Беларуская мова: стрыманыя падставы для аптымізму

У чацвер, 21 лютага, у свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, які абвешчаны ЮНЕСКА дзеля садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю. У сувязі з гэтым карэспандэнты “Тэлеграфа” вырашылі паглядзець, у якім стане знаходзіцца ў Беларусі беларуская мова.



untitled4.jpg

Беларусы больш за беларускую мову, чым за рускую

Як паведаміў “Тэлеграфу” старшыня Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Алег Трусаў, 2012 год быў для беларускай мовы годам цікавым, але няпростым. "Мінулы год, як заўжды, быў годам няпростым. Тым не менш актыўнасць грамадства ў адносінах да мовы ў мінулым годзе значна вырасла. Пра гэта сведчыць, напрыклад, змаганне за вяртанне праязных у Мінску на беларускай мове. За два дні пытанне было вырашана. Тысячы людзей фактычна паднялі пратэст, і ўлады хуценька пайшлі назад. Ці, напрыклад, па білбордах. Я напісаў пратэст пракурору і атрымаў адказ, што пракуратура занялася, і генеральны пракурор даручыў пракурору Мінска разабрацца, хто скраў гэты білборд. Пра што гэта гаворыць? Пра тое, што людзі значна павысілі сваю актыўнасць у адносінах да мовы і культуры. Раней такога не было, а гэта самае галоўнае, што неабыякавых да мовы людзей, асабліва ў Мінску, стала шмат", — сказаў ён.

Паводле яго словаў, вельмі добра беларуская мова пашыраецца і ў інтэрнэце. "Да таго ж усе сацыялагічныя апытанні паказваюць, што большасць грамадзян Беларусі станоўча ставяцца да беларушчыны: 53%, 54%, 56% — раней такога не было. Больш за тое, большасць лічыць, што ўсе чыноўнікі абавязаны добра ведаць беларускую і рускую мовы. Тут ужо 80–90%. Калі апытвалі, ці пакінуць беларускую мову адной дзяржаўнай, рускую ці дзве мовы, большасць за дзве мовы, але за рускую менш, чым за беларускую . І там мала, і там, але за беларускую ў два разы людзей больш. Гэта таксама цікавы паказчык", — заявіў Алег Трусаў.

У сваю чаргу Ігар Случак, аўтар ідэі грамадзянскай ініцыятывы “Справаводства па-беларуску!”, таксама бачыць стрыманыя падставы для аптымізму. У прыватнасці, ён падкрэсліў, што "мінулы год відавочна не пагоршыў стан беларускай мовы". "Сітуацыя з шырокім ужываннем беларускай мовай настолькі складаная, што горш можа быць толькі заканадаўчая забарона беларускай мовы і пазбаўленне яе статуса дзяржаўнай. Тым не менш, беларуская мова зараз знаходзіцца ў стадыі, калі, у прынцыпе, яе знікненню пакуль нічога не пагражае, бо латэнтна яе ведае і пазітыўна да яе ставіцца большасць насельніцтва, а тыя, хто занепакоены яе станам, а таксама тыя, хто проста хоча яе большага выкарыстання, робяць пэўныя дзеянні па пашырэнні яе ўжывання. Безумоўна, калі сітуацыя не зменіцца, то мова знікне. А для таго, каб сітуацыя з мовай змянілася неабходна дзяржаўная падтрымка беларускай мовы, добрая рэклама беларускай мовы і пазітыўныя прыклады тых людзей, хто яе ўжывае", — сказаў ён.

Адзначыўшы, што на дзяржаўным узроўні пакуль нейкіх істотных станоўчых зрухаў не назіраецца, Ігар Случак паведаміў, што "самі грамадзяне ў сваім жыцці і ў працоўнай дзейнасці сваімі дзеяннямі і паводзінамі давалі падставы для стрыманага аптымізму".

"Беларуская мова пачала павялічваць сваю прысутнасць у спорце і рэкламе, а гэта вельмі важныя сегменты, бо звычайны беларус далёкі ад грамадска-палітычных спраў, але са спортам у тым ці іншым выглядзе, а асабліва з рэкламай ён сутыкаецца кожны дзень. Беларуская мова пачынае асацыявацца не толькі са школьнай праграмай, пройдзенай і паспяхова забытай шмат год таму, але з сучаснасцю і паўсядзённасцю, яна становіцца натуральнай для ўспрыняцця. Вельмі файную працу ў папулярызацыі беларускай мовы робіць кампанія “Будзьма!”, гэта сапраўды флагман па папулярызацыі беларускай мовы ў Беларусі. Мы самі ў шмат чым бярэм з іх прыклад, бо яны развіваюць і прасоўваюць беларускую мову як прывабную і сучасную, сучаснымі сродкамі і яна цікавая і зразумелая маладым беларусам. Мы таксама падзяляем гэты падыход", — сказаў ініцыятар "Справаводства па-беларуску!".

