«Чорная сіла». Каты, аднак, ніколі не бываюць вінаватыя

Тады ў краіне панаваў тэрор. Шмат каго вешалі, ссылалі, расстрэльвалі. Бальшыню саджалі ў вязніцы. Каго на восем гадоў, каго на дзесяць ці дваццаць пяць. Тых, хто скардзіўся, плакаў ці ад болю крычаў на допытах, саджалі назаўжды. Іх плач-енк уважаўся за пратэст ці знявагу працавітых карных органаў.

temnye_tuczi_2.jpg

Карныя органы дужа пільнаваліся адмысловага гонару і не трывалі знявагі.

Усе арыштаваныя прызнаваліся ў чым хочаш. У чым іх змушалі прызнацца. Быццам хацелі знішчыць дыктатара, атруціць суседзяў, утапіць жонку і дзяцей. Тое выклікала здзіўленне на волі, дзе не маглі даўмецца, чаму яны так робяць. Але во тых, што нядаўна яшчэ прызнаваліся ў самым жахлівым, началі выпушчаць на волю. Тое таксама было загадкава і таямніча. Адзін толькі Упарты Маўклівец з паддашша ведаў, што то скончыўся чорны касмічны цыкл, калі магчыма было ўсё. Усё, што захоча чорная сіла, якая панавала ў космасе. А чорная сіла заўсёды хацела шмат — часам дзівоснага і неверагоднага.

Так і тады. Настала пара выпушчаць тых, што ацалелі ад тэрору. I яны вярталіся — састарэлыя і хворыя — да сваіх не менш састарэлых ды хворых жанок і дзяцей. А то й да бацькоў, калі бацькі дажылі да таго нечаканага вяртання. Цяпер яны ціха апавядалі паначы, што невінаватыя, што прызнацца іх змусілі. Бо білі, катавалі, казалі, быццам родзічы ад іх адмовіліся, а жонкі здрадзілі. Яны сапраўды гады гэтак думалі. Толькі Упарты Маўклівец ведаў, што пад арыштам яны думалі інакш. Хто раней, хто пазней — шматлікія з іх паверылі следчым, што вінаватыя, і павініліся ў тым. Зрабіць тое ад іх дамаглася чорная сіла, якая запанавала ў грамадстве, і чалавеку нічога болей не заставалася, як скарыцца і павініцца. Што яны і зрабілі. Пра ўсё тое Упарты Маўклівец занатаваў у свае тоўстыя кнігі.

Але во чорная сіла саступіла, даючы месца новай. Тады пачалі вінаваціць нядаўніх абвінаваўцаў, катаў ды суддзяў. Віна гэтых была ва ўсіх навідавоку, наконт іх ні ў кога не ўзнікала сумнення. Ды тыя і не ўпарціліся – адразу прызналіся ва ўсім: білі, судзілі, стралялі. Але ж — верылі! Верылі ў ідэю, якая на той час валодала ўсімі — і правымі, і вінаватымі. А вернік, як здаўна вядома, таксама чалавек зацяты і ўжо таму не можа быць вінаваты.

Новы суд тое апраўданне прызнаў слушным. Бо і суддзі таксама верылі ў сваю ідэю і не хацелі памыляцца. Упарты Маўклівец рэагаваў на ўсё з разуменнем, але і з трывогай. Чарговы касмічны цыкл сканчаўся, зачынаўся новы, значыць, належала чакаць змены. Толькі якой? Таго мудры Упарты Маўклівец яшчэ не ведаў.

