Воля бацькі — гэта воля бацькі... «Лапаціна» (прыпавесць)

З сівой даўніны вёўся ў Нальшанскай зямлі звычай: калі гаспадар, састарэўшы, знемагаў, не мог ні пасеяць, ні пажаць, ні змалаціць, а толькі з’есці, ён ці перасяляўся з чырвонага, гаспадарскага кута ў запечча, ці, каб не быць у сям’і нахлебнікам, прасіў даць яму лапаціну.

lapacina.jpg


Сонца над Ярылавай гарой узыходзіла вясёлае — зусім не па настроі Ціта. Але што зробіш з сонцам? З Ярылам? Тут з самім сабой не зробіш нічога, а не тое што з богам...Апошнімі гадамі Ярыла не ўзлюбіў за нешта Нальшу. Вось і ў гэтым годзе яшчэ напачатку лета спаліў збажыну. Чаму ён бяду наслаў, на каго, на што зазлаваў? — пра тое нават вайдэлот Тур і вярхоўны вяшчун Крыва—Крывэйта, які прыехаў у Крэва, каб прынесці ахвяры Ярылу, не дазналіся. Увесь чэрвень стаяла гэткая спёка, што, здавалася, плавіліся камяні, і сям’ю Ціта, да якой хутка павінен быў дадацца яшчэ адзін рот, зімой чакаў голад. Дый не толькі сям’і Ціта, а ўсяму Крэву, усёй Нальшы, на зямлі якой і без сонечных пажараў было ледзьве пракарміцца, выпадала гэтым годам галадаваць.

— Давайце мне лапаціну, — сказаў Ціт сынам, як толькі паснедалі. І паклаў каля пустой місы, выцершы хлебам, лыжку. — Мілава хутка народзіць, до мне ўжо...

Сыны ягоныя, старэйшы Віт, сярэдні Дан, муж Мілавы, ад якой не сёння-заўтра павінен быў з’явіцца ў Ціта ўнук, і малодшы Юр даелі сваё, таксама выцерлі хлебам і паклалі на стол лыжкі.

— Сёння?.. Ці заўтра? — спытаў Віт па праву старэйшага. І калі бацька, прамаўчаўшы на першае пытанне, на другое кіўнуў, Віт падняўся з-за стала. — Заўтра дык заўтра.

За ім падняліся Дан з Юрам. Гаварыць болей не было пра што. Воля бацькі — гэта воля бацькі. Як сказаў, гэтак мусіць быць.

З сівой даўніны вёўся ў Нальшанскай зямлі звычай: калі гаспадар, састарэўшы, знемагаў, не мог ні пасеяць, ні пажаць, ні змалаціць, а толькі з’есці, ён ці перасяляўся з чырвонага, гаспадарскага кута ў запечча, ці, каб не быць у сям’і нахлебнікам, прасіў даць яму лапаціну.

Большасць выбірала запечча. А лапаціну выбіраў той, хто не хацеў дажываць жыццё з мышамі.

Звычай патрабаваў, каб лапаціна была альбо з гумна, дзе ёй збожжа на таку веялі, альбо з хаты, дзе на ёй цеста ў печ ставілі. Каб мела дачыненне да хлеба — і было зразумела: усё. Сыта ці не, але наеўся. З’еў чалавек сваё.

Пад захад сонца ён падымаўся з лапацінай на Ярылаву гару, дзевяць разоў абыходзіў вяршыню, укленчваў на капішчы, маліўся Ярылу, а ў хвіліну, калі сонца хавалася за небасхіл, нахіляўся ўслед за ім, кладучы галаву на ахвярны камень. Лапаціну, якую прынёс ён на плячах, браў ягоны наймалодшы сын і біў па патыліцы. Звычай патрабаваў, каб абавязкова наймалодшы — гэтак замыкаўся чарговы круг жыцця. З апошнімі сонечнымі іскрамі цвіркала, пырскала кроў, і жыццё захо­дзіла, закочвалася за мяжу зямлі і неба разам з сонцам...

Ціт не мог выбраць запечча.

— Што гэта з бацькам? — спытаў Дан братоў, збіраючыся ў сваю буду ў Багушоўскім лесе, дзе ён драў бяросту, нарыхтоўваў смалу, дзёгаць, вугаль. — Яму ж не час, здаровы яшчэ.

— Сын твой здаравейшы будзе, — кіўнуў Віт на Мілаву, якая грэла на сонцы пад сцяной пуні свой вялізны жывот. — Не сёння-заўтра адным ротам стане болей. Значыць, адным ротам мусіць меней стаць.

«Хто ж ведаў, што голад...» — хацеў сказаць Дан, але Юр раней сказаў: «Ты чаго яго вінаваціш? Ён жа не ведаў, што голад. А калі б і ведаў, дык што?..».