Уразіў яго таксама і шэраг іншых момантаў. "Напрыклад рэкламныя шчыты “Мо-ва = ма-ма”, што з’явіліся па ўсёй Беларусі. Яны вельмі файныя і смелыя, бо гэта настолькі моцная і, шчыра, несумленная, рэклама, што я б ніколі не вырашыў бы яе прапаноўваць, яна ўздзейнічае на пачуцці людзей і таму вельмі эфектыўная. Але яны з’явіліся, і гэта добра", — заявіў Ігар Случак.

Пры гэтым ён адзначыў, што "многія людзі, ад якіх бы я ніколі не чакаў беларускага слова, пішуць мне па-беларуску, пачынаюць размаўляць па-беларуску і папракаць мяне, што я сам не па-беларуску размаўляў у тым ці іншым выпадку". "Гэта вельмі файна! Да таго ж я даведаўся, што шмат простых беларусаў выкарыстоўваюць беларускую мову ў сваім жыцці час ад часу, бо ім гэта проста цікава. Гэта значыць што мова жыве, мова запатрабаваная, а мы можам яе пашыраць, у першую чаргу, праз пазітыўныя прыклады і добрую рэкламу", — падкрэсліў грамадскі актывіст.

Станоўчыя змены ёсць

Кажучы пра вынікі працы, Алег Трусаў адзначыў, што ў 2012 годзе ТБМ дамаглося прыняцця новага закону аб скаргах грамадзян і асоб. "Там напісана, што на якой мове напісана, на такой мове і павінны адказваць. Гадоў пяць за гэта змагаліся. ТБМ таксама выдала правілы дарожнага руху па-беларуску і фактычна іх узаконіла. У розных сферах ёсць пэўныя зрухі да лепшага", — сказаў ён.

Адзначыў старшыня ТБМ і станоўчы досвед працы з дзяржаўнымі органамі. "Білборды хто замовіў? Латушка (былы міністр культуры Павел Латушка — “Тэлеграф”) замовіў. Грошы былі заплачаныя міністэрствам культуры. Колькі было розных музейных форумаў і гэтак далей. Гэта значыць, у галіне культуры былы міністр пакінуў вельмі добрую спадчыну. Ён сам размаўляў у любой сітуацыі па-беларуску, і чыноўнікі ўсе размаўлялі. Дай Бог гэтаму новаму міністру захаваць пазіцыі старога. Нядаўна атрымалі вельмі добры ліст і ад намесніка міністра гандлю, каб ва ўсіх рэстаранах было меню ў тым ліку і на беларускай мове. Мы паўгады гэтым пытаннем займаліся і, нарэшце, яго вырашылі. Усюды ўводзяць ангельскую мову, а беларускую не ўводзяць. Але вось мы пасля працяглай перапіскі атрымалі адказ, што яны настойліва будуць раіць, каб усе кавярні і рэстараны, асабліва ў наступным годзе, беларускую мову разам з англійскай ужывалі", — паведаміў Алег Трусаў.

У сваю чаргу Ігар Случак лічыць добрым вынікам ужо тое, што працягвае існаваць “Справаводства па-беларуску!”, якая не з'яўляецца арганізацыяй, а дэцэнтралізаванаяй ініцыятывай без кіраўнікоў і падначаленых.

