Дударскі клуб: жэняцца ўсе! (відэа)
Дударскі клуб правёў абрад жаніцьбы Цярэшкі ў клубе «Бруге» 10 студзеня. Як вясковы звычай прыжыўся ў горадзе?
Пра калядную абрадавую гульню моладзі «жаніцьба Цярэшкі» з паўночнай Беларусі «Новы час» нядаўна пісаў. Таму не будзем паўтарацца, адзначым толькі, што падчас абраду ўдзельнікі сімвалічна пераўвасабляюцца ў продкаў (завуць адно аднаго «дзядулечкам» і «бабулечкай»), а іх дзянні (імклівы рух – скручванні ў танцы, бег) павінны спрыяць плоднасці і ўрадлівасці на будучы год ва ўсіх сферах. У Мінску жаніцьба Цярэшкі прайшла чацвертым разам. У 2014-м першым у сталіцы яе зладзіў танцавальны клуб «Сіта». Да таго сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства ездзілі «жаніцца» на Лепельшчыну. Ужо некалькі гадоў абрад праводзяць і ў Віцебску.
Сёлета «бацькам» і «маткай», што падбіраюць пары і кіруюць ходам гульні, былі Яўген Барышнікаў і Вольга Фёдарава. Ажанілі і тых, хто збіраўся, і тых, хто прыйшоў на сустрэчу Дударскага клуба проста патанчыць, і нават журналістаў, што асвятлялі імпрэзу. Па ходзе справы праводзілі «інструктаж». «Жанілася» 13 пар, большасць «бабулек» і «дзядулек» удзельнічала ў Цярэшцы ўпершыню. Істотны момант – ад выбраннай «бацькамі» пары нельга адмаўляцца, нават калі чалавек не дужа падабаецца. «Сваю антыпатыю вы можаце прадэманстраваць падчас «лоўлі» пары прыпеўкамі, – казаў Яўген Барышнікаў, – альбо збегчы хоць да літоўскай мяжы». Некаторыя «дзядулькі», наадварот, так упадабалі сваіх «бабулек», што нават не ўцякалі.
Чытайце таксама:
«Жаніцьба Цярэшкі»: магія беларускага секс-сімвалу
З этнаграфічных крыніц і расповедаў старэйшых інфармантаў вядома і пра выпадкі пераборлівасці «бабулек» і «дзядулек», і пра скарэнне волі цярэшкаўскіх «бацькі» з «маткай» (стаўленне як да сапраўдных бацькоў). Вось што распавяла Алена Міхайлаўна Шчэбет (1932 г. н.) пра Цярэшку, якая доўжылася ажно 3 дні, у вёсцы Харашкі пад Глыбокім на пачатку 1950-х:
– А калі хлопец не спадабаўся, то што рабіць?
– А нада маўчаць. Сапраціўляцца нельзя. Гэта бацькі, іхнае слова – закон. Вот.
– А калі кагосьці злучылі, не панравіліся, то ці было такое, што на другі-трэці дзень не прыхадзілі?
– Не, такога не было. Усё роўна прыхадзілі. І вот я ўсё роўна. Як гэтат вечар помню, з гэтым хлопцам я адбыла, а назаўтра я прыхаджу – я ўсё роўна далжна садзіцца з тым, каго выбралі. А ўжо на танцах – тады ужо ўсё. На танцах ужо могуць танцаваць як хочаш. Но за сталом сядзець далжны.
Што да будучыні «ажэненных», як сказаў Яўген Барышнікаў, «Дударскі клуб адказнасці не нясе, усё залежыць ад вас. На вяселле запрасіце, калі што».
Пасля вясковых Цярэшак пары даволі часта жаніліся па-сапраўднаму, бо падбіралі іх па ўжо існых сімпатыях. Правёўшы міні-апытанне ў Кантакце, я высветліла, што большасць ведае пары з сучаснай моладзі, якія стварылі сям’ю пасля ўдзелу ў Цярэшцы. Праўда, часам маладыя сустракаліся яшчэ да абраду, не абавязкова там жа і пазнаёміліся. Але ў наш бурлівы век тое, што пара сустракаецца, нават даволі доўга, яшчэ не значыць, што ажэніцца.
