пачуем у бліжэйшы час большага. Не хацелася б, каб у такой Беларусі, якая яна ёсць зараз — а гэта аўтарытарны рэжым, — Польшча была адвакатам паляпшэння стасункаў з Захадам таму, што беларускім уладам трэба зрабіць яшчэ багата працы, зрабіць хатнюю працу, каб падцягнуцца трошкі да стандартаў агульнапрызнаных, якія замацаваныя ў міжнародных пагадненнях, якія падпісала Беларусь.

Алесь Бяляцкі таксама пракаментаваў інфармацыю пра тое, што польскі міністр паабяцаў падтрымку незалежным беларускім СМІ. У прыватнасці, гаворка ішла пра наша Радыё Рацыя і тэлеканал “Белсат”:

Пытанне акрэдытацыі журналістаў незалежнага Радыё Рацыя, тэлекампаніі “Белсат”, якія з’яўляюцца польскімі сродкамі масавай інфармацыі, прынамсі вяшчаюць з Польшчы на беларускай мове, гэта пытанне застаецца вострым, ніякіх сігналаў пакуль ад беларускіх уладаў, што яны гатовы змяніць сваю пазіцыю, не было. Таму пажывем, пабачым, цяжка тут што-небудзь меркаваць, але мне здаецца, што наадварот беларускія ўлады будуць імкнуцца паўплываць, каб польскі бок спыніў падтрымку гэтых незалежных сродкаў масавай інфармацыі.

Паводле наяўнай інфармацыі, польскі міністр замежных спраў сёння сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, наведае Гродна і Ваўкавыск.

Сустрэча Вітальда Вашчыкоўскага з Аляксандрам Лукашэнкам нібыта запланаваная на 11 гадзінаў паводле беларускага часу.

Беларускае Радыё Рацыя