Ці «сялянская» мова нашая?
Газета Frankfurter Allgemeine надрукавала інтэрв’ю, у якім пісьменніца Святлана Алексіевіч нібыта назвала беларускую мову «вясковай» і «літаратурна нявыспелай».
Фердынанд Рушчыц. Зямля (1898)
Алексіевіч гэтыя словы абвергла, заявіўшы «Свабодзе», што «маскоўская карэспандэнтка» газеты, магчыма, «падала там нешта так, як бы сама хацела гэта пачуць». Выказалася і «маскоўская карэспандэнтка» Керстын Гольм, заявіўшы, што ўсё працытавала дакладна, што ў яе ёсць запіс (дагэтуль не апублікаваны). І што ў размове па-руску ў адрас мовы гучалі азначэнні «крестьянский» ды «несозревший» («сялянскі» ды «нявыспелы»).
Адначасова з гэтым у сеціве ўзнікла стыхійная кампанія салідарнасці з Алексіевіч, якая складалася не столькі з прыхільнікаў творчасці Святланы, колькі з тых, хто нічога, акрамя фэйсбуку, у прынцыпе не чытае. Гэтыя людзі цалкам, як той кажа, «салідарызаваліся» з тэзамі, ад якіх адраклася Алексіевіч, і пачалі іх пашыраць: так, беларуская мова «сялянская», бо на ёй пераважна размаўляе вёска.
Беларуская мова тым больш «сялянская», што ўся беларуская літаратура напісаная пра сяло, «гарадскіх» пісьменнікаў гісторыя літаратуры не ведае. Людзі, якія стваралі беларускую прозу, усе наскрозь былі калгаснікамі, пісалі пра кароў, свіней і палеткі. Канечне ж, мова з’яўляецца нявыспелай, бо ў той час, калі ў вялікай рускай літаратуры ствараліся выдатныя ўзоры драмы і рамана, у Беларусі панавала пальшчызна. Такім чынам, беларуская мова не прыдатная для стварэння на ёй прыгожых і дасканалых твораў, ёй проста бракуе лексікі.
Заўважым: гэтыя людзі, якія шырока рэтранслююць сваю непісьменнасць, казалі не пра тое, што іх моўных ведаў не хапае, каб стварыць добры тэкст па-беларуску (так, напрыклад, тлумачыў я з’яўленне ўласных твораў па-руску). Не, яны вінавацяць ва ўсім не ўласнае цемрашальства і неадукаванасць, але мову, яе «беднасць», «сялянскасць» і «невыспеласць». Хацелася б патлумачыцца з такімі людзьмі.
Першае. Тэза пра вёску як локус беларускай мовы была актуальная 50-100 гадоў таму. Цяпер пад уздзеяннем медыйнай русіфікацыі, рускамоўных тэлеканалаў вёска масава пераходзіць на трасянку. Скарбы лакальных гаворак знікаюць разам з «дамедыйнай» генерацыяй, якая бараніла традыцыі, памятала матчыны песні і г. д.
З іншага боку, у буйных гарадах паўстаў клас, для якой мова з’яўляецца прыкметай «не-калгаснасці», «сучаснасці», «еўрапейскасці» (гл. тэксты тут і тут). Ды што там: згадайма фестываль «AD.NAK!» — буйную падзею з процьмай маднява апранутых гараджан, якія шпарылі паміж сабой выключна па-беларуску.
Ну і дзе тут вёска? І хто «калгаснік»? Згадайма беларускамоўныя банеры ў Мінску, камерцыйныя сіці-лайты па-беларуску: родная гаворка робіцца прыкметай буржуазнасці, інакш кампаніі-вытворцы не пазіцыянавалі б з яе дапамогай такія «нішавыя» рэчы, як мабільныя тэлефоны і планшэты.
Другое. Калі пры Яне Баршчэўскім на мове размаўляла вёска, пры Караткевічы — тыя, хто прыехаў з вёскі ў горад паступаць, цяпер у мовы з’яўляеца яшчэ болей цікавы і актуальны арэал — інтэрнэт. Выкрышталізоўваецца новая моўная «феня», якая сумяшчае беларускую мову, кампутарную гаворку і ангельскі слэнг. З «архаічнай з’явы» беларуская павольна пераўтвараецца ў з’яву суперсучасную, мову будучыні.
