Крыж Акрэсціна
Хай збяруць подпісы пад петыцыяй і запатрабуюць рэабілітаваць сумленнае
імя баявога лётчыка, ачысцяць, так бы мовіць, героя ад брыдоты
катаванняў і здзекаў. А завулак з домам 36-А пераймянуюць. Хай яго
назавуць імем якога-небудзь заўзятага нягодніка, скажам, з МУС, або
завулак Катавальны, а можа, імя АМАПу, таксама добра гучыць.
Гэта апавяданне было напісана пасля падзей 9 жніўня. Прапануем вам яго с невялікмі скарачэннямі.
Да мяне сёння ноччу прыйшоў Акрэсцін. Да гэтага я з ім знаёмы не быў, толькі прозвішча на слыху круцілася. Але вось прыйшоў, на канапку прысеў, сядзіць — як жывы. Геройская «Залатая Зорка» матава паблісквае, а ён кабінет мой разглядвае.
Раблю выгляд, што сплю, — і пачынаю ўзгадваць. Завуць, здаецца, Барыс, масквіч. Сталінскі сокал, ліха раздзіраў лютага ворага на сваім штурмавіку. За прыгожыя вочкі, «бабкі» ды выкананне падрадаў на будаўніцтва паўднёвых мастоў у той час яшчэ «Герояў» не давалі. Класна ваяваў гвардыі старшы лейтэнант, ды вось спатыкнулася франтавая ўдача шостага ліпеня сорак чацвёртага года недалёка ад Мінска. Барыс Сямёнавіч загінуў геройскай смерцю, накіраваўшы сваю ахопленую полымем машыну на скопішча тэхнікі і жывой сілы праціўніка, як пазначана ва ўзнагародным дакуменце. Бабах! І паляцела яго дваццаціаднагадовая несмяротная душа ў вечнае і бяздоннае сіняе неба, а прозвішча — у вечную памяць нашчадкаў і ў назву сквера, вуліцы і завулка беларускай сталіцы.
— Паслухай, — загаварыў мой незвычайны візіцёр, — прачынайся ўжо, пісьменнік, так і жыццё праспаць можна. Што, да цябе кожную ноч госці з таго свету прыходзяць? Прачынайся, дапамога патрэбная.
Я канчаткова агоўтаўся, праціраю зенкі, абдумваю, як сябе трэба паводзіць з такімі гасцямі. Па-першае, Герой, па-другое, як бы гэта выкру́тліва выказацца, не зусім чалавек… Прызнаюся, заўсёды ніякавеў перад геройскай зоркай, а тут яшчэ і на грудзях тагасветнага, так бы мовіць, суб’екта. Ну, думаю, будзе што будзе: набраў поўныя лёгкія паветра і адказваю:
— Не зразумеў, якія праблемы? Ты ж герой! Цябе ж ушаноўваюць, магілка пашанотная — як мае быць, сквер, вуліцу і завулак у твой гонар назвалі, дзяжурныя кветкі ў траўні прыносяць…
— Эх, таварыш палкоўнік! Не грэе гэтакая пашана маю лётную душу. Я ўжо дакладна ведаю, што праблема мая ў будынку 36-А майго завулка. Як бы прозвiшча маё з назвы адвесці?
— Цікавая ў цябе прапанова. Думаю, з гэтым пытаннем табе ў мэрыю трэба, яны там, здаецца, за пераназванні адказныя. А з чаго ты ўзяў, што ў гэтым прычына твайго душэўнага неспакою?
— Мне мужыкі з пекла — мы з імі часам у адной сталоўцы харчуемся — казалі, што калі такое зрабіць, то раўнавага ўва мне можа наладзіцца. А яшчэ нашы ледзь не ў адзін голас цвердяць, што страшнае гэтае месца для жывых людзей. Ды і мне самому неяк няёмка. Ледзь хто скажа, што я Акрэсцін, так ду́шы суседнія папрыціхнуць адразу, — і бачком, бачком, ад мяне далей, быццам я да таго месца якое дачыненне маю, а многія і напраўду думаюць, што я ледзь не родапачынальнік яго. А я ні сном, ні духам, я ж лятун, чалавек неба і вораг фашызму!
