«Актуаліі эміграцыі». З нагоды выхаду кнігі «Айцец Леў Гарошка. Выбранае»
У супрацы з Супольнасцю беларусаў свету «Бацькаўшчына» ў фондзе Kamunikat.org выйшла ў свет кніга «Айцец Леў Гарошка. Выбранае» з серыі «Спадчына: агледзіны». Сэрыя заснаваная Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына» й Беларускім Інстытутам Навукі й Мастацтва і прысвечаная жыццю й творчаcці айца Льва Гарошкі (1911—1977). Укладальнікі кнігі — вядомыя даследнікі беларускай дыяспары Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч.
Постаць айца Гарошкі — усё ж досыць вядомая нават у мэтраполіі, ягоныя тэксты крыху (пера)выдаваліся ў Беларусі ды ў замежжы. Спадчынай айца Гарошкі з 1990-х гадоў актыўна цікавяцца ня толькі мясцовыя гісторыкі, але тэолягі, літаратары, фальклярысты, перакладнікі і мовазнаўцы. Бо гэта быў чалавек той рэдкай катэгорыі — чалавек-аркестар. Беларус, які апрача рэлігійнага пакліканьня, апынуўшыся на Захадзе, выбраў яшчэ іншыя пакліканьні: палітыка, выдаўца, перакладніка, лінгвіста, рэдактара і літаратара. І ў шматлікіх сфэрах удала праявіў сябе, дакладней, дзеля беларускай справы быў вымушаны праявіць сябе.
Цяперашняе «Выбранае» грэка-каталіцкага сьвятара набывае памножаную каштоўнасьць на тле падзеяў у Беларусі ды ва Ўкраіне. Калі раней тэксты а. Льва Гарошкі часта былі кур’ёзам і цікавым матэрыялам для вывучэньня ідэйнай, палітычнай, літаратурнай ды моўнай думкі і гісторыі беларускага замежжа, то цяпер тэксты выбітнага дыяспарніка набылі нечувалую актуальнасьць, чытаюцца, бы напісаныя толькі што. Творы Льва Гарошкі больш ня могуць трактавацца як вузкія, далёкія, экзатычныя, яны — прароцкія і дасюль павучальныя. Дасюль кранальныя. На такое здольнае хіба клясыка. Якраз як ніколі несастарэлага клясыка я і прапаную ўспрымаць Льва Гарошку і ягоны калі ня поўны, то вельмі ёмісты том спадчыны, выдадзенай у замежжы.
Выбранае складаецца зь некалькіх блёкаў:
• доўгачаканых успамінаў «Праз навальніцы й нягоды», якія друкаваліся ў 2016-м у «Запісах Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва»;
• публіцыстыкі «Актуаліі эміграцыі»;
• культуралягічных тэкстаў аб беларускай міталёгіі;
• гісторыі хрысьціянства ў Беларусі да савецкага часу.
У зьвязку з галоўным — рэлігійным пакліканьнем — большая частка напісанага а. Гарошкам, натуральным чынам, ахоплівае тэму хрысьціянства. Таму апошні блёк разьбіваецца на дадатковыя падчасткі: гісторыя хрысьціянства, гісторыя Царквы, хрысьціянскія сьвятыя, палітычная гісторыя веры ў Беларусі «Пад знакам «рускае й польскае» веры» і «Старонкі з крыжовае дарогі Каталіцкае Царквы на Беларусі» і, зрэшты, біяграфічная важная частка, прысьвечаная беларускім сьвятарам і рэлігійным дзеячам Беларусі.
Але асабліва ў першых дзьвюх частках кнігі — успамінах «Праз навальніцы й нягоды» і публіцыстыцы «Актуаліі эміграцыі» — паўстае найбольш унівэрсальная і актуальная іпастась Льва Гарошкі, сапраўднага гуманіста.
Успаміны «Праз навальніцы й нягоды» — своеасаблівая аўтабіяграфія айца Льва Гарошкі ды ўсёй беларускай нацыі 20 ст. Адна цытата з успамінаў асабліва моцна ўелася ў памяць і добра паказвае сувязь паміж асабістай і нацыянальнай гісторыяй ва ўспамінах. Цытата дасюль актуальная — яна ўдала рэзюмуе крытычны і назіральніцкі талент сьвятара:
«Апынуўшыся на Захадзе, часта прыходзіцца сьцьвярджаць павучаючы для нас, беларусаў, факт: ува ўсіх заходнеэўрапэйскіх краінах недзе зафіксаваныя ўсе падзеі з усіх галінаў іхняга жыцьця. Ня толькі падзеі агульнанацыянальнага жыцьця, але нават дробныя местачковыя, а часам і вясковыя недзе запісаныя, захаваныя, каб ня згінулі. Таму ня дзіва, што гэтыя народы і самі ведаюць добра сваё мінулае, і іншыя аб іх шмат ведаюць. У нас жа найчасьцей зь незалежных ад нас прычынаў паважная частка нашага мінулага пайшла ў забыцьцё. (…). У сучасны мамэнт, калі беларускую гісторыю і ўвесь беларускі адраджэнскі рух нашы суседзі стараюцца прадстаўляць тэндэнцыйна, а часта зусім фальшыва, жывое слова аб тых падзеях можа мець аграмаднае значэньне».