Наколькі вясковы абрад можа «прыжыцца» на гарадской глебе? Некалькі прыхільнікаў традыцыйнай культуры падзяліліся меркаваннямі.
Святлана Клепікава, сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства: «Гледзячы, што за людзі прыйдуць «жаніцца», ці яны ведаюць сэнс абраду. Агулам, гэта рэгіянальны звычай. Калі Цярэшку робяць у Гомелі – я супраць. Калі ў якім Лепелі, ці Ушачах, ці ў Полацку, то канешне. Можна рабіць этнадыскатэку, але калі гэта абрад, то варта спачатку адукоўваць. Традыцыйныя людзі гэта ведалі з маленства. Ім не трэба было тлумачыць, што гэта гульня, але гульня сакральная. Так бы мовіць, ігры багоў. І што гэта абарачэнне ў продкаў. І што «Лявоніха» – абрадавы танец. І што трэба ведаць прыпеўкі. Але канешне ад гарадской «жаніцьбы» нейкая карысьць будзе – людзі хоць краем вуха пачуюць, што ё такі абрад; але я супраць прафанацыяў. Калі ставішся да дзеяння як да абраду, то ўсё працуе».
Барыс Шчука,прадстаўнік Вольнага архіва: «Не бачу прычынаў, каб жаніцьба Цярэшкі мела сакральны сэнс для сучаснай гарадской моладзі. Па-першае, ужо нават на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў гэта не было нейкім святым дзеяннем, але гульнёй, хай сабе і часава прымеркаванай да Крывых вечароў (рэд.: Калядаў). Па-другое, сучасная моладзь збольшага нерэлігійная, а калі і рэлігійная, то належыць не да тых канфесій, якія маглі б прызнаваць архаічную паганскую гульню за святое дзеянне. Таму хай бы жаніцьба Цярэшкі была проста карыснай сацыялізацыйнай гульнёй. Для мяне традыцыя – гэта працэс перадачы карысных ведаў і ўменняў, а не «як раней было». Калі проста знаёміць людзей з тым, як было, гэта ў большасці выпадкаў не прыносіць ім практычнай карысці. Старыя формы ўзаемадзеяння не адродзяцца, і няма дурных (сярод звычайных людзей) займацца іх адраджэннем. Жаніцьба Цярэшкі будзе мець сапраўдную традыцыйнасць не тады, калі яе рэканструяваць «як правільна», а калі яна адаптуецца формай да сучаснасці і стане эфектыўным, карысным інструментам. Напрыклад, інструментам пошуку шлюбнай пары аналагічна speed dating. Але ў такім выпадку можа давесціся адмовіцца ад многіх «кананічных» элементаў гэтай гульні (ці перапрацаваць іх), ад прымеркаванасці да Калядаў, а то і ад самой назвы. Любая сапраўды традыцыйная культурная з’ява вырашае рэальныя праблемы, адпаведныя свайму часу».
Таццяна Валодзіна, доктар філалагічных навук, супрацоўніца НАН Беларусі: «Ці варта сёння чакаць сакральнага ад праяў традыцыйнай культуры? Ці лепш засяродзіцца на грамадскіх чынніках? Нават у візіце да Вечнага агню застаецца элемент трансцэндэнтнага, жаданне далучыцца да чагосьці, што знаходзіцца па-за межамі штодзённасці. Хай сабе сёння, жэнячы Цярэшку ў гарадскім пабе, моладзь адно гуляецца, усё роўна застаецца разуменне, што гэта не проста дыскатэка».
Аўтар Арцём Лява
Сустрэчы Дударскага клуба адбываюцца раз на некалькі тыдняў. Уваход вольны для ўсіх дзякуючы ахвяраванням. Падтрымаць Дударскі клуб можна на Талацэ. За навінамі можна сачыць у суполках у УКантакце і Фэйсбуку.
"У тых,хто не ажаніўся на Дударскім клубе, яшчэ будзе магчымасць:
13 студзеня ў сельскіх клубах вёсак Вялікі Поўсвіж і Велеўшчына Лепельскага раёна
18 студзеня ў мінскім арт-цэнтры «Корпус»
21 студзеня ў віцебскім арт-пабе Torvald.