— Так, сапраўды, — адказваю, — добрага мала. Шчыра скажу, у Мінску, ды і не толькі, прозвішча тваё кроў марозіць.
— Вось і я аб тым. Пайшоў па сябрах, па начальству, да самога Ключніка Пятра дайшоў. Ён патыліцу чухае, тэлефануе кудысьці, а потым і выдае: маўляў, у нас па табе поўны ажур, зямныя нешта там, як заўсёды, накасячылі. Ляці ты, брат, на месца пахавання, там хутчэй праўду адшукаеш. Словам, не той завулак табой назвалі, дакладней, няправільны будынак там узвялі, не па тваім лётным ведамстве.
— А што ж гэта за будынак такі? — у Апостала пытаюся. — Там, унізе, усе дамы для жыцця і працы будаваліся, наколькі я памятаю.
— Яно то так, — адказвае Пётр, — але часам з таго будынка да нас даўжэзная чарга стаіць, толькі брамку паспявай адчыняць. Так што ляці, шукай там народ з жывых, хто зможа дапамагчы саскрэбці тваё імя з крывавай сцяны. А можа, хто з іх і іншае што падкажа. Дык вось я, Мікалаевіч, што называецца, і дэсантаваўся. І тут, сярод вас, блукаю.
— І дзе ж вы ўжо пабывалі, Барыс Сямёнавіч?
— Ды які я Сямёнавіч? Малады яшчэ, маладым, як вядома, паміраць не страшна, а душы не старэюць, па сабе ведаю. Дзе быў? Дык я як даведаўся, што там турма, наўпрост туды. Лепш бы вочы мае невідушчыя гэта і не бачылі. Нампаліты ды тыя, каго з палону на фронт пусцілі, а не ў нашыя лагеры дагніваць адправілі, расказвалі пра зверствы нацыстаў і паліцаяў. Мы слухалі, ды не асабліва верылі, а тут сам сведкам стаў. Так што давялося наглядзецца, што там з народам твораць, валасы бесцялесныя на галаве варушыліся. І форма не нашая, і морды пад маскамі, а галоўнае — лупцуюць з зухаватасцю, з азартам, з мацюкамі і смехам. Напачатку думаў: можа, ворагаў дапытваюць, а прыгледзеўся — не, так, сабе ў ахвоту і, відаць, па волі ці па бязволлі начальства. Там і дзеці былі, і хлапчукі, і дзяўчаты, дык і іх таксама — гумовымі дручкамі, толькі костачкі кволенькія трашчаць. Не дай табе Бог такога ўбачыць! Я і цяпер як успомню, дык дрыжыкі бяруць. І шмат, ой шмат там пабітых было. Гэта ж я на зямлю акурат ноччу дзясятага жніўня заявіўся. Кананада тады над цэнтрам горада стаяла, аж вокны дрыжэлі. Я ўжо грэшным чынам падумаў, ці не вярнуліся фашысты ў Мінск, ці які дэсант карнікаў высадзіўся. Палётаў там над Свіслаччу, добра, што бесцялесны, а то б збілі нахрэн у другі раз. Дзіка мне было, ці за тое мы ваявалі, ці за тое гінулі ў свае маладыя гады, каб беларусы беларусаў, як гестапаўцы, палкамі білі, газамі труцілі ды гумовымі кулямі адстрэльвалі. Журботна мне, Мікалаіч, стала. Дадому, на той свет захацелася, адно ўтрымала: Пётр другі раз брамку не адчыніць і сюды больш не пусціць, і застануся да другога прышэсця з чужым таўром Каіна. Дык вось, рабіць няма чаго, і паляцеў я ўжо на гэтым свеце праўды па начальству шукаць. Спачатку падаўся ў Жоўты дом, па старшынстве, значыць. НКВД у такіх справах заўсёды галава.