"Людзі самі прапануюць ідэі, нешта прыдумваюць, робяць. Хтосьці прыходзіць ці сыходзіць, хтосьці больш актыўны, хтосьці менш. Але ініцыятыва існуе і гэта файна. Канечне, сацыяльныя сеткі тут маюць вялікую ролю, бо праз адпаведныя суполкі людзі могуць аўтаномна абменьвацца ідэямі і проста камунікаваць па цікавай тэме. Добрым вынікам з’яўляецца і тое, што ў мінулым годзе атрымалася арганізаваць сваю футбольную каманду і правесці некалькі футбольных турніраў. Гэтым мы паказалі, што мова гэта не толькі кнігі, але і спорт, і актыўны лад жыцця. Часта апаненты вельмі папракаюць ініцыятыву за вялікі піяр, але, калі летам 2012 ініцыятыва атрымала трэцяе месца на фестывалі беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK, я ўпэўніўся, што мы на правільным накірунку. Можна рабіць добрую працу, але калі не данасіць яе вынікі да людзей, то і аддача ад яе будзе мінімальнай. Задача ж ініцыятывы — пашырэнне ўжытку беларускай мовы ў грамадстве, і добрая рэклама ў наш час — гэта адна з частак поспеху, да таго ж яна заахвочвае іншых далучацца да ініцыятывы", — сказаў ён.

Акрамя гэтага, адзначыў ініцыятар "Справаводства па-беларуску!", за год атрымалася завязаць добрыя стасункі з некаторымі чыноўнікамі, якія пазітыўна ставяцца да ініцыятывы і гатовы падтрымліваць яе ідэі. "Спадзяемся, плануемыя скарачэнні дзяржапарату іх не закрануць і мы працягнем пачатае ў 2013 годзе. Адна з асноўных задач ініцыятывы — агучваць праблему ці слабыя месцы ў галіне беларускай мовы і прапаноўваць шляхі для іх вырашэння, і думаю, гэтую задачу мы даволі добра выканалі ў 2012 годзе", — сказаў ён.

Ігар Случак таксама дадаў, што на мінулых парламенцкіх выбарах ён удзельнічаў у якасці кандыдата ў дэпутаты. "Так сталася, што быў адзіным кандыдатам з Гомельскай вобласці, што праводзіў усю сваю агітацыю па-беларуску. Адным з асноўных пунктаў праграмы таксама было пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і замацавання статусу беларускай мовы. Гэта была добрая магчымасць са старонак дзяржгазет, з экранаў дзяржканалаў, праз агітацыю данесці беларускае слова і праблему беларускай мовы ў кожны дом, і грэх такой магчымасцю было не скарыстацца. І мне сумна, што многія барацьбіты за беларускую мову могуць рабіць гэту барацьбу толькі на словах ці за экранамі камп’ютэраў, не выкарыстоўваюць магчымасці прамой камунікацыі з людзьмі, дзеля якіх, па іх словах, яны і працуюць. А людзі ў рэальным жыцці — гэта зусім не тыя людзі, якіх мы ўяўляем. Выбарчая кампанія дазволіла сапраўды пазнаёміцца з тымі, дзеля каго мы працуем. Раю і іншым, хто лічыць, што працуе для народа, ад імя народа прыйсці да гэтага народа", — адзначыў актывіст.

Адмоўная тэндэнцыя — школа

Галоўнай адмоўнай тэндэнцыяй у сітуацыі з беларускай мовай старшыня ТБМ лічыць заняпад беларускамоўнай адукацыі. "Міністэрства адукацыі дае адпіскі і не спрыяе развіццю беларускамоўнай адукацыі. Таму колькасць дзяцей, якія вучацца па-беларуску, з кожным годам змяншаецца, а не павялічваецца. І калі ў галіне культуры зрухі да лепшага, то ў галіне адукацыі да горшага", — сказаў ён.

"Кожны год мы губляем 1–2%, тым больш, што масава закрываюцца вясковыя школы, якія беларускамоўныя. А ў гарадах жа рускамоўныя. Таму знікае вёска, знікае і адукацыя", — адзначыў Алег Трусаў.

Афіцыйную ж статыстыку па стане беларускамоўнай адукацыі прывёў напярэдадні 21 лютага Нацыянальны статыстычна камітэт. Так, у Беларусі на беларускай мове ў школах навучаецца толькі 151 тыс. вучняў, ці 16,4% усіх школьнікаў. У дзіцячых садках па-беларуску навучаецца 11,4% дзяцей, па-беларуску і па-руску — 3,8%. Ва ўстановах сярэднеспецыяльнай адукацыі навучаецца на беларускай мове 1,4 тыс. навучэнцаў (0,9%), на рускай і беларускай — 22 тыс. (14,6%). У ВНУ на беларускай мове навучаецца 0,7 тыс. студэнтаў (0,2%), на рускай і беларускай — 160 тыс. (37,4%).

