D-bass. Партрэт інструмента на фоне гісторыі

Аляксандра Дабравольскага ўсе ведаюць найперш як палітыка, чальца Аб’яднанай грамадзянскай партыі. А такога Дабравольскага вы ведалі?

На вечарыне выпускнікоў ВШПІ, снежань 2018

На вечарыне выпускнікоў ВШПІ, снежань 2018

Я ніколі не граў песню «Go Golly Miss Molly». Хоць і чуў яе незлічоную колькасць разоў. У мяне такое ўражанне, што гэты класічны рок-н-рол можа заспяваць кожны жыхар нашай планеты. Не ўсе, магчыма, трапяць у ноты, але... Зрэшты, магу і памыліцца — знойдуцца і тыя, хто пра гэту песню даведаецца з майго тэксту. Не, не веру, што такое магчыма!..

З усяго спісу, які я атрымаў ад Мілы, я абраў гэтую песню. Можа, таму, што яна вельмі завадная. Можа, таму, што яна адразу «завялася» ў маёй галаве, ды так, што выгнаць яе было папросту немагчыма. Трэба ўсё ж прызнацца, што, хутчэй за ўсё, я абраў тую «рэч», якую мне прасцей было выканаць. Бо я не выходзіў на сцэну 32 гады. І амаль столькі ж не браў у рукі бас-гітару. Неверагодна!


* * *

...Калі я яе ўбачыў, ледзь не звар’яцеў. Гэта была фантастыка. У 1984 годзе якраз пачалася кампанія па «атэстацыі» рок-гуртоў, або, як іх называлі ў газетах, «вакальна-інструментальных ансамбляў». Я і мае сябры — Сярога, Лёнька і Валодзя, — не вельмі баяліся гэтай атэстацыі. Па-першае, мы не ведалі, што гэта — сур’ёзна. Па-другое, мы ўладкаваліся граць у Дом культуры, дзе рэпетавалі і захоўвалі апаратуру. А атэстацыя якраз там і праводзілася, і мы спадзяваліся на добразычлівасць «камісіі». Камісіі тады шмат што вырашалі. Як потым высветлілася, па ўсім Савецкім Саюзе з дапамогай атэстацыйных камісій «вычысцілі» мноства моцных гуртоў, сярод іх — і «Аракс», які мы страшэнна любілі за фірмовае прафесійнае гучанне.

Нам неатэстацыя нічым асабліва не пагражала — у кожнага быў асноўны занятак. Я працаваў інжынерам-электроншчыкам, Сярога займаўся тэхнікай на пошце, Лёнька вучыўся ў політэхнічным, а Валодзя выкладаў у музычнай школе. Але для прафесійных музыкаў неатэстацыя была як чума. Людзей пазбаўлялі любімай працы, ламалі іх лёсы. Тагачасны кіраўнік краіны Андропаў такім чынам наводзіў парадак, культуру «зачышчалі» ад нядобранадзейных. Яшчэ праводзіліся аблавы па крамах і кінатэатрах, а раптам хто пайшоў туды ў працоўны час?

Дык пра што гэта я? У 1984-м я граў ужо ў чацвёртым сваім складзе. У першы «ансамбль» я трапіў у дзявятым класе школы, калі яшчэ і граць асабліва не ўмеў. Сярога тады граў у другой школе разам з будучым губернатарам Магілёўскай вобласці Валодзем. Другі склад мы стварылі з аднакурснікам Сашам на факультэце радыёфізікі БДУ. Бубнача ў нас не было, і мы запрасілі Пракопа, які крута стукаў па каленях, калі слухаў музыку. У яго атрымалася і на ўдарнай устаноўцы.

Нас запрасілі ў суседні вясковы клуб граць на танцах. Мы з Сашам набылі па гітары — «балалайцы». Так, былі такія блакітныя «балалайкі» чэшскай фірмы «Jolana». Свой бас «Basso IX» я набыў ва ўнівермагу «Беларусь» за 226 рублёў. А дзе было яшчэ? У самай галоўнай краме «Музыка» таксама нічога іншага не прадавалі. Фірмовыя інструменты каштавалі фантастычных грошай, бо была манаполія знешняга гандлю, і ўвесь імпарт зацвярджаўся ў Маскве. 226 рублёў былі тады прыстойнымі грашыма — як мінімум, двухмесячным заробкам. А бас «Fender», прывезены «фарцоўшчыкам», каштаваў больш за тысячу.

