Польшча — Беларусь. Працоўны візіт кіраўніка польскага МЗС завяршыўся

Упершыню за пяць гадоў Беларусь з працоўным візітам наведаў міністр замежных спраў Польшчы. 22–23 сакавіка ў нашай краіне знаходзіўся Вітальд Вашчыкоўскі.



vashcykouski.jpg

Праграма візіту была насычанай і грунтоўнай. Кіраўнік польскага МЗС наведаў Курапаты, дзе ўсклаў вянкі да магіл ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, візавы цэнтр Польшчы, размешчаны ў гандлёвым цэнтры «Галілеа», які адкрыўся 18 сакавіка. Сустрэўся з беларускім калегам Уладзімірам Макеем. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся двухбаковыя адносіны, перш за ўсё, трансгранічнае і эканамічнае супрацоўніцтва. Размова была таксама прысвечана гістарычнаму дыялогу, адносінам ЕС — Беларусь і пытанням бяспекі ў рэгіёне.

Падчас сумеснага брыфінгу з Уладзімірам Макеем у Мінску Вітальд Вашчыкоўскі сказаў: «Я прыехаў сюды, каб правесці практычныя, канкрэтныя перамовы і не ставіць умовы для правядзення дыялогу. Тым не менш, я прадстаўляю ўрад, чые ідэі бяруць вытокі з магутнага руху "Салідарнасць", таму пытанні захавання правоў чалавека для нас — вельмі важныя. Мы, як суседзі Беларусі, гатовыя дапамагаць ва ўсіх практычных аспектах пабудовы сучаснай, функцыянальнай краіны, якая добра арганізавана, якая перадусім таксама бяспечная і незалежная».

Таксама міністр сустрэўся з прадстаўнікамі беларускіх незалежных колаў. Вітальд Вашчыкоўскі ў час сустрэчы з прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці выказаў спадзеў на тое, што Польшча дапаможа Беларусі абраць цывілізаваны шлях развіцця і паспрыяе паляпшэнню іміджу Беларусі пры ўмове, што Беларусь будзе прытрымлівацца міжнародных стандартаў дэмакратыі.

Безумоўна, больш за ўсё ўвагі было да сустрэчы спадара Вітальда Вашчыкоўскага з Аляксандрам Лукашэнкам. Лукашэнка паабяцаў Вашчыкоўскаму зрабіць так, каб дэмакратыі ў Беларусі было не менш, чым у Польшчы. Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь гатовая на самае шчыльнае супрацоўніцтва з Польшчай. «Нягожа нам глядзець адзін на аднаго праз плот. Мы заўсёды знаходзілі супольную мову. Хацелася б, каб так было і цяпер», — перадае словы кіраўніка Беларусі БЕЛТА.

Міністр замежных спраў Польшчы акрамя Мінска наведаў яшчэ Гродна. Каля помніка пісьменніцы Элізы Ажэшкі дыпламат урачыста ўсклаў вянок і адказаў на пытанні журналістаў, датычна сваіх сустрэчаў у Мінску.

Таксама міністр наведаў Ваўкавыск радзіму яго маці. “Мая мама нарадзілася ў Ваўкавыску ў 1936-м годзе. Тут правяла першыя гады свайго жыцця, тут жылі і працавалі мае дзяды. Але пасля 1945 году усе былі пераселеныя ў Польшчу. Таму, можна сказаць, што я таксама тутэйшы!», — сказаў Вітальд Вашчыкоўскі журналістам.

Актам рэалізму назваў візіт кіраўніка МЗС Польшчы ў Беларусь былы намеснік старшыні польскага МЗС, еўрадэпутат Павал Коваль. «Польшча зрабіла разварот у палітыцы ў дачыненні да Беларусі, гэта сведчанне паразы еўрапейскай палітыкі, якая падштурхоўвала да палітычных змен у Беларусі. Сёння ЕС не мае на гэта сілаў ды сродкаў. Польшча, як сусед, мусіць з суседам дамаўляцца. Хаця б у справе польскай меншасці ў Беларусі, якая стала прычынай моцнага пагаршэння адносін у 2004–2005 гадах!" — адзначыў Коваль.

«Я не ведаю іншых спосабаў Еўропе і Польшчы ў тым ліку, уплываць на Беларусь, акрамя дыялогу. Санкцыі — гэта пазіцыя, маральная пазіцыя, але як інструмент яны не проста не эфектыўныя, яны нават працуюць у горшы бок, бо тады менш праеўрапейскіх настрояў, менш уплыву дэмакратычнай апазіцыі і ў людзей менш веры, што за Еўропай можна некалі пайсці. Я за дыялог, але за дыялог з умовамі і крытычны, бо ёсць праблемы, і Вашчыкоўскі ўжо казаў, што ёсць праблемы з правамі чалавека, з дэмакратыяй, з выбарамі, з Саюзам палякаў, але я лічу, што менавіта дыялог можа паступова іх вырашаць. Не таму, што Лукашэнка захоча стаць дэмакратам, ён не стане ім ніколі, ён савецкі чалавек, але для грамадства адкрыццё на Еўропу, перш за ўсё на Польшчу, гэта вельмі важна», — так пракаментаваў візіт Вітальда Вашчыкоўскага лідарруху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

За некалькі дзён да прыезду ў Мінск Вітальд Вашчыкоўскі ў інтэрв'ю Польскаму радыё заявіў: «Мы хочам будаваць нармальныя еўрапейскія адносіны, заснаваныя на еўрапейскіх стандартах, каб аднавіць сувязі з Беларуссю, а таксама схіліць уладу гэтай краіны па-еўрапейску ставіцца да сваіх грамадзянаў, у тым ліку да польскай меншасці. Не атрымаецца клапаціцца пра польскую меншасць, не аднавіўшы дыялог з беларускімі ўладамі».

Апошні раз міністр замежных спраў Польшчы наведваў Беларусь у лістападзе 2010 года. Радаслаў Сікорскі, які тады займаў гэту пасаду, прыязджаў у Мінск разам са сваім нямецкім калегам Гіда Вестэрвеле, яны сустракаліся з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта было незадоўга да выбараў.