Разам з гэтым Алег Трусаў паведаміў, што ў 2012 годзе актывісты ТБМ дамагліся адкрыцця шэрагу беларускамоўных навучальных устаноў. "Лепей працуюць ТБМаўцы на Гарадзеншчыне. У мінулым годзе адчынілі ў вобласці 20 класаў і некалькі садкоў. У Лідзе — 2 класы і два садкі, у Ашмянах і гэтак далей. Гарадзеншчына дае станоўчы прыклад. У іншых абласцях хваліцца няма чым. Найгоршая сітуацыя, мабыць, на Магілёўшчыне. Там толькі адзін дзіцёнак вучыцца ў Магілёве. На Берасцейшчыне і Віцебшчыне амаль тое самае. На Меншчыне сітуацыя лепш, у Мінску — яна стабільная. Колькасць беларускамоўных дзяцей у Менску не скарачаецца. Нават крышачку павялічваецца. Менск трымае пазіцыі", — падкрэсліў ён.

Што тычыцца беларускамоўнага друку, то, паводле Белстату, толькі 9% найменняў кніг і брашураў, выдадзеных у 2011 годзе, былі на беларускай мове (па-руску — 85%). Сярод часопісаў і іншых перыядычных выданняў па-беларуску выходзіла ў 2011 годзе толькі 17% (па-руску — 81%). Доля газет на беларускай мове ў 2011 годзе склала толькі 26% (на рускай мове — 73%). Перадумалі выпускаць цалкам на беларускай мове і канал пра культуры "Беларусь 3", які пачаў вяшчанне 8 лютага.

"Гэта яшчэ раз гаворыць пра тое, што адна справа лозунгі даваць, а другая — зрабіць канкрэтную справу. Вунь "Белсат" па ініцыятыве ТБМ пяць год працуе і праблем не мае. А тут вельмі баяцца браць на тэлевізію свядомых патрыётаў, а несвядомыя ніякай мовы не ведаюць, альбо матам рускім лаюцца, альбо на трасянцы. І ўвесь іхны патэнцыял", — адзначыў Алег Трусаў.

Між тым, на думку Ігара Случака, "істотных адмоўных тэндэнцый няма, бо пазітыўных тэндэнцый ня вельмі шмат, ды і ў цэлым сітуацыя складаная".

"Шкада, канечне, што ў той час, калі з’яўляюцца новыя людзі, кампаніі, ініцыятывы, што займаюцца прасоўваннем і развіццём беларускай мовы, адначасова знікаюць ці маргіналізуюцца іншыя. Як самы трагічны прыклад можна назваць Таварыства беларускай мовы. Калі напачатку 90-х гэта быў флагман беларускага Адраджэння, то зараз гэта проста фіктыўная арганізацыя пенсіянераў і невялікай часткі памяркоўнай моладзі, якія ўспамінаюць былое, зусім забыўшыся на тое, што свет змяніўся і метады працы змяніліся таксама. У любой дзейнасці адсутнасць ратацыі кадраў, завышаная самаацэнка і нежаданне слухаць іншага, адсутнасць унутрыарганізацыйнага дэмакратызму і нежадання працаваць па-новаму прыводзіць да крызісу і заняпаду. Гэта адносіцца як да дзяржаў, так і арганізацый", — лічыць ён.

Планы на 2013 года: ад паштовак да выбараў

Гаворачы пра планы ТБМ на 2013 год, Алег Трусаў распавёў пра пачатак шостай агульнанацыянальнай дыктоўкі. "Некаторыя суполкі ўжо пачалі пісаць дыктоўкі, прысвечаныя паўстанню Каліноўскага. 21 лютага — у Дзень роднай мовы — мы праводзім дыктоўку да юбілею Максіма Гарэцкага. Наступная дыктоўка будзе прысвечаная Кірыле Тураўскаму — 900 гадоў. Мы запланавалі выдаць чатыры паштоўкі з выявамі Кірылы Тураўскага, Вацлава Ластоўскага, Янкі Маўра і Максіма Гарэцкага. Кожную паштоўку будзем распаўсюджваць па 500 асобнікаў", — сказаў ён.