У наш вясковы клуб прыслалі мастацкім кіраўніком Яшу. Дырэктар клуба Абрам Міхайлавіч прыняў яго ветліва. Яша — круты скрыпач. У яго было мноства знаёмых, і ён «дастаў» у клуб ударную ўстаноўку «Amati», хоць і не новую. Гэта была мара.

Пракоп сядзеў за ёй як кароль. «Amati» была не італьянскай фірмай, як можна было падумаць, а чэшскай. І гэта найлепшае, што можна было «дастаць». Слова «дастаць» тады значыла нашмат больш, чым слова «купіць». Калі былі грошы — усё роўна, каб купіць, трэба было спачатку «дастаць». Гэта значыць, атрымаць дазвол набыць або ад дзяржавы, або ад знаёмага прадаўца.

Яша апынуўся вясёлым і прадпрымальным чалавекам. Мы паехалі з ім па вяселлях, і ён вельмі разнастаіў наш рэпертуар віртуознай «інструменталкай», якую ён з запалам выконваў на скрыпцы, і адэскімі песнямі. Зрэшты, свята было нядоўгім. Аднойчы Яша запрасіў нас да сябе дадому на вуліцу Прытыцкага і распавёў, што з’язджае. Быў, наколькі я памятаю, 1978 год. Мяжа тады была на замку, за яе не выпускалі. Выпускалі тады хіба што яўрэяў у Ізраіль, дый тое з праблемамі. Яша вельмі непакоіўся, ці прапусцяць скрыпку.

Дасюль не ведаю, ці прапусцілі. Але ведаю, што сваю справу ён не кінуў. Чытаў у кнізе Міхаіла Шуфуцінскага апавяданні, як Яша бліскуча граў на ягоных канцэртах. Потым Яша вярнуўся ў Адэсу і кіраваў жаночым скрыпічным ансамблем. Гляджу зараз у інтэрнэце афішы выступаў Яшы ў ЗША.

Пасля Яшавага ад’езду ў нас утварыўся трэці склад. Напэўна, самы прафесійны. Брат нашага гітарыста Сашы іграў на балалайцы ў Кансерваторыі. А паралельна — на гітары. Мы з Сашам былі запрошаныя ў каманду «крутых перцаў» з «Кансы». Сашаў брат Коля (гітара), Віця (клавішы), Саша (барабаны) і Валера (флейта). Вось дзе была школа для мяне! Я вывучыў нотную грамату раней самастойна, але гэта ж быў зусім іншы ўзровень!

У гэтым складзе мы гралі ў шматлікіх кавярнях і рэстаранах, на вяселлях, вечарынах, канцэртах. Каб працаваць легальна, мы ўладкаваліся ў фірму бытавога абслугоўвання «Адпачынак» і раз на месяц атрымлівалі зарплату рублёў так па 60. Але гралі мы, зразумелая рэч, не дзеля грошай. Хоць супраць грошай ніхто не пярэчыў. Мы пасябравалі, і я граў у гэтай групе да заканчэння ўніверсітэта. Узмацняльнікі ў нас былі лямпавыя самаробныя, калонкі таксама самаробныя, у Сашы — чэшская ўдарная ўстаноўка «Amati», гітары былі таксама чэшскія, а ў мяне — усё тая ж сіняя «балалайка».

З гэтай гітарай я яшчэ граў цэлае лета 1981 года ў спартыўным лагеры БДУ на Нарачы ў зборным складзе. Самы яркі персанаж у нас быў Алік — бубнач з танцавальнага ансамблю «Харошкі». Ён быў старэйшы за нас удвая, але і ўдвая весялейшы.

Нарач, спартыўны лагер БДУ, 1981 год. Ігар (вакал), Вася (філосаф, аматар музыкі), Віця (клавішныя), я, Саша (барабаны, першая змена), Алік (барабаны, другая змена), Коля (гітара). 

Нарач, спартыўны лагер БДУ, 1981 год. Ігар (вакал), Вася (філосаф, аматар музыкі), Віця (клавішныя), я, Саша (барабаны, першая змена), Алік (барабаны, другая змена), Коля (гітара). 