На тым размова між братамі скончылася. Юр пайшоў на свой пчальнік, а Віт, глянуўшы на круглыя грудзі над круглым жыватом Мілавы, сказаў, аблізаўшыся:

— А тое. Не трэба было гэтую смалянку да нас цягнуць. Праз яе ўсе беды. І вось пабачыш, Дан: яны яшчэ не скончыліся. Калі не так, няхай мне ні рыбы ў рацэ, ні звера ў лесе.

Юр у іх сям’і пчалярыў, бортнічаў, бо чым яшчэ, як не пчоламі, аднарукаму займацца, а Віт паляваў ды рыбачыў. Ён склаў высушаныя сеці, каб паставіць іх у Крэўлянцы на стронгу, зірнуў яшчэ раз на Мілаву і пайшоў да ракі.

Пра тое, што было, Віт праўду сказаў. Але пра тое, што будзе, багам ведаць, а не Віту.

Беды пачаліся пасля наезда на Смаленскае княства, адкуль вярнуліся нальшанцы з багатымі абозамі, лупамі, а Дан яшчэ й з паланянкай. Ён не ведаў, як насамрэч яе зваць, а яна не казала, дык Дан сам назваў паланянку Мілавай. Вядома, сапраўднае імя яе было іншае, хрысціянскае, смаляне не трымаліся гэтак за паганскую веру і звычаі продкаў, як нальшанцы, але якая розніца, як называецца гэткае дзіва...

Мілава была прыгожая, як Ляля. Багіня прыгажосці. Высокая, гнуткая, з васільковымі вачыма, белая-белая з чорнымі, як смоль, валасамі. Дан казаў, што знайшоў яе ў палацы князя, але што яна там рабіла, кім была, ад Мілавы было не дазнацца.

Смалянаў падчас апошняга наезда Нальшы ўжо абклала данінай Арда, так што выходзіла, нібы нальшанцы ўзялі ў Смаленску не сваё, ардынскае. Таму меней чым праз год паскакала на Нальшу шалёнае войска хана Бурундая разам з дружынай валынскага князя Васількі Раманавіча. Нальшанскі князь Даўмонт кінуўся па дапамогу ў Наваградак да сваяка, вялікага князя літоўскага Міндава, але сваяк не дапамог. Было ў яго іншае на мэце: далучыць да Наваградка, да Літвы нальшанскую зямлю, аслабленую набегам Бурундая. А ў Крэва разам з князем Васількам прыскакаў смаленскі князь Глеб, і разам яны Крэва нішчылі, палілі, шукаючы паланянку, пра якую казалі, што яна была нявестай смаленскага князя, але не знайшлі яе, схаваную Данам у будзе ў Багушоўскім лесе.

Калі Васілька з Глебам пакінулі абрабаванае Крэва, калі Дан прывёў Мілаву, і калі ўсе, хто застаўся жывы, запатрабавалі прынесці яе ў ахвяру Ярылу, каб ён злітаваўся над Нальшай, вайдэлот Тур сказаў: «Не. Ярыла даў мне знак, што яму патрэбная іншая ахвяра. Большая, чым паланянка. А якая — пакуль знаку не было». І ўсе, паглядзеўшы адзін на аднаго, прамаўчалі, не ведаючы, што гэта Ціт шапнуў вайдэлоту Туру: «Калі першай ахвярай стане смалянка, другой станеш ты». А вайдэлот Тур ведаў, як і ўсе ведалі, што Ціт, які колькі жыў на зямлі, столькі ваярыў, назабіваўшы людзей больш, чым іх засталося ў Крэве, слоў на вецер не кідае.

Быў той знак ці не было таго знаку, але паланянку Мілаву не ахвяравалі Ярылу, а ў Наваградку нечакана памерла вялікая княгіня Марта. Жонка вялікага князя Міндава. Сястра княгіні Агны, жонкі князя Даўмонта. Здаровая, трыццацігадовая — і раптам.

Дзіўная смерць. «Вялікая княгіня — вялікая ахвяра, якой хацеў Ярыла!» — абвясціў вайдэлот Тур, і ўсе на нейкі час супакоіліся, апроч самога Ярылы і вялікага князя Міндава.

Некалі Марта звалася Ведай і была жонкай князя Вішымунта, якога разам з братамі ягонымі Ердзівілам і Спрудзейкам забіў Міндаў, каб узяць Веду — гэтак яна яму глянулася. І ўзяў ён паганку Веду, якую ахрысцілі ў Марту, і яна нарадзіла яму двух сыноў, Рэпіка і Руклю. Гуляючы з імі перад сном, Марта й памерла.