"Таксама выйшаў у мінулым годзе сёмы нумар моладзевага часопіса "Верасень", заснаванага ТБМ. Зараз рыхтуецца восьмы. Выходзяць дзве газеты ТБМ — "Наша слова" і "Новы час", рыхтуецца "Лідскі летапісец" у Лідзе. У мінулым годзе мы правялі краязнаўчую канферэнцыю і выдалі кнігу. Вельмі плённае супрацоўніцтва з міністэрствам сувязі і інфарматызацыі. Усе нашы просьбы міністэрства падтрымлівае, у тым ліку канверт з гашэннем Каліноўскага. Будуць канверты з выявай Язэпа Драздовіча, Сяргея Грахоўскага і гэтак далей. У розных накірунках сітуацыя розная, але пад ляжачы камень вада не цячэ. Калі людзі праяўляюць пэўную актыўнасць, то перамога даволі хутка адбываецца", — падкрэсліў Алег Трусаў.

"Справаводства па-беларуску!" ў 2013 годзе плануе ў першую чаргу працягваць працу у накірунку лабіравання змен у заканадаўстве і нарматыўных актах, што рэгулююць спорт, рэкламу, ахову правоў спажыўцоў, "бо з пункту погляду рэкламы і прасоўванне самой беларускай мовы гэта самыя перспектыўныя сферы і накірункі, зразумелыя звычайнаму беларусу".

"Працягнем таксама працу з чыноўнікамі ўсіх узроўняў, бо нават калі ў нас ёсць разыходжанні па адных пытаннях, мы можам знайсці кропкі судакранання па іншых. Яны таксама беларусы, і ўпэўнены, што для большасці з іх беларуская мова родная і ўспрымаецца пазітыўна. Але хто не грукае, таму не адкрыюць. Таму мы гатовыя супрацоўнічаць на карысць беларускай мовы з усімі зацікаўленымі асобамі і арганізацыямі. Таксама ў 2013–2014 гадах будуць выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў і давыбары ў Палату прадстаўнікоў, і я, безумоўна, прыму ўдзел у гэтых выбарах, бо нельга не выкарыстаць гэту магчымасць прамой камунікацыі з беларусамі, спадзяюся, і іншыя прыхільнікі ініцыятывы падтрымаюць мяне і выставяць свае кандыдатуры. Таму і падрыхтоўка да выбараў у планах кампаніі ў гэтым годзе з’яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў", — заявіў Ігар Случак.

На яго думку, у 2013 годзе ўлада зверне большую ўвагу на беларускую мову і пачнецца яе некаторая падтрымка. "Гэта даўно патрэбна было зрабіць, бо такім чынам пры невялікіх затратах будзе выбіта глеба для дыскусій некаторых апанентаў улады, бо, на жаль, большасць актыўных праціўнікаў дзейснай улады крытыкуе яе за дрэнную нацыянальную палітыку, апускаючы пытанні сацыяльна-эканамічнага і палітычнага характару, бо гэтыя пытанні больш складаныя і патрабуюць большай падрыхтоўкі, чым паўтараць прамову Багушэвіча і маліцца на бел-чырвона-белы сцяг, які я таксама вельмі паважаю. Але дзяржава складаецца не толькі з мовы і культуры. Напрыклад, у той жа Эстоніі ў 30-я гады быў той жа рэжым, што і ў Беларусі зараз, за выключэннем таго, што вялікая ўвага надавалася нацыянальнаму будаванню, развіццю мовы і культуры. Але ўсё адно гэта прывяло Эстонію да далучэння да Расіі—СССР. Дзяржава грунтуецца і трымаецца не толькі на мове і культуры, але ў першую чаргу на развітай і вольнай грамадзянскай супольнасці, дзе кожная асоба ўсведамляе і цэніць сваю значнасць, дзе паважаюцца правы і свабоды грамадзян, дзе кожны мае права на слова супраць і гэта слова будзе пачутае і ўспрынятае", — сказаў ён.

"Але без мовы і культуры дзяржава таксама існаваць не можа, страціўшы карані, а пасля дзяржаўнасць, у людзей не будзе пасля магчымасці і грунту для таго, каб гэту дзяржаўнасць аднавіць. Зараз для Беларусі складаныя часы. Дзяржаўная ідэалогія штучная і грамадствам не ўспрымаецца. І гэта разумеюць у першую чаргу тыя, хто гэту ідэалогію распрацоўвае і спрабуе ўвесці ў жыццё. Таму, на маю думку, лагічным будзе, што дзяржава, не мяняючы свайго палітычнага курса, паспрабуе ўпісаць у яго беларускі нацыянальны фактар, а разам з ім і мову. Падаецца, што з гэтага года ў тым ці іншым выглядзе гэта ідэя пачне рэалізоўвацца", — мяркуе ініцыятар "Справаводства па-беларуску!".

telegraf.by