Студэнты ў спортлагеры не толькі спортам займаліся, але і выступалі са сцэны (гэта называлася мастацкай самадзейнасцю). Калісьці па савецкім тэлебачанні некалькі гадоў запар ішла перадача «Рабі з намі, рабі як мы, рабі лепш за нас». Паколькі тады было толькі два тэлеканалы — усесаюзны і рэспубліканскі, — то глядзелі ўсё, што прыйдзецца. У гэтай перадачы спаборнічалі школьнікі з ГДР — Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. У якой мяжа таксама была на замку, бо побач у Заходняй Германіі (ФРГ) «пакутаваў працоўнай народ», і занадта шмат каму з усходніх немцаў чамусьці хацелася туды патрапіць. І вось са сцэны ў КВЗ гучыць: «Рабі з намі, рабі як мы, рабі лепш за нас! Перадача з Польшчы». А ў Польшчы тады ў разгары былі пратэсты прафсаюза «Салідарнасць». Добра, што са студэнтамі нічога дрэннага не здарылася, за такі гумар раней можна было трапіць у турму ці вар’ятню. Але ў 1980-я гады ўжо заканчваўся так званы «застой», наперадзе маячыла Перабудова, пра якую тады ніхто не здагадваўся, але аднекуль з’явілася надзея на перамены. А ў музыцы замест мілагучных ВІА прарваліся «Воскресенье» і «Машина времени».

Іх песні і сталі асновай нашага рэпертуару. А ў нашай камандзе з’явіўся пазаштатны вакаліст Ігар. Ён адпачываў з сям’ёй у суседнім курортным мястэчку і прыходзіў да нас пакрычаць «Поворот» і «Кто виноват, что ты устал». Ігар — выпускнік Піцерскай кансерваторыі. Ён кіраваў Народнай харавой капэлай БДУ, у якую я трапіў насуперак свайму жаданню на першым курсе. Мы страшна не любілі хор, а ўсіх загналі на праслухоўванне. Я, Саша і Пракоп наўмысна праспявалі фальшыва, але нас «здаў» камсорг (сакратар камсамольскай арганізацыі), які загадзя папярэдзіў Віктара Іванавіча, што мы нешта кшталту музыкаў. Віктар Іванавіч тады кіраваў капэлай. Ён сказаў так: адна рэпетыцыя, і нікога не трымаю. Я трапіў на рэпетыцыю: складаныя шматгалоссі, цікавы рэпертуар. Хоць былі і песні пра партыю, якія мы не любілі.

Народная харавая капэла БДУ. Дырыжуе Ігар Мацюхоў

Народная харавая капэла БДУ. Дырыжуе Ігар Мацюхоў

Я ўліп — і спяваў у капэле пры розных кіраўніках яшчэ некалькі гадоў пасля заканчэння БДУ. Там я сустрэў Наташу, з якой пазнаёміўся пасля нашага канцэрта перад умоўна асуджанымі ў Гродне, і якая пасля стала маёй жонкай. А з Ігарам мы сябруем да гэтага часу. Пасля капэлы ён стварыў камерны хор, у першым складзе якога я таксама спрабаваў спяваць. Потым хор стаў Дзяржаўным, а Ігар — заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі. Але гэта было пазней. А ў 1981 годзе мы разам праспявалі выдатнае вясёлае лета.

А потым здзейснілася мая мара змяніць інструмент. Бас-гітару, з якой пачыналася гэтая гісторыя. Але не адразу. Спачатку летам 1982 года я прайшоў трохмесячныя ваенныя зборы пасля ўніверсітэта, дзе даведаўся, што такое салдацкае жыццё, і стаў лейтэнантам артылерыі. Потым пайшоў на працу ў Канструктарскае бюро, і яна мяне так захапіла, што спачатку было не да хобі. Я ўдзячны лёсу за тое, што трапіў, напэўна, у лепшы працоўны калектыў у маім жыцці. Заробак быў спачатку 130 рублёў, потым крыху вышэйшы, але здымаць кватэру ў Мінску было складана, і я вярнуўся ў раённы горад пад Мінскам да бацькоў. На працу давялося ездзіць кожны дзень на электрычцы, так рабілі многія мае сябры.