— Ну гэтыя ж пры чым? — спрабую запярэчыць, аказваецца, ду́шы — народ зацяты.
— Ты, кажаш, пры чым? Ды пры ўсім. У нас там Судаплатаў з Бабковым такія пазнавальныя лекцыі ў нядзелі закочваюць, што ажно анёлы з чарцямі вылазяць са сваіх непрымірымых зонаў паслухаць. Але самае пацешнае, калі Мюлер з Андропавым сабачыцца пачынаюць. Тут ужо ўсе ўсё кідаюць — і на майдан.
— Пачакай, і ў вас там майдан маецца? — шчыра здзіўляюся я.
— А як без майдана? Гэта ж плошча паміж Раем і Пеклам. На ёй па святых днях вельмі вялікія начальніцкія душы, не на ўзор вашых, выступаюць. Карацей, не перапыняй мяне. Прылятаю ў Жоўты дом і адразу да галоўнага, а таго няма, на дакладзе, кажуць. Я да намесніка — ад варот паварот, дзверы зачыненыя. Усе на «палетках». Адшукаў я нейкага палкоўніка, пытаюся пра сваю бяду. Той і слухаць не хоча, маўляў, я ні я і хата не мая. А сам цішком запросік у архіў, ці не стукачок я. А што — не дрэнна ж на тым свеце сексотаў мець і начальству адрапартаваць аб адноўленай вярбоўцы. Аднак і мы не лыкам шытыя! Душа — яна і ў Афрыцы душа, і бачыць усё, і чуе, і ведае, што будзе, і подумкі людскія чытае спакойна. Кажу свайму суразмоўцу: «Супакойся».
Асабісцік у нас добры быў, мы яго як на салдаціку з хлебарэзкі ў афіцэрскай сталоўцы злавілі, дык ён толькі пад нашу дыктоўку даносы пісаў. Потым, малайчына, выправіўся, дзяўчыну завёў з медсанбата. Загінуў, шкада, пры налёце на аэрадром. Дык што, не дапаможаш, пытаю ў яго. Не, гаворыць, не магу, ідзі да Чорнага, гэта яго зона адказнасці. Дзякуй, кажу, на добрым слове. Толькі ты хоць бойню на вуліцах спыні. А ён зноў рукі разводзіць: не магу, не мая епархія. Тут вышэй звяртацца трэба. Мы што… мы замуцілі, усё што трэба заплялі, страху на ворага нагналі, а ворагі — яны ж ёсць заўсёды і ўсюды, на Захадзе і на Усходзе. Калі дзе й няма, дык мы іх ураз выявім. Ёсць у нас і такія клоўны. Агентуру і давераных асобаў паднялі ў масы, а самі вось сядзім, назіраем, сігналізуючы, што ды як. Ты хоць ведаеш, як нашая старая эмблема расшыфроўваецца?
— Не, — адказваю, — я ж з першага дня толькі «крылцы» насіў.
— Эх ты, душа твая маторная. «Сядзі ў кустах і чакай героя»!
— Хацеў я было запярэчыць, што за кусты сценку хутчэй даюць, а не героя, але з прыкрасцю махнуў рукой і падаўся да Чорнага. Аказалася, што той не толькі душой чорны, але яшчэ і не надта разумны. У яго на той момант быў адзін клопат: дзе і чаго ўзяць, якой бадзягі, каб сінякі з пабітых змыць. Якім пластылінам дзіркі ў целах пакалечаных заткнуць. Нават вунь спрабавалі Хрыста вы́клікаць, каб трохдзённых уваскрасіў. Яны завуць, а Гасподзь не ідзе. Не Божая гэта справа. А Нячысцік — тут як тут, так і круціцца, ды і давай яму нашэптваць, маўляў, закапай, закапай іх, Чарнушка, ці спалі́ ў крэматорыі, а то знойдуць забітых — ві́ску грамадскага будзе, як пры стрыжцы свіней, а то глядзі і з крэсла скінуць. А генерал, па тупасці сваёй, пачаў самому Чорту агрызацца. Гляджу я, зусім мянты ў вас страх страцілі і барзатой параслі.
