Да 120-годдзя Максіма Гарэцкага: “Кожны крыж свой выбірае”
У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася літаратурная сустрэча “Кожны крыж свой выбірае”, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага і яго жонкі Леанілы Чарняўскай-Гарэцкай.
Фота Марата Гаравога
Гасцямі музея былі акадэмік Радзім Гарэцкі з жонкай Галінай і доктар тэхнічных навук, прафесар, сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч.
Сын Якуба Коласа — Міхась Міцкевіч і Гаўрылы Гарэцкага — Радзім Г арэцкі. Фота аўтара
Імёны братоў Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх дарагія сэрцу кожнага свядомага беларуса, бо гэтыя людзі спрабавалі прабіць шлях да сапраўднай Беларусі.
Жыццё Максіма Гарэцкага было заўчасна абарвана сталінскімі рэпрэсіямі. Яго ваенныя творы былі заўважаны за мяжой. Яго антываенныя апавяданні “Генерал” і “Рускі” параўноўваюцца з творамі Васіля Быкава “Мёртвым не баліць” і “Адна ноч”, аповесць “На імперыялістычнай вайне” — з творамі Эрыха Марыі Рэмарка, Анры Барбюса і Жоржа Дзюамеля. Жонка Максіма Гарэцкага Леаніла Чарняўская-Гарэцкая — беларуская пісьменніца, перакладчыца, педагог, аўтар чытанак для малодшых школьнікаў “Родны край”. Мастацкія вобразы, створаныя ёю ў апавяданнях, вызначаюцца пластычнасцю і тонкім псіхалагізмам.
Гаўрыла Гарэцкі — вядомы беларускі геолаг і географ, таксама быў высланы з роднай Беларусі і спазнаў цяжкасці выгнання. Данінай памяці дзядзьку Максіму і бацьку Гаўрылу стала кніга Радзіма Гарэцкага “Браты Гарэцкія” (2008), на старонках якой праз лёс адной сям’і прасочваецца лёс шматпакутнае Беларусі. З братамі Гарэцкімі Коласа лучылі не толькі працоўныя і творчыя, але і шчырыя сяброўскія стасункі. Сябравалі сем’ямі. Іх збліжалі настаўніцкія клопаты і пісьменніцкія прыхільнасці.
Падчас сустрэчы ў маі 1943 года з Якубам Коласам Гаўрыла Гарэцкі зрабіў такі запіс пра паэта: “Ад усёй яго істоты павеяла велізарнай стомленасцю, заклапочаннем, занятасцю. Нібы чалавек не сам сабе гаспадар. Нібы ўвесь час ён на людзях, без асабовага жыцця, увесь час на працы, — дзейнічае, а не жыве... Спаткаў мяне Якуб вельмі ласкава, прыветна…”.
Колас потым хадайнічаў аб вяртанні Гаўрылы Гарэцкага на Беларусь. Аднак ўлады не прыслухаліся да песняра. Навукоўцу дазволілі жыць і працаваць на Бацькаўшчыне толькі ў 1968 годзе.
Пад час сустрэчы ў музеі адкрылася выстава “Сябры майго далёкага юнацтва”, на якой прадстаўлены арыгіналы лістоў Якуба Коласа і ягонай жонкі Марыі Дзмітраўны Міцкевіч(Каменскай) да Леанілы Чарняўскай, Гаўрылы і Ларысы Гарэцкіх, рукапіс успамінаў дачкі Максіма Гарэцкага пра бацьку і роднага дзядзьку, выданні твораў Максіма Гарэцкага 1920-х гадоў, сямейныя фотаздымкі з дароўнымі надпісамі.
Акрамя таго, экспануецца інсталяцыя: пісьмовы стол з настольнай лямпай і кнігай Коласа “Рыбакова хата” з дароўным надпісам сям’і Гаўрылы і Ларысы Гарэцкіх, а таксама ліст ад песняра да іх. Каля стала — валёнкі Коласа, а на крэсле — ягоны беларускі кажух.
Пра гісторыю гэтых рэчаў распавяла галоўная захавальніца фондаў музея, праўнучка Коласа, Васіліна Міцкевіч. У лісце да Гарэцкіх Колас паведамляў пра тое, што цяжка хварэе грыпам, сядзіць на другім паверсе свайго дома за рабочым сталом у кажуху і валёнках і піша сваім дарагім сябрам вельмі цёплы, шчымлівы ліст з абяцаннем даслаць сваю кнігу “Рыбакова хата”… І гэтае абяцанне пясняр выканаў.
Радзім Гарэцкі, між іншым, распавёў пра ўрок выхавання, каторы атрымаў ад бацькі ў шасцігадовым узросце, — 4 сакавіка 1936 года:
— У гэты дзень сям’я адзначала гадавіну скону бабулі Ефрасінні Міхайлаўны, на пахаванне каторай бацьку не адпусцілі з ГУЛАГу. Тата вельмі любіў сваю маці за яе дабрату і песні, у гэты дзень успамінаў гады дзяцінства і быў вельмі самотны. А паколькі бацька не мог даклікацца мяне, бо я з сябрамі цікава гуляў, дык тата ўзяў мяне за руку і пацягнуў да ганка. На гэта я брыдка вылаяўся, за што бацька мяне моцна адлупцаваў. Першы раз у жыцці. На другі дзень я напісаў вялікімі літарамі свой першы ліст у жыцці: “Тата чорт і халера”, кінуў яго на куфэрак і збег з дому. Увечары бацька ласкава ўзяў мяне за руку, пасадзіў на калені і патлумачыў, што гэтая лаянка раней мела адпаведны сэнс і ўтрымлівала яшчэ слова “татарын”, з’явілася падчас мангольскага нашэсця, а цяпер уяўляе бязглуздзіцу — вялікі здзек з жанчын, мамы і бабулі. Я ўсё зразумеў і пасля больш ніколі не брыдкасловіў.
Фота Марата Гаравога