Там разам з Сярогам мы і стварылі новую групу. Запрасілі гітарыста Лёньку і бубнача Валодзю, які падпрацоўваў мастацкім кіраўніком на мясцовай швейнай фабрыцы. На гэтай фабрыцы і сталі спачатку выступаць. Потым перайшлі ў Дом культуры. Гралі пераважна рок. Гэта быў мой чацвёрты склад. Ён быў моцны і зладжаны. Быў 1984 год, наперадзе была атэстацыя.

aljaksandr_dabravolski.jpg


* * *

І вось я ўбачыў яе. Яна была неверагодная. У маіх вачах гэта быў верх дасканаласці. Хто бачыў бас «Rickenbacker», зразумее мяне. Толькі такіх мала. Гэта была чэшская копія, называлася яна «Jolana D-bass». Я бачыў арыгінал гэтай гітары на альбоме 1972 года маёй любімай групы «Deep Purple», у якім была ўсім вядомая песня «Smoke On The Water». Мабыць, яна нават больш вядомая, чым «Go Golly Miss Molly», з якой я зноў выйшаў на сцэну пасля 32-гадовага перапынку. Але зблізку я ніколі не бачыў нічога падобнага. Мая сіняя «балалайка» той жа фірмы ніякага параўнання не вытрымлівала. Чамусьці ў сацыялістычных краінах гітары атрымліваліся не вельмі. Калі толькі іх не капіявалі.

А гэта была копія. Я потым прачытаў яе гісторыю. Паводле легенды, бас-гітара «Rickenbacker 4001» трапіла майстрам фірмы «Jolana» на адну ноч для рамонту. Нешта з ёй здарылася, калі заходняя група гастралявала ў Чэхаславакіі. На фірме абвясцілі баявую трывогу, разабралі і зноў сабралі гітару, злізалі ўсё, што паспелі. Аддалі інструмент у спраўным стане, а чарцяжы аддалі «ў работу». Копія атрымалася цудоўная. Праўда, былі невялікія адрозненні. Датчыкі (гуказдымальнікі) не разбіралі, таму выкарыстоўвалі аналагі ад знакамітых гітар «Fender Precision» і «Fender Jazz Bass». Ручкі для рэгулявання гучнасці і тэмбру скапіявалі з гітар «Gibson».

Але пра гэта я даведаўся потым. А пакуль перад сабой я бачыў выдатны інструмент у цвёрдым футляры. Справа была ў Мінску, у краме «Музыка» на Якуба Коласа, 39. Гэта месца ведаў кожны музыкант. Тут шмат што можна было набыць, калі ўдавалася «дастаць». Акрамя гітар «Fender», «Gibson», і тым больш «Rickenbacker». Заходнія інструменты і апаратура пастаўляліся ў Савецкі Саюз у адзінкавых экземплярах па спецзаказе. Напрыклад, для такіх ансамбляў, як «Песняры», якія тады гралі на заходнегерманскай апаратуры «Dynacord».

Калегі нашага бубнача Валодзі па музычнай школе, каб набыць інструменты, прывозілі загадчыцы крамы «Музыка» Тамара Паўлаўне лісты-хадайніцтвы, спрабавалі задобрыць яе рознымі спосабамі. Не ведаю, наколькі гэта дзейнічала. Але для шараговага пакупніка «злавіць» у краме нешта вартае было рэдкай удачай, якая ўсміхнулася мне ў той дзень.

Першыя некалькі хвілін, калі я пабачыў гэты цуд, я маўчаў, бо не мог закрыць рот, які раптам адкрыўся. Потым заявіў, што хачу купіць гэтую гітару. Каштавала яна 529 рублёў. Гэта былі чатыры мае месячныя зарплаты. Мне адказалі, што я не першы. Пакупнік, які прыйшоў перада мной, папрасіў яе пакінуць на 30 хвілін і пабег за грашыма. У мяне, зразумелая справа, грошай таксама не было. І было не вельмі шмат ідэй, дзе іх узяць. Тым не менш, я дамовіўся, што, калі 30 хвілін пройдуць і пакупнік не прыйдзе, ужо я пакіну гітару на 30 хвілін і пабягу за грашыма. Уявіце сабе, мабільных тэлефонаў тады не было. Я ўжо думаў, як знайду тэлефон-аўтамат і буду абзвоньваць сяброў з просьбай падвезці грошы на таксі. Мне здавалася, што нішто не зможа мяне спыніць.

Прайшло 10, 15, 20, 25 хвілін. Пакупнік прыйшоў з грашыма на 29-й хвіліне. Аблом. Гітара ў адкрытым продажы была адна. Трэба было сыходзіць, але ногі не ішлі. Пытаўся ў прадаўцоў, можа, будуць яшчэ такія гітары. Яны рабілі страшныя вочы і казалі, што нічога не ведаюць. Пытаўся ў пакупніка, можа, калі гітара яму не падыдзе, саступіць яе мне. Ён толькі ўсміхаўся. На ўсялякі выпадак даў яму свой тэлефон. Рабочы, хатнія тады былі рэдкасцю.