— Не бойся, Чарціла, — рыкнуў галоўны па дручках, — пакуль Сам на месцы сядзіць, мяне нікуды не папруць. А ён яшчэ сядзець доўга будзе, яго ўсходнія браты ніколі не здадуць, ён дзеліцца. Эх ты, рагаты! Адышоў бы лепш, тут і без тваёй серы дыхаць няма чым. Ты нават і ўявіць не можаш, як цяжка Яму народ газам паліваць, сам дні тры чыхае, і вочы слязяцца. А гумовымі кулямі ці проста расстрэльваць? У іншым выпадку раз па пяць паліць даводзілася, пакуль якую пігаліцу з коскамі зваліш. Байцам жа за сябе сорамна. Што — яны лохі якія? Ды і плячо ад аддачы баліць.
— Бачу, кашы з ім не зварыш, — працягвае лётчык-герой Акрэсцін. — А за такія размовы з Вельзевулам гарэць яму са сваімі змоўшчыкамі ў вечным агні, ды і тым, хто побач стаяў, не паздаровіцца. Павярнуўся я і скразануў на самы рэспубліканскі верх, абмінаючы народных абраннікаў. Ды і якія яны абраннікі, так, канкурсанты. У райвыканкаме конкурс выйгралі, пайшлі ў вобласць, вобласць праскочылі — спісы на вуліцу Карла Маркса, там іх прамікраскопілі, Галоўнаму прынеслі, той асабіста з лупай прагледзеў, зацвердзіў, — можна і ў бюлетэні, і на галасаванне. Вось так і выбіраліся… Ну, Мікалаевіч, я табе скажу, патуляўся я, пакуль усе афіцыйныя рэзідэнцыі аблятаў, адразу відаць, вельмі сціпла ў вас жывуць, так бы мовіць, кроў з крыві ад свайго народца, што як пацукі разбягаецца. Словам, апынуўся, у рэшце рэшт, у галоўным дамішчы, на палац усекітайскіх сходаў падобны. Там зусім спалохаўся: дзе тут чалавека адшукаеш, тут знішчальны полк схаваць можна. Гляджу, а мне насустрач Берыя з Цанавам ідуць. Я ў струнку і заціх. Міма прайшлі, нават брывамі не павялі. Ну, думаю, цьфу-цьфу. Ажно не, маршал спыніўся, павярнуўся, пенснэ бліснула, — і пытаецца:
— А чэго эта ты, старлей, тут ходыш, што, таго свэта мала?
— Аніяк не, Лаўрэнцій Паўлавіч, мне той свет мілы і прыемны, нашмат лепш, чым тут. Я па дазволу галоўнага Ключніка, «касяк» зямны трэба выправіць, Галоўнага Тутэйшага шукаю.
— Ох, братэц, хрэн ты яго найдзёш. За трое сутак мі не знайшлы. Справа ў нас сэр’ёзная, сам Сталін да нэго паслаў. Знаеш, Лэнін сэр’ёзно болэн, Іосіф Вэсарыонавіч на всэм хозайствэ, сваіх збырае. Даручэнне Тутэйшаму павінны былі пэрэдаць, але так і нэ знайшлы его. Што дакладываць будэм, нэ знаю. Зашылся он нэдзе, нэ выходыт. Дэло швах. Што за чэлавек, гастэй развэ так встрэчают? — павярнуўся і пайшоў. Цанава яму давай нешта нашэптваць на вуха. Берыя яшчэ раз спыніўся і павярнуўся. — А што ў тэбя за пытанне, гэрой? Можа, мі паможэм?
