Альгерд Бахарэвіч: “У мяне ці не ўпершыню атрымалася цалкам чытэльная кніжка”
Чаканай літаратурнай падзеяй лістапада стане выхад у “Галіяфах” новага рамана Альгерда Бахарэвіча. “Дзеці Аліндаркі”, як расказвае аўтар, – страшнаватая казка пра дэманаў беларушчыны і нашае заўтра, раман з моцным беларускім акцэнтам і пра беларускі акцэнт.
Карэспандэнт budzma.by паспрабавала распытаць Альгерда пра новы тэкст, які пакуль мае лічаных чытачоў, уключна з самім аўтарам,
ягонай жонкай ды рэдактарам кнігі.
— Ваш раман у працэсе напісання меў працоўную назву “Канцлагер “Сонейка”. Цяпер Багушэвічаў Аліндарка з эсэ для “Гамбургскага
рахунку” перайшоў у канчатковую назву рамана. Можаце патлумачыць, як абіралі назву і чаму памянялі першапачатковую?
— Так, Аліндарка – мой герой. Быў жа яшчэ тэкст на сайце “Будзьма” пад назваю “Метад Аліндаркі, або Як ашчаслівіць беларускую
літаратуру”… Пра тое, што кожнаму з нас варта было б напісаць і выдаць каляндар падзеяў уласнага жыцця.
Мне здаецца, цяпер вельмі важна аднавіць нейкую разарваную повязь паміж намі, такімі сучаснымі і няшчаснымі, шчаслівымі і мітуслівымі, і тымі, з каго ўсё пачыналася, тымі, хто, уласна кажучы,
нас прыдумаў. Таму я даўно шукаю асобаў, якія маглі б стаць апораю для сучасных сюжэтаў, і не так істотна, існавалі яны ў рэальнасці або проста працавалі персанажамі, гнулі спіны на паноў
літаратараў. На шчасце, у класічным белліце такіх процьма, яны толькі і чакаюць, “устраміўшы ў плот галоўку”, каб пра іх згадалі.
Што да назвы, дык словы “Канцлагер “Сонейка” на вокладцы, вядома, прыцягнулі б увагу непераборлівага чытача. Але, па-першае, яны адлюстравалі б толькі малую частку
таго, пра што гаворыць раман, а па-другое, ад пачатку стваралі б не зусім той настрой, з якім трэба брацца за гэтую кніжку. “Дзеці Аліндаркі” – удалая назва для маёй
гісторыі.
З паэмай Багушэвіча наогул усё не так проста. Яна напісаная дужа неахайна, у ёй няма нейкіх выразных, самадастатковых месцаў, якія можна было б вычленіць з тэксту. Магічны эфект узнікае, толькі
калі прачытаць яе за раз, не пераводзячы дых, ад пачатку да канца. Гэта страшная паэма, тэкст, поўны экзістэнцыйнага жаху. Жах не сканчаецца, з ім трэба жыць, і героі маёй новай кніжкі у нейкім сэнсе
працягваюць падарожжа Аліндаркі, паўтараюць ягонае кола.
— Вас даўно цягне ў бок змрочных казак. Але казкі пра Беларусь бываюць асабліва вусцішнымі, а часам і прарочымі, ці не страшна вам самому іх баяць?
— Пісаць наогул страшна.
Толькі што была пустата, і можна было спакойна хадзіць скрозь яе, не баючыся нікому наступіць на нагу. І вось пустата скончылася, на яе месцы жывуць, дыхаюць, гавораць, уцякаюць ад
кагосьці…
Мая казка – а “Дзеці Аліндаркі” напалову і ёсць класічнай казкай, – не пра нейкае сорак восьмае стагоддзе ад нараджэння забытага ўсімі Хрыста, яе дзеянне
адбываецца, як я люблю гаварыць, ужо заўтра. На Беларусі, у яе лясах, вёсках, гарадах і знявечаных гарадамі мястэчках. Не ведаю… Здаецца, беларусаў можна спалохаць чым заўгодна, але самі
сябе яны ўжо даўно не пужаюць. Прызвычаіліся.
