«Пакуль у свядомасці БССР, пра «велічныя літвінскія вільні» марыць смешна»

На канцэрце MARTIAL WINTER 20 студзеня ў мінскім клубе «Бруге» адыграюць гурты ALFAR, DIABOLIZM, OSTERWEG, PRAGNAVIT, PIAREVARACIEŃ. Заснавальнік ritual ethnic dark ambient праекта PRAGNAVIT, магілёвец Міхал Вараб’ёў, распавёў пра планы на выступ, а таксама падзяліўся бачаннем беларускай ідэнтычнасці.

Фота Андрэя Чорнага

Фота Андрэя Чорнага

— Я вырашыў паказаць адну старую кампазіцыю, каб была сувязь з папярэднім рэпертуарам PRAGNAVIT, а збольшага будзе новая праграма, музыка, што яшчэ не гучала публічна. Выступ будзе суправаджацца відэашэрагам, праграма працягласцю больш за 40 хвілін. Здымалі некалькі дзён, нават нядоўгія маразы заспелі, працуючы напалову аголенымі перад камерамі. Апошнія здымкі адобрыў лясны крумкач, зрабіўшы кола над фінальнымі кадрамі. Потым з відэашэрагу плануем зрабіць кліп, а музычную частку выдаць на дыску. 

Музыка PRAGNAVIT застанецца такім жа рытуальным фолькам, але з большай паглыбленнасцю ў архаіку, з выкарыстаннем народных старадаўніх інструментаў ды рытуальнай перкусіі. Для гурта праграма новая не толькі ў музычным сэнсе, а і ў плане сцэнічнага дзеяння: будуць рытуальныя элементы нашай старабалцкай духоўнай спадчыны, да якой мы звяртаемся і ў музыцы. У сцэнічным складзе цяпер, акрамя мяне, некалькі беларусаў і адзін удзельнік з Украіны.


Міхал Вараб’ёў. Фота з сацсетак

Міхал Вараб’ёў. Фота з сацсетак


— Неяк больш звыкла ўспрымаць PRAGNAVIT як one-man band, а тут цэлая каманда, атрымліваецца, выйдзе на сцэну… Склад агучыце?

— Пакуль не, яшчэ вядуцца перамовы. Я стваральнік PRAGNAVIT, раблю музыку з выкарыстаннем аўтарскіх электронных сэмплаў. Сам іх запісваю, сам апрацоўваю. Для момантаў, дзе трэба акрэсліць пэўную меладычную лінію, канешне карыстаюся нейтральнымі тэмбрамі ды запрашаю музыкаў, што граюць на старадаўніх іструментах: дудзе, ліры…

Фота Андрэя Чорнага

Фота Андрэя Чорнага

 — Хоць вы самі і адмаўляеце, ваш імідж у апошні час даволі моцна памяняўся. Ці гэта адбілася на музычнай творчасці?

— Усё рабілася паступова, не адразу ж я забіў палову цела татуіроўкамі ды накачаў мускулатуру. Што да сувязі майго выгляду з творчасцю, асабліва яе не адчуваю. Змены ў творчасці адбываюцца хутчэй ад таго, у што я больш паглыбляюся: цяпер мне падабаецца не толькі працаваць з аўтэнтычным матэрыялам, але і самому вынаходзіць пэўныя гукавыя прасторы. Да таго ж, часта шпацырую па лесе на самоце з плэерам… Калі знаходжуся ў такім адмысловым стане, прыходзіць натхненне, ідэі…

26793770_1588527451217040_310400836_n.jpg


— Я сама родам з Магілёва, часта сутыкаюся з думкай, што гэта амаль Расія, са здзіўленнем наконт сваёй беларускамоўнасці, якая дасюль чамусьці асацыюецца з заходнебеларускім паходжаннем… Як праект PRAGNAVIT упісваецца ў культурны ландшафт Усходняй Беларусі?

— Я прытрымліваюся такой іерархіі ідэнтычнасцяў: Крыўя як наш выток, потым цывілізацыйны этап Вялікай Літвы і сённяшняя дзяржава Беларусь. Нацыя беларусаў з апірышчам на крыўскасць і вялікалітоўскасць. Я не бачу тут супярэчнасцяў, кшталту таго, што беларусы — гэта штучная нацыя, створанная нібыта злоснымі маскалямі, каб адарваць нас ад старалітоўскіх каранёў. Няма сэнсу і спрачацца з сучаснымі літоўцамі, спадчына Вялікага княства Літоўскага — супольная. Пытанне ідэнтычнасці агулам даволі неадназначнае. Але ж няма сэнсу адмаўляць этап, хай і штучнага, палітычнага, нацыятварэння сучасных беларусаў. Але кропку ў працэсе будавання нашай ідэнтычнасці, можна паставіць толькі тады, «беларускі» наратыў будзе ачышчаны ад «саветчыны». Пакуль будзе жыць культывацыя БССР у масавай свядомасці, пра «велічныя літвінскія вільні» марыць проста смешна. Як я кажу звычайна асабліва апантаным жмудаборам-літвіністам, — вы, сябры, зрабіце спачатку беларускім хаця бы ваш райцэнтр, а потым ужо кажыце за «Вільня наша»!
— Наколькі можна казаць аб Магілёўшчыне як частцы Крывіі? У нас жылі акрамя крывічоў і дрыгавічы, і радзімічы, межы між племяннымі саюзамі былі няўстойлівымі…

— Для нас, «усходнікаў», менавіта Полацк — гэта рэгіянальны цэнтр, сталіца. Полаччына — зямля, дзе скандынавы разам з мясцовымі балтамі заснавалі першае дзяржаўнае ўтварэнне на нашых землях. Мы ўсё б’емся за Вільню-Вільнюс, а з пункту гледжання «ўсходніка» гэты горад — дзяржаўны цэнтр, але не блізкакрэўны. Вось Полаччына — больш наша тэма, нардычная і менавіта балцкая. Бо крывічы, як пераканаўча сведчаць даследванні, з’яўляюцца менавіта славянізаванымі балтамі. І, дарэчы, я зусім не супрацьпастаўляю «віленскую тэму» полацкай. Гэта ўсё часткі нашай спадчыны, якую можна аб’яднаць у свядомасці з дапамогай шматузроўневай ідэнтычнасці.