Тым часам прадчуванне зменаў неслася ў паветры, гудзеў народ на вулках і ў крамах, дзе менела тавараў і раслі цэны. Дыктатар занепакоіўся і прыняў меры. Паколькі хлеба, масла і бензіну ён даць не мог, дык даў адмысловы ўказ пасадзіць і падсудных, і суддзяў, і правых, і вінаватых. Каб у адпаведнасці з папулярнай на Захадзе ідэяй дэмакратыі нікому не было крыўдна. Тысячы людзей селі ў вязніцы, яшчэ болей калонамі павалакліся на Поўнач, да вечнай мерзлаты, якая дужа спрыяла скарачэнню арыштанцкага кантынгенту. Адно было кепска, што ў вечнай мерзлаце не было як даць рады штабялям трупаў, і тыя ляжалі там, не гніючы. I закапаць іх не было як. А галоўнае — там побач адзін з адным ляжалі суддзі з падсуднымі, пракуроры з рэцыдывістымі, што, канешне ж, не лезла ні ў якія вароты. Ні савецкія, ні фашыстоўскія. Належала становішча выпраўляць.

Як памыляліся, так і выправілі: рашуча і хутка. На гэты раз арыштавалі ўсіх пракурораў, катаўнікоў і суддзяў, дзейнасцю якіх было дужа абуранае грамадства. Але толькі да той пары, як пачалі іх судзіць. Бо вядома ж, калі не вінаватыя ахвяры, дык, мабыць, вінаватыя іх ка́ты.

Каты, аднак, ніколі не бываюць вінаватыя — таго чамусьці ніколі не ведалі людзі. Упарты Маўклівец, канешне ж, усё прадчуваў. Калі пачалі судзіць, усе, бы па камандзе, сказалі, што выконвалі загад. Не хацелі, а выконвалі; таму хай судзяць тых, хто аддаваў загады. Але ж тыя, хто аддаваў загады, не забілі нікога. Нават не кранулі пальцам — завошта ж было іх судзіць?

Мусіць, усё ж дыктатар ды яго памагатыя былі людзі разумныя. Яны хутка даўмеліся, што так можна дачакацца і якой неспадзёўкі. Таму найлепш, калі адказнасць за ўсё добрае і кепскае зрабіць калектыўнаю. Як і належыць — надаўшы дэмакратычныя формы Закону. Толькі тады льга будзе не турбавацца і спаць спакойна.

Заканадаўчы кангрэс склікалі дужа прадстаўнічы. Тысячы мужчынаў усіх узростаў сабраліся ў вялізнай спартовай залі. Спатрэбіўся прэзідыум, у які прыйшло некалькі сотняў, што шчыльнымі шэрагамі расселіся на сцэне. Упарты Маўклівец, зірнуўшы на іх, сціпла ўсміхнуўся: усё было зразумела. Ужо і ў прэзідыуме ім цесна, а як станецца ля карыта? Гэтым кормным парсюкам з неспатольным маладым апетытам не ўнікнуць бойкі. Значыць, доўга тое не праіснуе.

Быў прыняты строгі закон, які прадугледжваў усё. Цяпер караць належала адно вінаватых; невінаватых караць забаранялася. Хто вінаваты, а хто не — тое вырашаў суддзя са згоды начальства. Плакаць і ёнчыць у камерах дазвалялася колькі заўгодна, але не прасіць літасці. Літасць уважалася за найбольшае злачынства з боку суддзяў. Пратэставаць супраць мясцовага начальства дазвалялася толькі з яго пісьмовага дазволу і не бліжэй за пяць кіламетраў ад ягоных будынкаў. За дазвол на тое адказвалі ўсе інстанцыі, за забарону — ніхто. У тым палягаў галоўны выразнік новага, дэмакратычнага часу. Усё тое было новае і даволі загадкавае.

Увечары Упарты Маўклівец пагартаў на паддашшы свае тоўстыя кнігі і хутка натрапіў на пэўны адказ. Чорная касмічная сіла пакрысе саступала з неба, за ёй насоўвалася новая. Упарты Маўклівец ужо ведаў, што тыя чорныя хмары там не знікаюць ніколі. Ён хіба не здагадваўся, што генеруюцца яны зусім не ў космасе, а на зямлі. Толькі ўплываюць з космасу, куды па чарзе і вяртаюцца.

Такім чынам хмара прыходзіць і хмара зыходзіць, зрабіў няновую выснову Упарты Маўклівец і загарнуў сваю самую тоўстую кнігу.