Трэцяе. Тэза пра «сялянскую» літаратуру пануе ў галовах тых людзей, якія знаёмыя з беларускімі тэкстамі выключна па савецкай школьнай праграме. У складальнікаў гэтай праграмы не было выбару: палова гарадскіх беларускіх пісьменнікаў была яшчэ не рэабілітаваная пасля расстрэлаў, другая палова працягвала адбываць пакаранні (Ул. Дубоўка).
Усім, хто хоча сапраўды разабрацца, ці ёсць класічная гарадская літаратура на беларускай мове, раю пайсці ў кнігарню і набыць «кнігазбораўскі» томік Максіма Гарэцкага (дарэчы, пдфка ёсць на «Камунікаце»). Пачытайце апавяданні Гарэцкага, пасля пагаворым. Пачытайце Ластоўскага. Пачытайце «Споведзь» Геніюш — проста каб зразумець, ШТО адбывалася з нашымі літаратарамі, пакуль мы ў сваіх савецкіх школах талдонілі «вораг-жандар закурыў папяросу…».
Чацвёртае. Усім, хто кажа пра нявыспеласць беларускай мовы, раю спампаваць у сеціве тэкст «Некаторыя прыватныя выпадкі мілагучнасці беларускай мовы», напісаны Уладзімірам Дубоўкам, азнаёміцца і задацца пытаннем: ці можа існаваць такі тэкст у прасторы «нясталай» мовы?
Наогул — прачніцеся, сябры! Нягледзячы на суіснаванне двух правапісаў (якое хутчэй кажа пра нацыянальны характар, а не пра стан мовы), тэарэтычны корпус падыходаў цалкам склаўся ў 20-30-х гадах XX стагоддзя. Так, літаратурная беларуская мова параўнаўча маладая. Але адна справа — «маладая», іншая справа — «нявыспелая». Мова «спее» тэкстамі. Хочаш, каб яна «паспела», — пішы на мове.
Але ж тэкстамі мова і маладзее. Хочаш, каб мова была маладой, — пішы на той мове, на якой размаўляюць сёння. Літаратура ведае вельмі «выспелыя», але ўжо «немаладыя» мовы, у якіх быццам скончыўся нейкі Божы зарад. У беларускай мовы зараду хопіць на сто Муракамаў і тысячу Уэльбэкаў.
Пятае. Як ні пнуся, не магу пабачыць прыкметаў «няспеласці» беларускай мовы, напрыклад, у «Паліпмсэсце» Алеся Аркуша, ці ў «Спакушэнні» Барыса Пятровіча. Не бачу «няспеласці» ў «Хай таку» Анатоля Івашчанкі (верш «Мой блог» — адно з пацверджанняў тэзы пра мову будучыні) ды «Бегу па самаадчуванні» Усевалада Сцебуракі. Можа, тыя, хто кажа пра «няспеласць», дагэтуль чытаюць Максіма Танка з Аркадзем Куляшовым і думаюць, што вось гэта — самыя выдатныя стылістычна творы па-беларуску (чамусьці мне падаецца, што яны наогул нічога не чытаюць, яшчэ ў савецкай школе вырашыўшы, што беларуская літаратура — гэта «другасна і нецікава»)?
Шостае. Часцяком чуеш, што на мове пішуць выключна тыя, хто імкнецца «замкнуцца ў гета», што беларускамоўныя творы — «правінцыйныя», а рускамоўныя — «інтэрнацыянальныя», бо вымушаныя вытрымліваць канкурэнцыю з вялікім светам Рускага Слова. Але гэта ўжо не сучасны падыход. Справа ў тым, што, глабалізаваўшыся, свет імкнецца сёння шукаць вялікія тэксты ad marginem — па ўскрайках.
Англійская мова ўніфікавала чытача, стварыла такі ж «еўрапейскі» стандарт у раманах, які існуе ў ежы, вопратцы, шопінгу. Усе, хто вытыркаецца з гэтага стандарту, усе, хто жыве ў сваім невялічкім магічным свеце, робяцца найбольш цікавымі: гэтым тлумачыцца колішні ўзлёт лацінаамерыканскай літаратуры, цікаўнасць да сербаў ды ўвогуле Балканаў, феномен папулярнасці палякаў ды ўкраінцаў.
Таму слоган тут такі: хочаш быць інтэрнацыянальным — пішы па-свойму.
Сёмае. Не лічу праблемай, калі беларускі пісьменнік піша па-руску. Болей за тое, працягваю лічыць, што складнікам нацыянальнай ідэнтычнасці на дадзеным этапе ёсць білінгвізм. Але я катэгарычна супраць таго, каб беларусы называлі ўласную мову «сялянскай»: гэта проста за межамі майго разумення прыстойнасці.