Дадому ехаў з цяжкім сэрцам. Як быццам атрымаў вестку аб буйным выйгрышы ў латарэю, якая не пацвердзілася. Праз пару дзён я супакоіўся. Мае сябры сказалі, што, калі ўжо я так загарэўся, то варта паглядзець, што прадаюць з рук. І я нават з’ездзіў паглядзець ужываны «Fender Precision» за тысячу з лішнім рублёў. Гітару купляць не наважыўся. Тым больш, што грошай такіх і блізка не было.

Саша і я. 

Саша і я. 


* * *

...Міла — наша выпускніца. Разумніца, прыгажуня, маладая мама. Мы запрасілі некалькі выпускнікоў, каб абмеркаваць, як лепш арганізаваць навагоднюю вечарынку для іх у канцы снежня 2018 года. Калі дайшлі да музыкі, я распавёў, якая патрэбна апаратура. На пытанне, адкуль я гэта ведаю, адказаў, што я — радыёфізік і былы музыкант, граў на бас-гітары і заўсёды адказваў у групе за апаратуру. І тут высвятляецца, што Міла — таксама бас-гітарыстка. І грае ў дзеючай групе — «The Kexies»! Яны граюць рок-н-рол, што можа быць лепш для танцаў і весялосці? Само сабой, запрашаем гурт да нас. Позні вечар у іх заняты, але яны паспяваюць у нас выступіць! Міла кажа, што я мог бы зайграць з імі якую-небудзь песню — і высылае мне пералік песень са спасылкамі.

Выбіраю «Good Golly Miss Molly», пазначана, што яна выконваецца ў ля мажор. Наогул, ля мажор — стандартная і зручная танальнасць у рок-н-роле. Любы джэм-сэшн (калі розныя музыкі граюць тое, што ў галаву прыйдзе, без рэпетыцыі) не абыходзіцца без такога рок-н-ролу. Думаю, на якім інструменце граць. Хвалююся, хоць песня вельмі простая. На гітары Мілы ці на сваёй? Дастаю сваю, якую набыў гадоў пяць таму. Рукі памятаюць. Вырашаю ўзяць яе.


* * *

...Тады, у 1984-м, мне ўсё ж патэлефанавалі на працу, калі ў абед мы з запалам гулялі ў шахматы. Гэта выглядала як атракцыён — два гульцы і мноства заўзятараў. Наш кіраўнік Уладзімір Іванавіч быў азартным шахматыстам, шмат хто з супрацоўнікаў, у тым ліку і я, — таксама, ды яшчэ да нас прыходзілі фанаты з іншых аддзелаў. Абед — 38 хвілін, трэба паспець збегаць у сталовую, хвілін 15 застаецца на гульню або на тое, каб заўзець. Гулялі бліц па 3 хвіліны. Добра, што ў момант званка я быў не за дошкай, інакш не ведаю, што б было. Мяне паклікалі, я падышоў да тэлефона.

— Прывітанне, я наконт гітары. Ты пакідаў мне тэлефон.

— Так?

— Ну, наконт той, што ў «Музыцы» ты глядзеў.

— Так?

— Ну так яна цябе цікавіць?

— Так!

— Я вось заехаў да сябра, ён яе за 750 браць не хоча.

— І што?

— Ды ты што, хворы? Будзеш браць за 750?

— Вазьму!

Вось так, не раздумваючы, некаторыя могуць і ажаніцца. Але мне трэба было дзесьці пазычыць 600 рублёў. Дамовіўся я з сябрамі хутка, і пасля працы ўжо ехаў у Зялёны Луг па сваю мару. Не ведаю як, але я здолеў спыніць спробу задраць цану шляхам «гандлю» паміж двума сябрамі-прадаўцамі. Я сказаў нешта накшталт таго, што, ці як дамовіліся, ці я з’язджаю. Наўрад ці б я з’ехаў, вядома. Але падзейнічала.

І вось я вязу мой цуд у цяжкім чорным футляры дадому. Гітара зручна ляжыць у сінім аксаміце, рэмень ачмуральна добры, уяўляю, што скажуць сябры. Я паслухаў яе пры куплі на слабой апаратуры, гук спадабаўся, але што будзе на маім апараце? Уключаю, слухаю. Абалдзець! Сіла! Гук доўжыцца секунд 30! Гэта называецца «сустэйн» і з’яўляецца прыкметай добрага інструмента. Тэмбр багаты, «сакавіты».