— Напраўду, Мікалаевіч, я ўзрадаваўся, коратка ўсё выклаў, стаю і чакаю. Яны падышлі бліжэй, параіліся і пачалі разважаць.
— Вы маеце рацыю, таварыш маршал, тое месца лепш так назваць, аднак Фелікс Эдмундавіч мяняцца не стане, заўпарціцца. Потым, зноў-такі, праспект мінскі на завулак — няроўны абмен. Там яшчэ Жукава праспект ёсць, але гэты лейтэнанта і ва ўпор бачыць адмовіцца. Ды і да вас яго стаўленне якое — самі ведаеце. Тут штосьці іншае трэба.
— Ну так думай, думай, Лаврэнцій Фаміч. Нада жэ чэлавэку памоч. А можа, гэты пэрэулак тваім імэнэм назваць? Памятаецца, вы тут з Панамарэнкам нэ дрэнна папрацавалі.
— Не, мной назваць пабаяцца. Скажуць, з завулка Цанавы пачнеце, а плошчай Берыі скончыце.
— Катэгарычэскі нэт, плошчай імэні таварыша Сталіна. Але не пра нас рэч.
— Так-так. Я, Лаўрэнцій Паўлавіч, думаю, трэба пакінуць рашэнне гэтага пытання на сумленні саміх гараджан.
— Як эта?
— Хай збяруць подпісы пад петыцыяй і запатрабуюць рэабілітаваць сумленнае імя баявога лётчыка, ачысцяць, так бы мовіць, героя ад брыдоты катаванняў і здзекаў. А завулак з домам 36-А пераймянуюць. Хай яго назавуць імем якога-небудзь заўзятага нягодніка, скажам, з МУС, або завулак Катавальны, а можа, імя АМАПу, таксама добра гучыць. Але мне асабіста Катавальны вельмі падабаецца. Я гэты дом і завулак добра памятаю, там яшчэ мае́, заплечных спраў майстры, пачыналі працаваць. Тады таксама, таварыш наркам, калі памятаеце, у асноўным бязвінных плюшчылі. Не думаў, што нашыя традыцыі на гэтай зямлі, а галоўнае, у мазгах кіраўніцтва так моцна прыжывуцца.
— Так што, гэрой, всэ твае на тэбэ. Шукай, хто эта завострыць, шум, можэт, падымэт. Сам думай, а вэрнэшся, прыхады, віна харошэго вып’ем, пагаварым. — І, паляпаўшы свайго спадарожніка па плячы, міралюбна дадаў: — Пайшлі, Цанава, а то апяць да раніцы пад варотамі стаяць будэм.
— Дык вось яно і рашэнне, — узрадаваўся я і сарваўся з ложка, — ка́ты табе яго, дарагі візіцёр, і падказалі, ці трэба было з-за гэтага на грэшную зямлю перціся, яшчэ якую заразу на той свет прыцягнеш?
— Падказалі то падказалі, але ж я да Шчорса сам не пайду за сябе прашэнне пісаць. Не па-афіцэрску, ды і пісаць няма рук.
— Там ужо Шчорса няма, там Сіўлак пануе. Дык мне што — ад сябе па гэтым пытанні на імя мэра паперу напісаць? Аднак, думаю, не павераць, што мы з табой вось так папросту размаўлялі...
— Ды не, заяву пісаць не трэба. Ты аповед напішы, ты ж пісьменнік, апублікуй яго, а народ, калі памяць у ім пра герояў жывая, няхай сам і вырашае, як і што рабіць. Навошта яму чужое дзярмо на маіх пагонах. Ну дык як — напішаш?
— Напішу, — адказаў я і прачнуўся. У пакоі цішыня, гадзіннік цікае, лёгкі пах авіяцыйнай газы ледзь казыча ноздры, — і толькі на душы чамусьці трывожна.