Гэта казка пра дзяцей у цёмным лесе – і ўсё, што ў іх ёсць пры сабе, гэта дэманы іхных бацькоў. І яны, гэтыя сумныя дэманы – надзея тых дзяцей і іхная адзіная зброя. А яшчэ
гэта кніга з моцным беларускім акцэнтам і пра беларускі акцэнт. Можна сказаць, што ён – адзін з галоўных герояў рамана. Невылечны і невынішчальны.
— Новы раман – не такі, як усе папярэднія, суцэльны эксперымент. З чым вы эксперыментавалі? І навошта вам самому гэты эксперымент быў патрэбны?
— Свае ранейшыя кніжкі я імкнуўся пісаць так, каб іх маглі прачытаць не ўсе. Вядома, я маю на ўвазе белетрыстыку, а не свае зборнікі эсэ. У сваіх раманах і апавяданнях я свядома надаваў
больш увагі стылю, чым сюжэту і кампазіцыі. “Дзеці Аліндаркі” напісаныя зусім інакш. Гэта кніжка для ўсіх, хто здольны чытаць па-беларуску. У гэтым рамане ёсць тое, што завецца
чысцінёй сюжэтнай лініі. Ёсць інтрыга, ёсць прадуманая кампазіцыя. Думаю, у мяне ці не ўпершыню атрымалася цалкам чытэльная кніжка. Калі ж гаварыць пра стыль, дык рэдактар “Дзяцей”
Сяргей Шупа лічыць, што Бахарэвіч у рамане распазнаецца без праблем.
— Ці ёсць нейкая літаратурная гісторыя, звязаная з напісаннем рамана? Як увогуле ён задумваўся і ствараўся?
— У чэрвені мы з маёй жонкай Юляй адпачывалі ў лясах на Пастаўшчыне. Жылі ў глухмені, у зусім маленькай вёсцы каля цудоўнага возера. Там гэта і адбылося… Маё вяртанне год таму
ў Беларусь, адкрыццё мною гэтай краіны наноў, каханне, лес навокал, зоры ў начным небе, усе нашыя з Юляй размовы і спрэчкі – пра літаратуру, людзей, Еўропу, эміграцыю, мову, усе нашыя
падарожжы, увесь боль і ўся эйфарыя, уся злосць і ўся музыка – усё гэта раптам зрабілася выбуховай сумессю, з якой і паўстала гэтая дзіўная, як на мяне, кніга.
Наогул, дзякуючы Юлі я зірнуў на сваю, ды і на чужую творчасць па-новаму. Па шчырасці, гэта даўно варта было зрабіць – у вежы, якую я сабе пабудаваў, зрабілася даволі задушліва.
У мяне было некалькі накідаў, зробленых яшчэ ў Гамбургу і Вісбю. Проста недапісаныя ўрыўкі чагосьці, што ніяк не магло развіцца ў паўнавартасныя тэксты. Высветлілася, што яны добра пасуюць да
новай кнігі. Прынамсі, у ёй яны знайшлі сваё месца. Але 90 адсоткаў кнігі напісана тут і цяпер, за чатыры месяцы.
— Ідэі канцэнтруюцца ў паветры, кожны аўтар ведае, што такое пісаць раман і тут жа знаходзіць свае задумы ў іншых кнігах. З гэтым раманам былі падобныя
супадзенні?
— Усе супадзенні ў гэтай кнізе выпадковыя, усе імёны змененыя, усе героі выдуманыя мной і больш нікім. Я імкнуся пісаць так, каб не паўтараць беларускую літаратуру, не ісці ўслед за
традыцыяй, а развіваць уласную. Я пішу так, каб было цікава чытаць найперш мне самому, а каму цікава чытаць нешта, што ўжо бачыў у іншага аўтара?
Таму супадзенні мне пакуль не пагражаюць. Вядома, можна казаць пра ўплывы – але хто адмовіцца прызнаць уплыў на сябе Кафкі і братоў Грымаў, Джойса і Багушэвіча?
— Якімі ў новым рамане будуць вечныя складнікі — каханне і смерць?
– Смерць напаткае тых, хто больш нічога не хоча. Каханне напаткае ўсіх.