Наўрад ці б з мяне атрымаўся прафесійны музыка. Тут патрэбны адмысловы талент. Існуюць розныя тыпы памяці. У большасць людзей — пераважна зрокавая. А пераважна слыхавая — мала ў каго. Музыкі, па-мойму, — неверагодныя людзі. Зрокавая карцінка існуе ў кожны момант часу, яе можна зняць з дапамогай фотаапарата. А музыкі ў кожны момант часу не існуе. Яна з’яўляецца, вырастае з часу — самага таямнічага, што ёсць у нашым жыцці. Як сапраўдныя музыканты адчуваюць гэта — для мяне загадка.

А я падыходзіў да музыкі хутчэй матэматычна: рабіў табліцы акордаў, разбіраўся з інтэрваламі. Зразумеў, што можна «паверыць алгебрай гармонію», калі вывучыў тэмпераваны строй. Рабіў і правіў апаратуру, Сярогаў сінтэзатар, зрабілі для Лёнькі класную гітарную «прымочку» Overdrive з эквалайзерам па ўласнай схеме (прымочкамі музыкі на сваім слэнгу называлі прыстаўкі для апрацоўкі гуку). І працягваў граць. Неяк на выступе падыходзіць хлопец пытаецца:

— А чым ты апрацоўваеш гук бас-гітары, што за «прымочка»?

— Нічым.

— Як так, не можа быць!

— А вось так, уся справа ў гітары!

Я ганарыўся, але, як мне здаецца, нос не задзіраў. Хоць ні ў каго са знаёмых нават блізка не было такога інструмента. Гучала гітара магутна, разнастайна. Разам з барабанамі атрымлівалася вельмі моцна. Такі гук музыкі называлі «фірма». Граў я з сябрамі да 1987 года, а потым пайшло сямейнае жыццё, і не толькі ў мяне. Музыку давялося пакінуць. Часам цяпер спяваю пад гітару для сяброў. Але гэта іншая гітара. А сваю «Jolana D Bass» мне давялося прадаць дзесьці ў 1993-м, калі стала кепска з грашыма. Выручыў за яе 70 долараў.

Прайшоў час, у продажы з’явіліся любыя гітары на любы густ. Але «Rickenbacker» у нас можна купіць толькі па замове. Неяк апынуўся я ў Берліне ў складзе дэлегацыі юрыстаў. Зайшоў у музычную краму. Спыніўся каля белага «Rickenbacker». І ўспомніў, як я глядзеў на яго копію ў Мінску шмат гадоў таму. Мне тут жа далі інструмент у рукі, падключылі да ўзмацняльніка і прапанавалі паспрабаваць. Ад добрай гітары цяжка адарвацца. Дапамаглі калегі. Дзякуй ім, інакш я не ведаю, як бы я змог сысці.


* * *

...Музыкі настройваюць інструменты. Наша вечарынка хутка пачнецца. Я ўспамінаю, як гучыць басовая лінія. Бу-бу-бу-бу-бу-бу-бу-бу. Да гэтага я сыграў дома пад фанаграму. Завуць мяне на сцэну. Людзі прыходзяць. Трохі хвалююся. Значна больш, чым перад дыскусіяй ці лекцыяй. Бо прайшло 32 гады... Пачынаецца канцэрт. Гучна і заўзята. Падыходзіць чарга маёй песні. Выдаём яе разам. Гучыць! Хлопцы ціснуць мне руку. Кажуць: усё добра, і гітара класная!

Добры быў вечар. Дзякуй калегам, Міле і «The Kexies». Я адчуў сябе так, як 30 з лішнім гадоў таму. Запомню гэта пачуццё. Еду дадому з ім — і з гітарай. З маёй «Jolana D-Bass», якую я набыў з нагоды гадоў пяць таму. З гітарай, якая гучыць гэтак жа, як тады. І ў руках ляжыць гэтак жа. Гэта не тая гітара, якая была калісьці маёй, няма і таго футляру з сінім аксамітам унутры. І рэмень не той. Але пачуццё класнага інструмента тое ж.

Разумны чалавек скажа, што не варта марнаваць грошы на тое, што табе сёння не вельмі трэба. І мае рацыю. Але калі гаворка ідзе пра мару, эмоцыі бяруць верх над розумам. Асабліва, калі гэтая мара суправаджае цябе ўсё жыццё. Што тут рацыянальнага? Нічога!

Ну, ці амаль нічога.