Асвета — шлях да незалежнасці

Накіраваўшыся ў 863 годзе ў Вялікую Маравію для перакладу царкоўных кніг з грэцкай мовы на славянскую і навучання славян пісьменнасці, будучыя раўнаапостальныя святыя Кірыл і Мяфодзій не ведалі, што напачатку 1990-х свята ў іх гонар зробіцца адзіным дзяржаўным і рэлігійным святам двух краін — Чэхіі і Славакіі.

Ва ўтульным дворыку Чэскай амбасады ў Беларусі па Музычным завулку, дзе адноўлены рэстаўратарамі дух старога Мінску чымсьці нагадвае атмасферу чэскай сталіцы, надзвычайны і паўнамоцны пасол Чэхіі ў РБ спадар Йіржы Карас 7 ліпеня шчыра прывітаў гасцей,запрошаных з прычыны свята. А менавіта — дыпламатычны корпус, прадстаўнікоў творчай, навуковай, палітычнай эліты Беларусі, а таксама журналістаў.
Спадар пасол падкрэсліў, што адукацыя і асвета зрабіліся тымі маральнымі і духоўнымі асновамі, дзякуючы якім дзейнасць Кірыла і Мефодзія праклала шлях да незалежнасці славянскіх дзяржаў.
Заяўленае амбасадарам жаданне ўмацоўваць супрацоўніцтва Беларусі і Чэхіі праз культуру літаральна на вачах у гасцей ўвасобілася ў чарговую мастацкую выставу беларускіх жывапісцаў, якую амбасада адчыніла ў спецыяльнай зале ў цокальным паверсе свайго будынку.
Гэтым разам і тэма яе была адпаведнай — царква, духоўнасць, асвета ў славянскіх землях. А свае жывапісныя і графічныя творы прадставілі знакамітыя Георгі Паплаўскі, Уладзімір Савіч, Арлен Кашкурэвіч, Валеры Шкаруба, а таксама больш маладыя мастакі Беларусі Алена Бархаткова, Дзяніс Барсукоў і іншыя.