Таму ўспаміны ня проста праліваюць сьвятло на постаць айца Гарошкі, разам з тым дэманструючы яшчэ раз жуду, у якой жылі беларусы за палякамі, саветамі ды немцамі, але і фармуюць крытычныя развагі і пошук слушнага шляху Беларусі ў Эўропу. Шляху, які знайшлі беларусы пасьля Другой сусьветнай вайны і які зноў і дасюль шукаем мы ў 21 ст.
«Актуаліі эміграцыі» — публіцыстычная спадчына айца. Найменшая па памеры, тым ня менш яна мае ці не галоўнае пасланьне для сучасных беларусак і беларусаў. Тры тэксты («Пасланства сучаснае эміграцыі», «Ля крыніцы разладу» і «Аб саламяным агні й вытрываласьці»), напісаныя ў 1947, 1948 і 1953 адпаведна, зьяўляюцца залацінкамі кнігі. Яны выдатна разумеюцца тысячамі і мільёнамі беларусаў, якія апынуліся ў выгнаньні, як калісьці сотні тысячаў ці мільёны нашых суайчыньнікаў, сучасьнікаў Льва Гарошкі, пасьля Другой сусьветнай вайны апынуліся на Захадзе ў якасьці «перамешчаных асобаў». Тэкст «Пасланства сучаснае эміграцыі» стоадсоткава кладзецца на рэаліі пост-2020 году. Лёс беларусаў-ак у выгнаньні, якія «нясуць боль бацькаўшчыны», мог бы быць лягчэйшым, калі б мы ведалі досьвед айца Льва Гарошкі і іншых сотняў тысячаў паваенных «перамешчаных беларусаў». Цікава і так зразумела аўтар апісвае цяжкі псыхалягічны стан адарваных ад радзімы беларусаў, якім ставяць і сяньня вядома нам пытаньне «Вяртацца ці не вяртацца на бацькаўшчыну?».
У тэксьце «Ля крыніцы разладу» паўстае вядомая нам яшчэ адна праблема — як тады, так і цяпер — адсутнасьць салідарнасьці сярод беларусаў нават у сытуацыі нацыянальнай і моўнай масакры. Як цяпер, так і тады пэўнага рашэньня не было. Вядома, як сьвятар Леў Гарошка меў выйсьце — веру, але ён добра разумеў, што прапанаваць яе збудзянелым беларусам, то-бок зьнявераным, «эгатыстам», як іх яшчэ называў аўтар, ня мела ніякага сэнсу. Падаецца, сучасныя беларусы, апынуўшыся ў выгнаньні, сутыкаюцца з той самай праблемай разладу; а многія, як і ў свой час а. Гарошка, нават спрабуюць адшукаць ейную крыніцу.
Апрача цікавага і часам няпростага чытаньня многіх набалелых тэкстаў-успамінаў прыемна адзначыць калярытную, смачную мову айца Гарошкі. Яна насычаная цытатамі з сьвятых тэкстаў, філёзафаў Антычнасьці і з роднай гаворкі. Зноў жа з улікам падзеяў у Беларусі мова Льва Гарошкі — і форма (тарашкевіца), і зьмест (нязручныя, забароненыя тэмы ў цяперашняй Беларусі) — успрымаюцца асабліва ўрачыста і натхняльна. Яна не дае нам «збудзянець», кажучы словамі аўтара кнігі.
А яшчэ не зважаючы на сур’ёзнасьць кнігі хапае там і гумару, анэкдатычных гісторыек ад а. Гарошкі, які, як бачна з кнігі, умеў быць як маралістам, так і ў пэўнай ступені свавольнікам-дасьціпнікам.
З апошняй старонкай кнігі, напоўненай прывідамі і траўмамі мінулага, яскравага змаганьня за справядлівасьць дзеля агульнага дабра, як гэта часта называе сьвятар у многіх сваіх тэкстах, захацелася падзякаваць укладальнікам «Выбранага» за такі своечасовы падарунак. І спадзяюся на тое, што ў плянах укладальнікаў ёсьць задума падрыхтаваць да (пера)друку літаратурную, мовазнаўчую і эпісталярную спадчыну айца Гарошкі.